БЫЦЬ (АБО НЯ БЫЦЬ) СЯРЭДНЕЭЎРАПЕЙЦАМ
Сучаснае польскае мысьленьне
Падрыхтаванае на падставе: Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне, — Мінск: Энцыклапедыкс, 2000. — 471 с.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу).
Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага.
Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE» , «Скарына» , «Спадчына» , «Фрагмэнты» , «Крыніца» , «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура» . У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
«Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» дае зацікаўленаму беларускаму чытачу магчымасьць азнаёміцца з інтэлектуальным працэсам у суседняй Польшчы на ўзроўні максымальна прэзэнтацыйных у гэтым сэнсе аўтараў і іх тэкстаў. Найранейшыя з прадстаўленых у кнізе тэкстаў ( «Стэнаграма з мэтафізычнай прэс-канфэрэнцыі Дэмана ў Варшаве 20 сьнежня 1963 г.» з кнігі «Размовы з д’яблам» , «Ключ нябесны, або Аповеды, пабудаваныя на сьвятой гісторыі і для навучаньня і перасьцярогі прызначаныя» Лешака Калакоўскага, «Фэнамэналягічная тэорыя твору» Станіслава Лема або «Ўлада і апазыцыя» Яна Драўноўскага) датуюцца шэсьцьдзясятымі або семдзясятымі гадамі, найпазьнейшыя ( «Паміж багацьцем і беднасьцю» Анджэя Карашэўскага, «Дастаеўскі Беларусі» Сакрата Яновіча) зьявіліся летась або сёлета, пры гэтым іх пераважная бальшыня была створана на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя.
Трэба сказаць, што ня ўсе тэксты перакладныя: асобныя пасажы Сакрата Яновіча з артыкулу «Думкі і разважаньні» ўжо ў арыгінале былі напісаныя па-беларуску. Яны важныя, таму іх і друкуем.
У кнізе пададзены творчы даробак двух дзясяткаў сучасных польскіх думаньнікаў: філёзафаў, культуразнаўцаў, тэарэтыкаў мастацтва, гісторыкаў. Кожнаму зь іх прысьвечана інфармацыйная нататка, памер якой можа вагацца ад пары радкоў да некалькіх старонак у залежнасьці ад аб’ектыўна наяўнай або суб’ектыўна ўспрынятай велічыні ці маштабнасьці той ці іншай постаці. У асобных выпадках у адным блёку з інфармацыяй што да пэўнага аўтара друкуюцца іншыя матэрыялы — інтэрвію або паслоўе перакладніка. У цэлым памер публікацыі, прысьвечанай аднаму польскаму аўтару, можа вагацца ад аднаго-двух і да шасьцёх-сямёх артыкулаў.
Выданьне разьлічана на гуманітарна падрыхтаванага чытача, і таму даведкава-камэнтатарская частка ў ім зьведзеная да мінімуму. Зьвяртаем увагу чытачоў на варыяцыйнасьць ужываньняў некаторых словаформаў, шырока прадстаўленую ў кнізе (мысьліцель—мысьляр—думаньнік, погляд—пагляд, расклад—разлажэньне, зрадзіць—здрадзіць, сумнеў—сумлеў, атокі—абтокі—астравы, камуністы—камуніст, дзеяч—дзяяч, абмыл—памылка, выпадак—прылучай, зраза—узор, Эўрапейскі Саюз—Эўрапейскі Зьвяз і інш.). Зроблена гэта для адлюстраваньня інтэнсіўнасьці пошукаў, якія вядуцца ў беларускай мове на працягу апошніх дзесяцёх гадоў.
Наапошку складаем шчырую падзяку асобам і ўстановам, без удзелу і падтрыманьня якіх гэтае выданьне не было б магчымае, а наймя Тадэвушу А. Альшаньскаму, старшыню Ўправы «Stowarzyszenia Literackiego “Kresy”» Aркадыюшу Баглаеўскаму, прафэсару Ўладзімежу Балецкаму, галоўнай рэдактарцы «Podkowiaсskiego Magazyna Kulturalnego» Зоф’і Бронек, галоўнаму рэдактару «Kultury» Ежаму Гедройцу, кіраўнічцы бюра Галоўнай управы «Stowarzyszenia Pisarzy Polskich»
Читать дальше