Славацкая надзея: досвед дэмакратычных трансфармацый
Рэдактары:Марцін Бутара, Грыгорый Мясежнікаў, Міраслаў Колар
Рэдактары беларускага выдання:Валянцін Акудовіч, Алесь І. Анціпенка, Юрась Барысевіч
Са славацкай пераклалі:Алесь Карцель, Сяргей Сматрычэнка, Ірына Сітнік, Павал Раага, Андрэй Пачопка
Карэктары:Антаніна Хатэнка, Вікторыя Уласевіч
Кампутарная вёрстка і дызайн вокладі:Алесь А. Анціпенка
Фота на вокладцы:Стана Ендэк
17 чэрвеня 2006 г. у Славакіі адбыліся чарговыя парламенцкія выбары. Праз некалькі дзён пасля абвяшчэння вынікаў галасавання лідэры трох апазіцыйных партый — Кірунку-сацыял-дэмакратыя (Кірунак-СД), Руху за дэмакратычную Славакію (РЗДС-НП) і Славацкай нацыянальнай партыі (СНП) — стварылі новую ўрадавую кааліцыю. У ліпені 2006 г. урад узначаліў старшыня Кірунку-СД Роберт Фіца: яго партыя стала безумоўным пераможцам на выбарах і таму займела самыя моцныя пазіцыі ў новым славацкім урадзе. Склад ураду і яго намеры, падаваныя ў праграмнай заяве, выклікалі дыскусіі не толькі ў Славакіі, але і ў замежжы. Найбольш пытанняў паўстала ў звязку з кааліцыйным саюзам партыі Кірунак-СД, якая дэкларуе сябе сацыял-дэмакратычнай партыяй еўрапейскага тыпу, з СНП — радыкальна-нацыяналістычнай партыяй. Таксама неадназначна было сустрэта й вяртанне да ўлады лідэра РЗДС Уладзіміра Мэчыяра — палітыка, што быў крытыкаваны за праявы аўтарытарызму і парушэнне дэмакратычных законаў у сярэдзіне 90-х.
РЗДС і СНП у якасці ўрадавых партый прычыніліся ў 1994—1998 гг. да фармавання рэжыму неліберальнай дэмакратыі. Той факт, што партыя Кірунак-СД, якая перад выбарамі 2006 г. таксама не хавала свайго крытычнага стаўлення да рэформ права-цэнтрысцкага ўраду Мікулаша Дзурынды, аб’ядналася з СНП і РЗДС, змусіў шмат каго з айчынных і замежных назіральнікаў задумацца над пытаннямі, ці зможа цяпер славацкае грамадства працягваць распачаты шлях рэформ, якія змены яго чакаюць і што ў ім застанецца ад папярэдніх тэндэнцый. Пакуль ад стварэння новага ўраду прамінула зусім не шмат часу, і таму немагчыма даць аналітычную ацэнку яго рэальнаму курсу, а, тым больш, адважыцца на які доўгатэрміновы прагноз. Аднак важна перадусім мець на ўвазе: змена ва ўладзе, легітымная з палітычнага гледзішча (тры новыя ўрадавыя партыі маюць бясспрэчную большасць дэпутацкіх мандатаў у парламенце), адбылася згодна з канстытуцыяй і законамі краіны. А гэта азначае, што сёння ў Славакіі мы маем грамадскую стабільнасць і кансалідаваную канстытуцыйную сістэму.
Новы ўрад пацвердзіў усе свае абавязкі, што вынікаюць з сяброўства СР у ЕС і НАТА і заявіў пра намер увесці ў Славакіі агульную еўрапейскую валюту ў 2009 г., — з умовай трымання г.зв. маастрыхцкіх крытэраў у сферы фінансаў. Разам з тым, новы ўрад мае іншыя ўяўленні аб прыярытэтах сацыяльна-эканамічнай палітыкі, параўнальна з тымі, што былі ў яго папярэдніка. Кірунак-СД лічыць ухваленую ўрадавую праграму “сацыял-дэмакратычнай” і разглядае яе як арыентаваную найперш на паляпшэнне становішча сацыяльна саслаблых груп насельніцтва, якія пацярпелі ад паасобных рэформ ураду Дзурынды. Але ж застаецца ня вырашаным пытанне, ці зможа новы ўрад, заапекаваўшыся найбеднымі слаямі насельніцтва, забяспечыць працяг папярэдніх пазітыўных макраэканамічных тэндэнцый — стабільны рост ВУП, прыток замежных інвестыцый, кантраляваную інфляцыю, паніжэнне ўзроўню беспрацоўя. У Славакіі сёння шмат дыскутуецца, наколькі магчыма выканаць перадвыбарчыя абяцанні без дэстабілізацыі фінансавай сферы і бюджэтнай дысцыпліны. Пакуль яшчэ нельга сказаць, ці новы ўрад аддасць перавагу рэалізму ды прагматызму і захавае напрацаванае ягонымі папярэднікамі (з невялікімі зменамі) ці абярэ нейкі іншы шлях.
Найбольшую турботу, у сувязі з новым урадам, выклікае СНП. Удзел гэтай партыі ва ўрадзе ўжо стварыў напругу ў грамадстве і прывёў да канфліктаў у міжэтнічных і міждзяржаўных славацка-венгерскіх адносінах. Адразу пасля пачатку дзейнасці новага ўраду ў Славакіі мела месца некалькі антывенгерскіх інцыдэнтаў (уключна з актамі фізічнага гвалту з этнічных венграў) і, адпаведна, адбыліся антыславацкія выпады ў Венгрыі. Уваход СНП ва ўрад з ініцыятывы Смеру-СД можна разглядаць і ў кантэксце агульнаеўрапейскай тэндэнцыі ўзмацнення пазіцый нацыяналістычных сіл. Уздым папулісцкіх партый у Еўропе (Францыя, Галандыя, Данія, Бельгія, Швейцарыя), іх удзел ува ўрадах некаторых краін (Аўстрыі, Румыніі, а з нядаўна — і Польшчы) падштурхоўвае палітыкаў-дэмакратаў вызначыцца ў сваім стаўленні да нацыяналістычных партый. Пакуль тут існуе два падыходы. Першы звязаны з патрабаваннем ізаляцыі нацыяналістычных сіл, другі прапануе далучаць іх да ўдзелу ў прыняцці ўладных рашэнняў, каб тым самым знізіць ступень іх радыкалізму і гэтак паслабіць пазіцыі ў грамадстве. Нельга выключыць, што досвед Славакіі шмат якія рэчы прасветліць у гэтай дыскусіі.
Читать дальше