Але найгоршае, што можа зьдзеецца ўва Ўсходняй Эўропе, гэта хуткае прыняцьцё Польшчы ў Эўрапейскiя Супольнасьцi, i нават больш — прыняцьцё ў iх толькi Польшчы. Гэта было б фатальна для Польшчы. Бо такi акт стварыў бы на нашай усходняй мяжы новы мур ды раз i назаўсёды перакрэсьлiў бы шанцы «ўвойсьця ў Эўропу» Ўкраiны й Беларусi. Пакiнутыя самiм сабе, яны хутка будуць падпарадкаваныя, калi ня проста паглынутыя Расiяй, якая ўнутрана адродзiцца значна хутчэй за iх, дзякуючы як сваiм рэсурсам сыравiны, так i безразважлiваму захапленьню Расiяй колаў, што твораць грамадзкую думку Захаду. А тады наша краiна iзноў можа стаць полем бiтвы.
Ня будзем ашукваць сябе — мiр ня дадзены нам раз i назаўсёды.
Перастанем iлгаць сабе — заходняму сьвету не патрэбныя нi мы, нi латышы, нi нават чэхi й вугорцы. Заходнi сьвет мае досыць клопату з самiм сабой, i нас у найлепшым выпадку можа ўжываць як iнструмэнт для вырашэньня ўласных праблемаў. I ўжо гэта робiць. Нашы праблемы мы павiнны вырашаць самi, маючы на ўвазе нашы ўласныя, а ня iншыя iнтарэсы. I хоць мы ня можам быць упэўненыя, цi прадухiлiць узьнiкненьне ўсходнеэўрапейскага блёку пагражаючыя нам небясьпекi — адмова ад такога блёку не пазбавiць нас ад iх.
Так, насамрэч, пасьля Рэчы Паспалiтай Дзьвюх Нацыяў засталося толькi адно: iдэя, што дзякуючы сабе, а ня дзякуючы апiрышчу на ўсходзе або захадзе, на поўначы або поўднi мы можам быць i заставацца вольнымi. I заставацца сабой.
* Тадэвуш Анджэй Альшаньскi— польскі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнаўца, чалец рэдакцыі альманаху «Plaj. Almanach karpacki» . Аўтар шматлікіх публікацыяў у польскім друку на гуманітарныя тэмы, пры гэтым спэцыялізуецца на гісторыі Прыкарпацьця і ўкраінска-польскіх дачыненьняў першай палавіны XX стагодзьдзя ( «O Nikiforze (krótka biografia malarza i esej na temat jego twórczości)» , «Wojna polsko-ukraińska w Bieszczadach XI.1918-V.1919» , «Geneza Łemków — teorie iwątpliwości» , «Łemkowie na Ukrainie i Towarzystwo “Łemkowszczyzna”» , «Szlachta zagrodowa na Podkarpaciu» , «I wojna światowa w Karpatach» (1985), «Szlakiem żydowskich zabytków Podkarpacia» , «Historia Rusi Halickiej i Karpackiej» ). Напісаў і выдаў манаграфію «Bieszczady 1918–19» (1984).
Тэкст перакладзены паводле: Czas Kultury, № 1 (43), 1993.
Уладзiмеж Балецкi*
Вiткацы, Шульц, Гамбровiч
1.
Як у гутарковай мове iснуюць крылатыя словы, так у гiсторыi лiтаратуры ўзьнiкаюць крылатыя прозьвiшчы. У польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя iмi без сумневу ёсьць прозьвiшчы Станiслава Iгната Вiткевiча (Вiткацага), Вiтальда Гамбровiча i Бруна Шульца. Цiкава, што яны суадносяцца нават з большай пэўнасьцю, чымся прозьвiшчы прыроджаных братоў цi чальцоў адной лiтаратурнай групы. Пiшучы аб Томасе Ману, нiхто не адчувае абавязку адразу ўзгадваць Гайнрыха або Гола Манаў, цi, пiшучы аб Iвашкевiчу, абавязкова супастаўляць яго з Тувiмам або Сланiмскiм, а Пшыбася з Пайпэрам — дарма што яны належалi да тых самых лiтаратурных групаў. А тымчасам Гамбровiч спалучаецца зь Вiткацым i Шульцам амаль аўтаматычна — так, нiбыта гаворка iдзе не аб асобных пiсьменьнiках, а аб братох Маркс.
Аднак чаму мы ўзгадалi разам Вiткацага, Шульца i Гамбровiча? Што супольнага памiж «Неспатольнасьцю» i «Фэрдыдуркай» , «Шаўцамi» i «Цынамоннымi крамамi» ? Што супольнага памiж Альбэртынкай i Адэляй, памiж Атаназы Базакбаль i Юзем Кавальскiм?
Без сумневу, Вiткацы, Шульц i Гамбровiч былi найвялiкшымi iндывiдуальнасьцямi мiжваеннай лiтаратуры. Цяжка, рэч ясная, прызнаць гэты адказ за дастатковы, бо хаця Мiцкевiч, Славацкi i Красiньскi былi вялiкiмi пiсьменьнiкамi эпохi рамантызму, нiхто не арганiзуе ў iх гонар супольных фэстываляў. Зь Вiткацым, Шульцам i Гамбровiчам справа стаiць зусiм iнакш. Зьмясьцiць iх разам кожнаму падасца больш вiдавочным i натуральным, чымся трактаваць iх асобна. Парадаксальнасьць, аднак, палягае ў тым, што калi ўсё ж узгадваюць разам вялiкiх рамантыкаў, то дзеля таго, каб растлумачыць, у чым замыкаецца так званая рамантычнасьць, або каб выявiць тое, што ў iхнай творчасьцi ёсьць надiндывiдуальным: эпоху, ейныя тэмы, матывы, стылi, выяўленчыя сродкi. Але супастаўляючы Вiткацага, Шульца i Гамбровiча, нiхто не сьцьвярджае, што тым самым ён выяўляе нейкую гiстарычна-лiтаратурную супольнасьць. Творчасьцi Мiцкевiча, Славацкага, Красiньскага цi Норвiда досыць для ўяўленьня аб польскiм рамантызьме. Аднак цяжка было б ухарактарызаваць гэтыя дваццаць гадоў толькi пры дапамозе дасягненьняў Вiткацага, Гамбровiча i Шульца.
Па-другое, прозьвiшчы Вiткацага, Шульца i Гамбровiча ўзгадваюцца ва ўсiх гiстарычна-лiтаратурных тэкстах з нагоды адной з найважнейшых лiтаратурных легендаў мiжваеннага пэрыяду. Яна мае два вымеры.
Читать дальше