Заснавальнікі другой самастойнай славацкай дзяржавы амаль да апошняй хвіліны (у гэтым яны не адрозніваліся ад заснавальнікаў першай у 1939 г.) заклікалі ўсімі магчымымі спосабамі захаваць супольную чэшска-славацкую краіну ўжо хаця б таму, што на выбарах яны не атрымлівалі мандату на падзел федэрацыі (за выключэннем адной, цалкам перыферыйнай, партыі, што патрапіла ў парламент). Аднак перадухіліць з’яўленне самастойнай Славацкай дзяржавы ўжо было немагчыма. Славацкае пытанневырашылася, нібыта, мімаходзь, не з волі саміх жыхароў краіны, а з волі толькі асобных яе палітыкаў. Бальшыня славакаў адно прыглядалася да таго, як разгортваліся падзеі, але ніякіх ініцыятыў не выказвала. У Чэхіі параўноўвалі гэтую сітуацыю з нежаданым дзіцём, да з’яўлення якога доўга не маглі прызвычаіцца самі ягоныя бацькі...
Чэхі і славакі, паводле Петры Пітхарта, пасля 1989 г. у сваёй візіі агульнай дзяржавы разыходзіліся не толькі ў паасобных момантах, але і ў цэлым. Спробы ў 1990—1992 гг. прапанаваць новыя рашэнні і новыя паняткі (дзяржаўнае пагадненне між нацыянальнымі парламентамі, славацкая зорачка ў Савеце Еўропы ці месца ў ААН, міжнародная суб’ектнасць Славакіі ў рамках супольнай дзяржавы і г.д.) не вырашалі, а толькі ўскладнялі праблему.
Узнікненне самастойнай дзяржавы, што зазвычай натхняе на пафас і святкаванні, было ўспрынята ў Чэхіі з ціхай збянтэжанасцю, а ў Славакіі з вельмі стрыманымі эмоцыямі. Сацыёлаг Уладзімір Крывы сцвярджае, што на пачатку 1992 г. — гэта значыць менш чым за паўгода да вырашальных выбараў толькі адзін з дзесяці славакаў быў цалкам за самастойнасць Славакіі, двое з дзесяці падтрымлівалі ідэю Чэха-Славакіі як агульнай дзяржавы, а сямёра з дзесяці не мелі ў гэтым плане ніякай цвёрда акрэсленай пазіцыі.
На пытанне, як такое магчыма, каб наконт гэткага асновапалеглага пытання грамадзяне Славакіі ў год падзелу агульнай дзяржавы не мелі выразнай пазіцыі, адзінага адказу не існуе. Бадай, прычыны трэба шукаць у мінуласці (як нядаўняй, гэтак і даўнейшай), у псіхічнай канструкцыі славакаў, у гістарычнай шызафрэніі, якая пачынаецца з дзевятнаццатага стагоддзя і цыклічна радыкалізуецца праз усё дваццатае стагоддзе. А ў апошнія дзесяцігоддзі да звычайнага славацкага канфармізму і неахвоты самім парадкаваць уласныя справы яшчэ дадалося сфармаванае камуністамі антаганістычнае ўспрыманне навакольнага свету. І, нарэшце, сюды далучым часам іррацыянальную спантаннасць самой гісторыі, калі ў нейкай сітуацыі палітычныя працэсы выкульваюцца з рук ініцыятараў і разгортваюцца з нейкай сваёй унутранай логікі.
Сёння, у час спакойнай крытычнай рэфлексіі над гістарычнымі падзеямі, яшчэ больш абвострана ўсведамляецца, куды завёў нас той факт, што мы перманентна (і да таго ж, заўсёды радыкальна) дыстанцыяваліся ад сваёй гісторыі. Гэтае рэзкае дыстанцыяванне ад папярэдніх этапаў развіцця было асабліва характэрным для XX ст. Пасля 1918 г. мы доўга атрасаліся ад манархіі і былой венгерскай палітычнай сістэмы, пасля 1939 г. — ад ідэалогіі першай Чэхаславацкай Рэспублікі, пасля 1945 г. — ад Славацкай дзяржавы en bloc, пасля 1948 г. — ад усяго, што яму папярэднічала, пасля 1968 г. — ад шасцідзесятых гадоў, пасля 1989 г. — ад найбліжшага саракагоддзя і, нарэшце, пасля 1993 г. — ад апошніх трох год. Такія гістарычныя перакруты сведчаць, хутчэй, пра перарывістасцьі дэзінтэграцыю нацыянальнай ідэнтычнасці (як і пра ейныя канфармізм ды падатлівасць), чым пра паслядоўны рух нацыі да самазавершанасці.
Славакі не былі дзяржаўным, у адраджэнцка-рамантычным разуменні, гістарычным народам (дарэчы, дзяржаўнасць не з’яўляецца абавязковай умовай гістарычнасці!), хаця ў XIX ст. яны нават супрацьстаялі мадзьярскаму ўнітарысцкаму этатызму, а ў XX ст. — чэшскаму этатызму. Наступствам гэтага, між іншым, былі праблематызацыя, а часам нават і негацыя, як гістарычнасці славакаў, так і іх дзяржаўнасці. Мадзьярская палітычная нацыя, гэтаксама, як і чэхаславацкая палітычная нацыя, зыходзілі з вышэйшасці тытульнага народу, які меў спадчыннае права й на гісторыю. Венгерская гісторыя была мадзьярскай, чэхаславацкая — чэшскай.
Хаця славакі й высноўвалі свае першапачаткі з Вялікай Маравіі, што існавала тысячу гадоў таму, але ўласную праграму рэалізоўвалі, хутчэй, у моўна-культурным, чым у палітычным ракурсе. Таму праўда тое, што ў іх не было дзяржаўнай свядомасці. Урэшце рэшт, усе папярэднія “вызваленні” славакаў адбываліся “зверху”, праз маніпуляцыі палітычных эліт, якім “ніз” аказваў мінімальную падтрымку (ні з’яўленне Чэхаславакіі ў 1918 г., ні ўзнікненне першай славацкай дзяржавы ў 1939 г. і другой у 1993 г. не суправаджалася плебісцытам ці неяк інакш выказаным жаданнем народу жыць у незалежнай дзяржаве).
Читать дальше