Вiткацы — у вялiкай ступенi ў вынiку бунту супраць пазыцыi бацькi i сям’i — выяўляў агiду да традыцыйнага разуменьня патрыятызму: ён сьвядома адкiнуў шляхецкую традыцыю. Ён таксама выступiў супраць незалежнiцкай антырасiйскай пазыцыi. Легiёны Пiлсудзкага ён уважаў за «прыгожае самагубства» . Ён ставiў на Расiю i ў 1914 годзе ўступiў у расiйскае войска. У 1916 годзе ён узяў удзел у цяжкай бiтве супраць II Брыгады Польскiх Легiёнаў i быў паранены. У верасьнi 1939 году ён хацеў пайсьцi ў войска — але быў не прыняты з прычыны веку i стану здароўя.
Iнакш было з Гамбровiчам. У 1920 годзе ён не пайшоў на фронт, а ў верасьнi 1939 году не вярнуўся ў Эўропу, каб ня даць сябе мабiлiзаваць у войска. Будучы, як i Вiткацы, крайным iндывiдуалiстам — ён з бунту супраць шляхецкiх i абшарнiцкiх традыцыяў зрабiў, аднак, зусiм iншыя высновы. З аднаго боку, у iх ён убачыў выток склерозу грамадзкага пласта, зь якога ён паходзiў, з другога — крынiцу ўласнай арыгiнальнасьцi i сiлы. Нiхто, як ён, не адчуваў у Польшчы ейнай старасьвецкай традыцыi. Польшча — заўсёдная тэма ягоных твораў.
Бруна Шульц, у сваю чаргу, паляк жыдоўскай нацыянальнасьцi, быў грамадзянiнам Рэчы Паспалiтай многiх нацыяў. Сымбалем Польшчы для яго быў маршалка Пiлсудзкi, якога ён меў за «легендарную» велiчыню.
Сямейныя i мiжчалавечыя сувязi Вiткацага, Шульца i Гамбровiча спараджаюць шмат зьдзiўляючых паралеляў. Кожны з гэтых пiсьменьнiкаў памёр бязьдзетным, усё жыцьцё падкрэсьлiваючы сваю непрыстасаванасьць да жыцьця зь iншымi, i заразом пiльную патрэбу быцьця з другой асобай. Для апiсаньня асобы Вiткацага ключ — гэта асоба бацькi, а для Шульца, як i ў выпадку Гамбровiча, што i падкрэсьлiваюць дасьледнiкi яго бiяграфii, ключ — асоба мацi.
Шульц быў «самотнiкам з Драгабыча» , там была ягоная малая бацькаўшчына, ягоная сапраўднасьць, якую ён ператвараў у мiт. Праўда, ён усё жыцьцё марыў перасялiцца ў «праўдзiвыя» мэтраполii, у Альбаў цi Варшаву, але ўрэшце застаўся ў месцы, у якiм нарадзiўся.
Iнакш справа стаяла з Гамбровiчам — для сувязi з бацькаўшчынай яму была патрэбная не беспасярэдняя прысутнасьць, а радыкальная дыстанцыя. Калi фiгурай творчасьцi i бiяграфii Шульца ёсьць «вяртаньне» , у Гамбровiча такой фiгурай выступаюць «уцёкi» . Калi Шульц мiталягiзаваў «вяртаньне да маленства» , бо толькi «маленства» забясьпечвала яму мастацкую аўтэнтычнасьць, то Гамбровiч дэманiзаваў «уцёкi ад маленства» , а ў маленстве бачыў адно пекла зьдзяцiненьня i першакрынiцу ўсялякага «апупеньня» . Не «маленства» , а «маладосьць» ёсьць першасным ключом гамбровiчаўскай антрапалёгii.
Калi Шульц па сутнасьцi заглыбляўся ў сваю «малую бацькаўшчыну» , зьвяртаючыся да карэньняў iндывiдуальнай, сямейнай i нацыянальнай долi, то Гамбровiч «вызваляўся» ад бацькаўшчыны, ведучы зь ёй на працягу ўсяго жыцьця зацятую iнтэлектуальную дыскусiю (найзырчэй ён даў гэтаму выражэньне ў «Транс-Атлянтыку» i «Дзёньнiку» ).
Яшчэ больш своеасаблiвую пазыцыю займаў Вiткацы, якi праграмна адкiнуў усе нацыянальныя пытаньнi як неактуальныя, а iнтэлектуальнае прытульле перад праблемай бацькаўшчыны знаходзiў ва ўнiвэрсальнасьцi iснаваньня.
У тым, што грамадзкае, Вiткацы бачыў пагрозу для iндывiда: гэтае аграмаджваньне ў ягоных творах — сынонiм таталiтарнай унiфiкацыi. Тым ня менш Гамбровiч у тым, што грамадзкае, бачыў сутнасьць усяго, што чалавечае. Вiткацы прыдумляў пачвараў i монстраў, што ўзьнiкаюць з натуры iндывiда, але для Гамбровiча месцам радзiнаў пачвараў было тое, што грамадзкае i мiжчалавечае.
Таму вытокам пачварнасьцi ў чалавечым сьвеце для Вiткацага былi — традыцыйна — псыхiка i характар кожнага чалавека, тым часам як Гамбровiч сфэру гэнай mostruosite зьмяшчаў памiж людзьмi, у фармуючых iх узаемаадносiнах — цi ў «форме» .
Адзiн з слынных здымкаў Вiткацага прадстаўляе некалькi адбiцьцяў гэтага мужчыны ў люстры — мы бачым павялiчанага чалавека. Павелiчэньне — заўсёдны матыў ува ўсiх трох пiсьменьнiкаў. Кожны зь iх, аднак, ужывае яго па-свойму. Павелiчэньне Вiткацага — адыхтар мультыплiкацыя гэтага ж самага або множнасьць, дарам што ў гэтай множнасьцi ёсьць адзiнства. Множнасьць — гэта сам павялiчаны суб’ект.
У сваю чаргу павелiчэньне Гамбровiча — гэта суiснаваньне розных фазаў жыцьцяў i роляў iндывiда або множнасьць рознасьцi. Павелiчэньне Гамбровiча загэтым азначае расшчапленьне iндывiда, дыфэрэнцыяваны суб’ект.
У Шульца ж павелiчэньне — гэта несупынная трансфармацыя iснага ў пошуку сутнасьцi субстанцыi.
Читать дальше