Мэдыі і камунікацыя
Курс лекцыяў
Досьледы камунікацыі і мэдыяў як навуковая дысцыпліна
Плян:
1. Вызначэньне прадмета
2. Камунікацыя ў жывёлаў
3. Камунікацыя ў першабытных грамадзтвах
4. Вызначэньне панятку “камунікацыя” і першасныя ўмовы яе ажыцьцяўленьня
“Тэорыя камунікацыі і мэдыяў” альбо “Досьледы камунікацыі і мэдыяў” — гэта дысцыпліна, якая вывучае працэсы камунікацыі ў грамадзтве, разьвіцьцё сродкаў камунікацыі і іхні ўплыў на розныя сацыяльныя і культурныя працэсы, а таксама ролю гэтых сродкаў у разьвіцьці грамадзтва і чалавека на працягу ўсёй яго гісторыі.
Як навуковая дысцыпліна “Тэорыя камунікацыі і мэдыяў” пачала фармавацца ў другой палове 20 ст., і першымі навукоўцамі, што зацікавіліся праблемамі камунікацыі, былі канадыцы: эканаміст Харальд Ініс і літаратуразнаўца Маршал Маклюэн.
Х.Ініс цікавіўся старажытным сьветам, і ён першы адзначыў сувязь паміж разьвіцьцём пісьмовых тэхналёгіяў і ўзьнікненьнем вялікіх дзяржаўных утварэньняў, а менавіта старажытных імпэрыяў. Ажыцьцяўленьне ўлады на вялікіх тэрыторыях вымагала такога сродку перадачы інфармацыі, які б быў лёгка транспартабэльны і зьвязваў паміж сабоў тых, што ажыцьцяўляюць гэтую ўладу, і тых, што падпарадкоўваюцца ёй. Тэксты, напісаныя на паперы альбо папірусе, якраз і задавальнялі такому патрабаваньню. Між іншым, Ініс адзначаў важную ролю адукаванай эліты ў гэтым працэсе, функцыя якой палягала ў стварэньні тэкстаў і навучаньні грамаце.
М.Маклюэн, які быў спэцыялістам у ангельскай літаратуры, захапіўся ідэямі Ініса, аднак інтарэс Маклюэна быў скіраваны на сучасныя грамадзтвы. Ён быў першы, хто ў сыстэматычнай форме спрабаваў вывучаць уплыў новых сродкаў камунікацыі (радыё, тэлебачаньня, фатаграфіі і кіно) на фармаваньне сучасных грамадзтваў.У 60 гадох 20 ст. ягоныя ідэі мелі вялікі посьпех, і не ў апошнюю чаргу з тае прычыны, што ён выказваў іх у вобразнай і афарыстычнай форме.
Шырока вядомы сёньня выраз Маклюэна “глябальная вёска” вельмі добра перадаваў сутнасьць той новай камунікацыйнай і культурніцкай сытуацыі, што паўстала ў выніку распаўсюджваньня ў сьвеце электронных сродкаў камунікацыі, дзякуючы якім людзі атрымалі магчымасьць мабільнай камунікацыі паміж самымі аддаленымі кропкамі на нашай плянэце.
Як вы ўжо заўважылі, пачынальнікі камунікацыйных досьледаў былі спэцыялістамі ў іншых галінах ведаў, і гэта акалічнасьць добра ілюструе міждысцыплінарны характар новай навуковай плыні, якая інкарпаруе ў сябе фрагмэнты з такіх традыцыйных дысцыплінаў, як гісторыя і антрапалёгія, філязофія і лінгвістыка, сацыялёгія і паліталёгія, культуралёгія, агульная і сацыяльная псыхалёгія, кібэрнэтыка, тэхнічныя навукі і нават эталёгія, навука аб паводзінах жывёлаў, у жыцьцядзейнасьці якіх камунікацыйныя працэсы таксама адыгрываюць надзвычай важную ролю.
Вывучэньне камунікацыі ў жывёлаў і іншых жывых істотаў — важны элемэнт навуковага разуменьня фэномэну камунікацыі ўвогуле, да таго ж яно дазваляе крыху інакш паглядзець на камунікацыйныя працэсы і ў чалавечых супольнасьцях.
Многія жывёлы абменьваюцца знакамі і сыгналамі дзеля таго, каб знайсьці ежу, арыентавацца ў прасторы альбо працягнуць род. Прыкладам камунікацыйных паводзінаў зьяўляецца вядомы пчаліны танец. Пчала, якая знайшла нэктар, вярнуўшыся ў вулей, з абсалютнай дакладнасьцю інфармуе сваіх суродзічаў аб адлегласьці, накірунку і мейсцы знаходжаньня кветкавай плянтацыі. Сланы, каб паклікаць чальцоў свайго статку, карыстаюцца нізкімі нячутнымі для чалавечага вуха гукамі, і гэтая камунікацыя спрацоўвае на адлегласьці ў некалькі міляў. Нарэшце, кіты і дэльфіны “сьпяваюць песьні” з мэтай абмяняцца інфармацыяй адносна свайго мейсцазнаходжаньня і накірунку руху.
Гэткім чынам, як і ў людзей, камунікацыя ў жывёлаў адбываецца праз акустычныя сыгналы, а таксама праз пахі, позы і адмысловыя рухі. Пры гэтым “мова жывёлаў” не такая ўжо і прымітыўная, як гэта падавалася раней. Напрыклад, сабакі маюць каля 30 розных “словаў”: скавытаньне, гаўканьне, віск разнастайных адценьняў і тэмбраў. Воўк можа падаваць каля 20 гукаў, што люструюць розныя эмоцыі, певень — 15, гусак — 23. Паўднёваамэрыканская птушка карыяма ведае ажно 170 фанэмаў. Нават інсэкты маюць свае “тэлеграфы”. Людзі не зьвяртаюць увагі на зьменлівыя інтанацыі крылатага маўленьня жамяры, але сама яна прыслухоўваецца да яго вельмі ўважліва. Мухі, якія імітуюць сваёй афарбоўкай пчолаў ці восаў, пераймаюць таксама і іхняе гудзеньне, бо інакш ім не схавацца ад ворагаў. Камары маюць некалькі розных таноў піску, залежных ад хуткасці палёту, якія зьяўляюцца рознымі сыгналамі — “трывогі”, “запрашэньня да рамантычнага спатканьня”, на “агульны сход” і г.д. Цікава, што першым расшыфраваў гукавую камунікацыю камароў вынаходнік кулямёту Хайрэм Максім.
Читать дальше