Меркаваньнi дасьледнiкаў веравызнаўчых адносiнаў у Лiтве ў XVI ст. былi ўлiчаны ў новым выданьнi згаданай працы, якое пабачыла сьвет празь пятнаццаць гадоў, а таксама ў наступным выданьнi 1990 г. [82]. Але, тым ня менш, па-ранейшаму трэба ўлiчваць цесную сувязь спэцыфiкi рознаканфэсiйных рухаў у Вялiкiм Княстве з тагачаснай [83]дзяржавай, што ахоплiвала беларускiя i летувiскiя землi, i пры разглядзе сувязяў памiж хрысьцiянскiмi веравызнаньнямi ў XVI-стагодняй Эўропе, а таксама каталiцызмам i пратэстантызмам у яго розных варыянтах памiж Трыдэнтам i першым ватыканскiм саборам. Калi мы гаворым аб занадта сфармалiзаваных ацэнках у гiстарыяграфii, варта зьвярнуць увагу на атаясамленьне ў працах савецкiх дасьледнiкаў сёньняшнiх адносiнаў з тымi, якiм налiчваецца некалькi стагодзьдзяў: я маю на ўвазе схематычнае тарнаваньне перадусiм пайма «Лiтва» ў ейных сёньняшнiх межах да сытуацыi, што склалася ў часы Ягайлы. Мяжа памiж гэтай рэспублiкай i Беларусяй, што стаўляе Салечнiкi на адным баку, а Беняконi на другiм, нiколi не iснавала i ёсьць адно вынiкам распаду Савецкага Саюзу. Вiленшчына i Наваградчына заўсёды станавiлi сабой цэласьць з узаемна пранiкаючым славянска-балтыйскiм насельнiцтвам, прычым першае адыгрывала дамiнуючую ролю як у сталiцы Вялiкага Княства, так i ў яе ваколiцах таксама i пасьля ўпадку шляхецкай дзяржаўнасьцi. Пiсаньнi аб замежнай палiтыцы Летувы цi навуцы ў Летуве ў XVI ст., а таксама аб езуiтах у Беларусi за часоў Вазаў толькi заблытваюць сапраўдны стан рэчаў [84].
Таму, пераходзячы да адметных элемэнтаў i чужых уплываў у рэфармацыйным руху — асаблiвую ўвагу зьвяртаючы на рэфармаваны эвангелiзм, якi захоўваўся найдаўжэй i быў адаптаваны грамадзтвам, пачаўшы выконваць спэцыяльную ролю нават пасьля ўзнаўленьня незалежнасьцi ў пэрыядзе памiж дзьвюма сусьветнымi войнамi (згадаем славутыя вiленскiя разводы [85]) — трэба мець наўвеце рэалii часоў Мiкалая Радзiвiла Чорнага, бачыць своеасаблiвасьць тагачаснай Эўропы, а таксама характар дзяржаваў, якiя знаходзiлiся пад уладай Ягайлавічаў.
У працах, прысьвечаных канфэсiйным забурэньням у XVI стагодзьдзi, рэдка сустракаецца дэфiнiцыя Рэфармацыi i, рэч ясная, яшчэ менш увагi адводзiцца працэсам яе разьвiцьця ў каталiцкай Эўропе i таму, што яна суправаджалася вострымi выступамi ў паасобных краiнах супраць Апостальскай сталiцы. У асноўнай на сёньня крынiцы чытаем: гэта быў «рэлiгiйны рух, якi ўзьнiк на аснове грамадзка-палiтычных канфлiктаў XV–XVI ст. i прывёў у XVI ст. да паўстаньня незалежных ад папства пратэстанцкiх цэркваў. Iдэйна яму папярэднiчалi сярэднявечныя гарэзii зь вiклефiзмам i гусытызмам на чале» [86]. Розьнiцу ў меркаваньнях нельга не заўважыць i вакол пайма Контрарэфармацыi, паколькi некаторыя аўтары мяркуюць, што больш адпаведны гэтай зьяве iншы тэрмiн: каталiцкая Рэфармацыя, таму што ён валодае шырэйшым значэньнем i датычыць ня толькi нэгатыўнага боку або перамогi над працiўнiкам, але мае шырэйшае, пазытыўнае значэньне дзякуючы сфармуляваньню праграмы направы каталiцызму [87]. Аналiзу паддаюцца таксама i iншыя вызначэньнi, а наймя канфэсiйная талеранцыя [88].
Пакiдаючы ўбаку гэтыя тэрмiналягiчныя пытаньнi, мы зьвернемся толькi да першага з вызначэньняў, бо яно зьвязана з рэфармацыйнай спэцыфiкай Вялiкага Княства Лiтоўскага. На захадзе маем дачыненьнi адно з каталiцызмам, тое ж самае ў этнiчнай Польшчы — за выняткам Чырвонай Русi, якая была ўлучана ў Карону за часоў Казiмера Вялiкага, а таксама пазьнейшае пашырэньне ўладных паўнамоцтваў — ужо ня Пястаў — на праваслаўныя землi. Тым ня менш, улады Вiльнi знаходзiлiся ў зусiм iншай сытуацыi, якую можна акрэсьлiць каротка: мора прадстаўнiкоў усходняй рэлiгii i каля 10% (як у сэнсе насельнiцтва, так i ў сэнсе тэрыторыi) фармальных паганцаў на самавiтай Лiтве, якiя ад другой палавiны XIV стагодзьдзя ўсё хутчэй i хутчэй асвойвалiся з выявай крыжа, цэрквамi, а ў Наваградку i Вiльнi сутыкалiся i з каталiцкiмi законьнiкамi. Там таксама — у Аўкштоце пасьля 1387 г., на Жмудзi трыццацьцю гадамi пазьней — распачаўся працэс афiцыйнай хрысьцiянiзацыi з iнiяцыятывы валадара, якi дагэтуль лiчыўся найвышэйшым культавым функцыянэрам, i, такiм чынам, быў кампэтэнтны пакласьцi канец старым вераньням. Так належала разумець ягоную волю, хоць гэта i не азначала, што з дня на дзень павiнна было наступiць адмаўленьне ад полiтэiзму. Так нiколi i нiдзе не было, i хаця аб сынкрэтызьме веравызнаньняў было напiсана ўжо шмат, прыгадаем, што праз тры стагодзьдзi пасьля апiсаных падзеяў сяляне-кальвiнiсты ва ўладаньнях Радзiвiлаў збунтавалiся супраць свайго духоўнiка, калi ён прынучаў спалiць перахоўваныя iмi фiгуркi бажкоў; яны чулiся апекунамi гэтых пазбаўленых важкай пратэкцыi звышнатуральных стварэньняў, якiя былi магутныя ў прамiнулыя стагодзьдзi [89].
Читать дальше