Тут я дазволю сабе адступленьне: супастаўленьнi Вiткацага, Шульца i Гамбровiча ўжо сталiся ў штодзённым пiсаньнi аб iх зьбiтым клiшэ, але шкоды нiкому не прынесьлi, нават наадварот — доказам чаго могуць быць школьныя падручнiкi. Улучэньне «трох вялiкiх наватараў» у абавязковы канон школьнай праграмы зь лiтаратуры паволi, але грунтоўна руйнуе былыя школьныя лiтаратурныя гiерархii, на верхавiне якiх яшчэ часта можна спаткаць творы Марыi Дамброўскай, Леана Кручкоўскага або Канстантына Iдэльфонса Галчыньскага. Карацей кажучы, на ўзроўнi сярэдняй школы супастаўленьне Вiткацага, Шульца i Гамбровiча — незалежна ад ступенi спрашчэньня — спрычыняецца да зьменаў у iнтэрпрэтацыi польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя.
А ахвярай гэтых супастаўленьняў паў тэатар. Тут я маю на ўвазе iнсцэнаваньнi прозы Шульца, выкананыя ў канвэнцыi тэатру Вiткацага, а таксама аб пошуку ключоў да драмаў Гамбровiча ў эсэiстыцы Вiткацага. I адна, i другая падумкi — а кожнаму, мабыць, даводзiлася хоць раз бачыць iх рэалiзацыю — ёсьць мастацкiм непаразуменьнем i калi нешта i даводзяць, дык поўнае неразуменьне абсалютнай апрычонасьцi эстэтык i мастацтва паасобных пiсьменьнiкаў. Таму колькi разоў бачачы экспрэсiянiсцкія крыкi, падаваныя з сцэны як мова Гамбровiча або Шульца, дзiкi вiскат як спасоб маўленьня героя Вiткацага або сцэнаграфiю цi iгру актораў, адзiная пазнавальная рыса якiх — запраграмаваная рэжысэрам бяссэнсiца, я прыгадаў выслоўе — не памятаю чыё: «Я ведаю, што тэатар можа ўсё, але чаму ты мяне так мучаеш, Божа!»
Адзiн толькi Тадэвуш Кантар зразумеў, што ў мастацтве вернасьць арыгiнальнасьцi выяўляецца толькi пры дапамозе новай арыгiнальнасьцi, словам, каб быць верным эстэтычным пошукам Вiткацага, Гамбровiча цi Шульца, трэба стварыць... супоўна новы тэатар.
3.
Безумоўна, ува ўсiх супастаўленьнях Вiткацага, Гамбровiча i Шульца дамiнаваў баржджэй пошук мастацкiх падобнасьцяў i аналёгiяў, чымся розьнiцаў i адметнасьцi памiж паасобнымi аўтарамi. Мэта гэтай стратэгii была больш прагматычнай i iнфармацыйнай, чымся iнтэрпрэтацыйнай. За мяжой гадамi адчувалася патрэба ў iнфармацыi аб найвыдатнейшых польскiх мастацкiх зьявах. У Польшчы — здабыцьцё веды аб пiсьменьнiках, доступ да якiх быў гадамi забаронены цэнзурай i абцяжараны нястачай перавыданьняў iхных кнiгаў. Рэч ясная, забаронены плод будзiў пажадлiвасьць, а пераадоленьне цяжкасьцяў фармавала пачуцьцё элiтарнасьцi i абранасьці спасярод чытачоў. Для iх творчасьць Вiткацага, Гамбровiча i Шульца была ня толькi мастацкай зьявай, але таксама адатрутай на камунiстычную навамову, эстэтычную пасярэднасьць i iнтэлектуальную нястаннасьць. У гэтай пэрспэктыве творчасьць Вiткацага i Гамбровiча, i зьлёгку iнакш Шульца, станавiлася пранiклiвым, блiскучым i захапляльным дыягназам культуры XX стагодзьдзя. А творчасьць двух першых — i польскай нацыянальнай мэнтальнасьцi, i забурэньняў у гiсторыi дваццатага стагодзьдзя. Падобнасьць iнтэлектуальных праблемаў у творчасьцi Вiткацага i Гамбровiча захiнула бясспрэчна фундамэнтальныя мастацкiя i эстэтычныя адрозьненьнi ў iхнай мастацкай дзейнасьцi. У сваю чаргу, адметнасьць паэтык i асобаў Шульца i Гамбровiча адцягнула ўвагу ад iстотных падобнасьцяў iхнага разуменьня сучаснай культуры.
Тое, што злучае згаданых пiсьменьнiкаў, ёсьць, агульна кажучы, вiдавочным i ўжо досыць добра апiсаным. I творчасьць кожнага зь iх дастаткова нагэтулькі арыгiнальная, што яшчэ нядаўна аўтаматычныя супастаўленьнi падавалiся хадульнымі. Але цi азначае гэта, што ўсе гэтыя пiсьменьнiкi такiя адметныя, што iмi можна займацца адно асобна? Нiчога падобнага.
Таму варта так зьмянiць пэрспэктыву, каб убачыць падобнасьцi ня ў тым, што злучае, а ў тым, што падзяляе, ня ў тым, што супольнае, але вiдавочнае, а ў тым, што адметнае i сукрытае. Варта шукаць падобнасьцi Вiткацага, Шульца i Гамбровiча не ў iдэнтычнасьцi, а ў адрозьненьнi. Бо парадаксальным чынам толькi тое, што iх грунтоўна адрозьнiвае, забясьпечвае iхную непаўтаральную, лiтаратурную i iнтэлектуальную тоеснасьць. У тым, што адрозьнiвае, мы можам адкрываць падобнасьць, у тым, што падобнае, — бачыць адрозьненьне, словам, будаваць сувязi шляхам адмаўленьня, сутыкненьнi — шляхам уцёкаў, зблiжэньнi — шляхам унiканьня. Цi якраз ня гэта рабiў Гамбровiч, калi, пiшучы «нас было трое» , ён даваў зразумець, што кожны з гэтых «трох» быў цалкам iншы i адметны ад астатнiх?
Iхныя лёсы i пагляды былi напару такiмi рознымi, што безь зьдзiўленьня не выпадае асэнсоўваць iхныя ўзаемныя перапляценьнi.
Читать дальше