Мэтамарфозы Шульца даюць герою i чытачу пачуцьцё бясьпекi, скiроўваюць яго да глыбiняў традыцыi, сэнсу i таямнiцаў, спрыяльных для чалавека. Мэтамарфозы Гамбровiча пазбаўляюць ягонага героя глебы пад нагамi. Найдрабнейшы элемэнт сапраўднасьцi (рэч, гэст, слова) у сьвеце Гамбровiча стаецца складнiкам таямнiчай i грознай стыхii быцьця. У Шульца датыкнуцца да такога складнiка (напрыклад, удаваньнiка Рудольфа) азначае як бы апыніцца па той бок люстра — як Алiса ў краiне чараў. У Гамбровiча датыкнуцца да такога складнiка (вераб’я, ката або галiнкi) азначае адчуць халодны дотык змрочнай стыхii, непранiкальнай, iмклiвай i руйнуючай усё на сваiм шляху. Але ў абодвух пiсьменьнiкаў мэтамарфоза ёсьць як бы канцавым пунктам мэтафiзычных пошукаў, момантам, у якiм выяўляецца таямнiца. Таму мэтамарфозы ў творчасьцi Вiткацага — гэта праграмны прынцып ягонай эстэтыкi, мастацкi спосаб, якi павiнен наблiзiць чытача цi гледача да «подзiву iснаваньня» . Аднак тое, што ў плашчынi эстэтыкi i паэтыкi падаецца ў Вiткацага адно забавай цi гульнёй мастацкiмi канвэнцыямi, у сфэры праблематыкi ягоных твораў было надзвычай пранiклiвым аналiзам мэтамарфозы чалавечых паглядаў i характараў у гiсторыi.
У сваю чаргу нарацыя Вiткацага заўсёды дыскурсіўная, нават драматычнасьць у Вiткацага ёсьць формай дыскурсу. На першы пагляд, гэта зблiжае яго з Гамбровiчам, зь якiм яго лучыць захапленьне фiлязофiяй i фiлязафiчнасьцю. Аднак калi Вiткацы iмкнецца да фiлязафiчнай катэгарызацыi, да ўпiсаньня свайго сьвету ў сыстэму поймаў i iдэяў (часам называючы яе «бiялягiчным рэалiзмам» ), то Гамбровiч ужывае фiлязафiчнасьць зусiм па-iншаму. Вiткацы шукае для сябе сыстэмы, навуковых пастулятаў, тэрмiнаў i строгiх дэфiнiцыяў, а таксама аб’ектыўных характарыстык Iснаваньня. Гамбровiч адкiдае ўсялякую сыстэмнасьць, абстрактнасьць, навуковасьць — яго вабiць рух, зьменлiвасьць, негатовасьць. Кажучы мэтафарычна: Вiткацаму блiжэйшы эсэнцыялiзм, Гамбровiчу — экзыстэнцыялiзм. Вiткацы манадыст, Гамбровiч — iнтэракцыянiст.
Фiналам апавяданьняў Шульца заўсюды бывае паглыбленьне або перабываньне ў той цi iншай форме iснаваньня. Сапраўднасьць для яго поўная мэтамарфозаў, але ўсе зьменлiвыя iстоты iмкнуцца да сваёй адзiнай — як гэны казаў — карэннай i iснаснай субстанцыi. Фiналам усiх пазнавальна-фабулярных прыгодаў у творах Гамбровiча ёсьць выпадковае, невытлумачальнае, не пажаданае, а заўсёды справакаванае злачынства. А фiналам раманаў i найважнейшых п’есаў Вiткацага? Анi злачынства, анi сьмерць, хочацца сказаць, дарма што гэта была сьмерць шляхам расстрэлу ў «Расстаньнi з восеньню» або шляхам зьнегалаўленьня пры дапамозе гiльятыны ў «Шаўцох» . Таму фiналам твораў, цi баржджэй сьвету Вiткацага ёсьць зьнiштажэньне, расклад, зьнiшчальны працэс згiбеньня iндывiдуальнага i грамадзкага жыцьця.
Шульц, безумоўна, быў рэлiгiйным пiсьменьнiкам. Уся ягоная творчасьць абарачаецца вакол таямнiцы крэацыi сьвету, мiту i сымболiкi вяртаньня Мэсii (скончаны opus magnum Шульца, раман «Мэсiя» , дагэтуль не адшуканы). А Вiткацы i Гамбровiч былi праграмнымi атэiстамi, хаця ў маленстве i былi ахрышчаны. Iхная творчасьць — запiс крызысу веры ў рэлiгiю i iндывiдуальнага Бога.
Гэта добры пункт, каб закрануць справы зьлёгку больш адмысловыя.
4.
Заўсёдным матывам усiх твораў Гамбровiча ёсьць зразуметыя ў лiтаральным сэнсе злачынствы i зразуметы ў лiтаральным сэнсе насiл — на першы пагляд адно псыхiчны, але амаль заўсёды выклiкаючы фiзычныя насьледкi. Гэты матыў прысутны ў «Iвоне, князёўне Бургунда» , у «Шлюбе» , «Космасе» i «Парнаграфii» . Таму заўсёднай тэмай творчасьцi Гамбровiча ёсьць праблема ўзурпацыi ўлады i панаваньня чалавека над чалавекам. Гэтая ўзурпацыя — iмкнецца паказаць Гамбровiч — заўсёды прыводзiць да злачынства.
Дыягназ Гамбровiча, якi можна вычытаць зь ягоных драмаў i раманаў, канчаткова, вiдаць, такi: у сьвеце, спабытым Найвышэйшай Iнстанцыi, чалавек — упоены ўсемагутнасьцю свайго чалавецтва — спрабуе стварыць яе сам: «абвяшчае сябе каралём, богам, дыктатарам» ( «Шлюб» ). Аднак тая сапраўднасьць, якую ва ўпаеньнi стварае герой Гамбровiча, заўсёды абарачаецца супраць яго, трушчыць яго, мажджэрыць цяжарам выдуманых канструкцый — якраз такi фiнал «Шлюбу» ! Няма любосьцi, а вымушаныя вязьмы аказваюцца вязьнiцай, няма шлюбу, а ёсьць хаўтуры.
Уся гэтая чалавечая-мiжчалавечая-пазачалавечая дзейнасьць герояў Гамбровiча заўсёды канчаецца катастрофай, а ейныя намаганьнi па стварэньнi вартасьцяў — кашмарнай маной. Адно трупы забiтых пэрсанажаў аказваюцца праўдзiвымi.
Читать дальше