Ірэне Зеліньскай, прафэсару Лешаку Калакоўскаму, галоўнаму рэдактару
«Krasnogrudy» Кшыштафу Чыжэўскаму, супрацоўніку
«Fundacji Stefana Batorego» Пятру Касеўскаму, Роме Квецень і Яаньне Чудзец (
«Polski Fundusz Kultury» ), прафэсару Ежаму Клачоўскаму (
«Instytut Europy Środkowo-Wschodniej» ), прафэсару Марцэлію Косману, кіраўнічцы выдавецкай сэкцыі
«Stowarzyszenia Autorów “ZAIKS”» Гражыне Кукоўскай, Станіславу Лему, галоўнаму рэдактару
«Сzasa Kultury» Гжэгажу Лютэрэку, галоўнаму рэдактару часопіса
«Arcana» Анджэю Новаку, галоўнаму рэдактару
«Odry» Мечыславу Орскаму, прафэсару Антонію Падразу, Рышарду Радзіку, прафэсару Аляксандру Ф’юту, Сакрату Яновічу, а таксама супрацоўнікам менскага бюра
«Instytutu Polskiego» .
У Менску, верасень 2000 г.
Валерка Булгакаў
Тадэвуш Анджэй Альшаньскi*
Новая Эўропа перад новым мурам
Выходзячы з сумысьля падкрэсьленай пастаноўкi пытаньня, яго аўтар уважае традыцыю Рэчы Паспалiтай за пазытыўную, а яе так цi iнакш зразуметую спадчыну — за актуальную. Аднак нельга не заўважыць, што ў гэтым пытаньнi залучаны непаразуменьнi — гэта, вiдавочна, апрыёрны погляд, якi можа аказацца слушным, а можа i не. Паглядзiм. Таму, па-першае, колькi ўвагаў наконт уступу. «Пазытыўнасьць» або «нэгатыўнасьць» якой-колечы традыцыi залежыць не ад своеасаблiвасьцi гэтай традыцыi, а ад сьветагляду ацэньваючага. Дзеля гэтага кожнае гiстарычнае дазнаньне ў кожным часе ёсьць ня толькi годным, але й вартым аналiзу, таму што калi ня кожнаму пакаленьню, дык кожнай эпосе даводзiцца будаваць уласны вобраз мiнуўшчыны, якую мы заўсёды спасьцерагаем праз прызму ўласнага часу i, хутчэй за ўсё, iнакш абачыць яе ня можам. Зь iншага боку, аднак, такiя аналiзы не павiнны быць «пiльнымi» — гiстарыяграфiя i, асаблiва, гiстарыязофiя ня любяць пасьпеху. Урэшце, пастаўленае пытаньне было сфармулявана як прадстаўнiча-палiтычнае — i такога падыходу да яго мы будзем датрымлiвацца i надалей.
Рэч Паспалiтая колькiх нацыяў?
Па-другое i найважнейшае: нiколi не iснавала нiчога такога, як Рэч Паспалiтая многiх нацыяў. Гэтая фармулёўка ёсьць праявай аснаватворнага непаразуменьня i, адначасова, — крынiцай iлюзорнай надзеi, залучанай у разгляданым пытаньнi. Iснавала адно Рэч Паспалiтая Дзьвюх Нацыяў (nationes): польскай i лiтоўскай, г.зн. кароннай шляхты i лiтоўскай, грамадзянаў двух гаспадарстваў, што складалi Рэч Паспалiтую, незалежна ад iх нацыянальнасьцi (gens). Першая была польскай або рускай (украiнскай) нацыянальнасьцi, другая — галоўна рускай (беларускай), апрача iх была яшчэ пруская i iнфлянцкая шляхта, галоўна нямецкай нацыянальнасьцi. Паколькi ні мяшчане, ні сяляне да нацыi (natio) не належалi i не зьяўлялiся грамадзянамi, iх нацыянальнасьць ня мела значэньня, бо яны не былi «прыроджанымi» . Падобным парадкам ня меў значэньня факт, што шляхецкi стан утварала шмат нацыянальнасьцяў (мы назвалi тут толькi галоўныя), у чым, зрэшты, Рэч Паспалiтая не была ў тым часе выняткам. Якраз таму якое-колечы вяртаньне да iдэi Рэчы Паспалiтай Дзьвюх Нацыяў сёньня немагчымае, незалежна ад таго, як ацэньваць гэтую iдэю i яе рэалiзацыю. Бо яе падставай была iдэя палiтычнай i этнiчнай нацыi (natio). Слыннае gente Ruthenus, natione Polonus не азначае, насуперак сёньняшнiм тлумачэньням, «паляк рускага паходжаньня» , але «польскi грамадзянiн рускай нацыянальнасьцi» . Гэтая iдэя дзяржаўнай нацыi, абапёртай на прававой аснове, а не этнiчнай, дагэтуль захавалася ў Заходняй Эўропе (Францыя, Гiшпанiя), але ў нашай частцы кантынэнту яна належыць да незваротнай мiнуўшчыны: тут паняцьце нацыянальнай прыналежнасьцi аддзялiлася ад дзяржаўнай прыналежнасьцi. Няшмат тут зьмянiла — як вядома — i ўзьнiкненьне этнiчна «чыстых» дзяржаваў. У вынiку i сужыцьцё этнiчных нацыяў ды арганiзуючых яго дзяржаваў мусiць абапiрацца на iншыя прынцыпы, чымся сужыцьцё дзяржаўных нацыяў. Таму вiдавочна, што тое, да чаго мы найбольш прывязаны ў традыцыi даўнай Польшчы, найбольш неактуальна падчас пералому XX i XXI стагодзьдзяў. Iснуюць, тым ня менш, iншыя элемэнты спадчыны даўнай Польшчы, вартыя сёньня ўвагi, да чаго мы неўзабаве зьвернемся.
Межы Эўропы
Калi гавораць аб Эўрапейскiх Супольнасьцях (бо аб «Супольнасьцi» гаварыць усё яшчэ не выпадае) i «далучэньнi» да яе краiн Цэнтральнай Эўропы, то падаецца, што нават у выпадку Польшчы гэтае «далучэньне» абапёртае хутчэй на мiтах i «багабойлiвых зычэньнях» , чымся на цьвярозай ацэнцы наяўнай сытуацыi. Важнейшае, аднак, тое, што мы вельмi рэдка задумваемся над тым, што працэс задзiночаньня Эўропы разам з тэхнiчна-эканамiчнымi аспэктамi мае iдэйны i геапалiтычны аспэкт, якi абапiраецца на акрэсьленай канцэпцыi Эўропы. А ня ведаючы гэтага, мы нярэдка разглядаем Эўрапейскiя Супольнасьцi як штось адметнае ад таго, чым яны ў сапраўднасьцi ёсьць.
Читать дальше