Вынікі парламенцкіх выбараў 2006 г. і стварэнне новага ўраду хаця й змянілі расклад палітычных сіл у краіне, аднак гэта не азначае, што яны адпрэчылі плён дэмакратычных рэформ папярэдніх этапаў. Сучасная Славакія, сябра ЕС і НАТА,— гэта іншая краіна, чым Славакія ў 1994—1998 гг. Сёння ўжо не трэба змагацца за асновы дэмакратыі. Неабходнай з’яўляецца адно барацба за якасць дэмакратычных інстытутаў у краіне, праз канкурэнцыю розных палітычных і сацыяльна-эканамічных канцэпцый. Славацкія выбарцы ў чэрвені 2006 г. выказаліся на карысць апазіцыйных партый. Дзве з іх у мінулым не выглядалі як сапраўды дэмакратычныя — затое цяпер яны маюць шанец пераканаць сваіх прыхільнікаў і ўсё грамадства, што ў стане эфектыўна вырашаць праблемы краіны — з захаваннем дэмакратычных стандартаў і ўзмацненнем пазіцый Славакіі ў сям’і еўрапейскіх народаў. Скептыкі маюць падставы сумнявацца наконт магчымай трансфармацыі гэтых партый, аднак толькі час пакажа, ці зможа новы ўрад плённа скарыстаць дадзены яму шанец.
Марцін БУТАРА, Грыгорый МЯСЕЖНІКАЎ, Міраслаў КОЛАР— Рэдактары
Уводзіны: рука сяброўства і дапамогі
Зрын камунізму, што адбыўся сямнаццаць гадоў таму, спрычыніўся да ўзнікнення шэрагу новых краін у Сярэдняй і Ўсходняй Еўропе. Сярод іх — дзесяцімільённая Беларусь і пяцімільённая Славакія, якія па распадзе СССР і ЧСФР узяліся за адбудову сваіх дзяржаў і супольнасцяў. Адбывалася тое на тле еўрапейскай інтэграцыі ды працэсаў глабалізацыі. Ад самага пачатку абедзве краіны, што раней былі часткамі найбуйных дзяржаўных утварэнняў, зведалі няпростыя праблемы пераходнага перыяду. Калі гаварыць пра Славакію, дык яе шлях да дэмакратыі быў досыць складаным, але ўрэшце завяршыўся паспяхова.
Некалькі гадоў таму я ўпершыню наведаў Беларусь і быў здзіўлены, як шмат падабенстваў маюць нашы краіны і народы. Але ці не найбольш уразіла мяне псіхалагічная блізкасць. У характары беларусаў і славакаў я ўбачыў падобныя рысы — ад здольнасці адаптавацца да накінутых абставін і працавітасці да схільнасці ўпадаць у роздум пра тое, кім з’яўляемся, інакш кажучы,— у роздум пра ўласную ідэнтычнасць. Перад дарогай мне чамусьці ўяўлялася, што беларусы мусяць адмоўна ставіцца да рускіх — народу моцнага і паноўнага, з адрознай калектыўнай ды індывідуальнай псіхалогіяй. Але тое аказалася памылковым. Між тым, пазнаёміўшыся з беларускімі рэаліямі і людзьмі бліжэй, я займеў яшчэ больш глыбокія сімпатыі да гэтай краіны. І не толькі я адзін. У апошнія гады Беларусь, праз сваю ўнутрыпалітычную сітуацыю, апынулася ў ізаляцыі, але ў той жа час зрабілася й аб’ектам падвышанай цікавасці з боку Еўропы, у тым ліку й Славакіі — яе дыпламатаў, прадпрымальнікаў, а таксама прадстаўнікоў культуры і няўрадавых арганізацый.
Адкуль гэта цікавасць? Адказы, безумоўна, могуць быць рознымі... Але маё меркаванне вынікае з пераканання, што людзі ў Славакіі разумеюць беларусаў і сімпатызуюць іх барацьбе за годнасць і незалежнасць. Многія гатовы бескарысліва дапамагаць, а часам і маюць што прапанаваць канкрэтна. Вядома ж, гэта барацьба — перадусім справа саміх беларусаў. Але я не аднойчы бачыў, як яны — прынамсі, найбольш адкрытыя і свабодныя з іх,— даведаўшыся пра шлях Славакіі да дэмакратыі, дабрабыту і міжнароднага прызнання, натхняюцца і робяцца яшчэ больш аптымістычнымі. Гаворка тут не пра гістарычныя рэмінісцэнцыі, тактыку дзеянняў або гвалтоўнае накідванне грамадска-палітычных ці жыццёвых узораў. Дзве невялікія еўрапейскія краіны, з якіх адной ужо ўдалося знайсці шлях у еўрапейскую сям’ю дэмакратычных нацый, імкнуцца, у межах наяўных магчымасцяў, бліжэй пазнаёміцца і весці партнёрскі дыялог.
Гэтая кніга, падрыхтаваная незалежнай аналітычнай структурай (Інстытутам грамадскіх пытанняў), якая ў дэмакратычнай мадэрнізацыі Славакіі адыгрывае заўважную ролю, ёсць чарговым сведчаннем міжнароднай адказнасці Славакіі перад іншымі краінамі. Выбітныя славацкія спецыялісты з розных галінаў веды паспрабавалі крытычна прааналізаваць славацкую гісторыю і падзеі апошніх гадоў. Беларускі чытач даведаецца з кнігі, што сваім поспехам мы абавязаны перадусім грамадзянам нашай краіны, якія баранілі годнасць, імкнуліся да свабоды і падтрымлівалі рэформы, якія прывялі да эканамічнага росту, свабоднага рынку і вольнага перамяшчэння славакаў у сённяшняй аб’яднанай Еўропе. Пераўтварэнні, што мы здзейснілі, не былі накінуты нам нашымі мацнейшымі суседзямі, не рабіліся яны й пад націскам вялікіх дзяржаў. Славацкія грамадзяне мусілі самі разлічыцца з камуністычным мінулым, самі ўладкаваць сітуацыю ў краіне пасля зрыну камуністычнага рэжыму, самі выдаліць недэмакратычныя метады з грамадскага жыцця. Натуральна, адбывалася тое не ў ізаляцыі ад вонкавага свету і не ў лабараторных умовах: дэмакратычныя краіны нам у тым дапамагалі і дапамагаюць дагэтуль. Шлях, які мы адолелі, далёка не скончаны. Бо дэмакратыя — гэта далікатная расліна, пра якую ўвесь час належыць дбаць. Аднак у Славакіі яна ўжо глыбока пусціла свае карані, якія не так проста знішчыць. Прыйшоў час падзяліцца нашым досведам і з іншымі.
Читать дальше