Няпростым, аднак, быў лёс гэтага чалавека. Можна сказаць нават інакш: шмат чаго ў жыцьці ён дасягнуў насуперак волі лёсу.
Ежы Клачоўскі нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Багданы, што знаходзіцца ў Астралэнцкім ваяводзтве. У 1940 годзе ён быў выселены разам зь сям’ёй у Генэральную Губэрню і неўзабаве асеў у Варшаве, дзе пачаў навучаньне ў сярэдняй школе айцоў марыянаў. Адначасова — увосень 1941 г. — ён уступае ў полк «Бішта» Арміі Краёвай і ў 1943 годзе канчае тайную школу падхаружых. Ён бярэ чынны ўдзел у варшаўскім паўстаньні і ноччу з 24 на 25 верасьня падчас атакі атрымлівае цяжкае раненьне. На гэтым, аднак, злыбеды ня скончыліся: будучы прафэсар трапляе ў палон, адкуль яго вызваляюць толькі ў студзені 1945 году. У той жа самы год ён распачынае навучаньне на гістарычным факультэце Познаньскага ўнівэрсытэту, а пасьля пераводзіцца ў Торунь, дзе ў 1948 годзе стаецца спачатку магістрам, а праз два гады і доктарам гісторыі.
Увосень 1950 году Клачоўскі пачынае выкладаць гісторыю ў Каталіцкім Люблінскім унівэрсытэце, дзе і працуе дагэтуль. У гэтым унівэрсытэце ён праходзіць усе прыступкі навуковай кар’еры: у 1967 г. Клачоўскі стаецца экстраардынарным прафэсарам, у 1974 г. — ардынарным, а пазьней выконвае функцыю дэкана факультэту гуманітарных навук. Паралельна з гэтым Клачоўскі стварае Інстытут гістарычнай геаграфіі касьцёлу ў Польшчы, а потым кіруе ім. Адначасова ён працуе ў Камітэце гістарычных навук пры Польскай акадэміі і Міжнароднай камісіі параўнальнай гісторыі, у якой з 1980 году зьяўляецца віцэ-старшынём. Разам з шырокай навучальнай, навуковай і арганізацыйнай дзейнасьцю ў маштабе Польшчы, ён таксама займаецца — асабліва ў восемдзясятыя гады — актыўнай міжнароднай дзейнасьцю. Клачоўскі выкладае ў «Калеж дэ Франс» , у парыскай Сарбоне, у ангельскім Оксфардзе і амэрыканскім Прынстане.
Адметную старонку жыцьцёвай актыўнасьці Е.Клачоўскага становіць яго грамадзкая і палітычная дзейнасьць. У 1956 г. ён быў адным з заснавальнікаў варшаўскага Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі. У 1981 годзе Клачоўскі кіруе працай Унівэрсытэту Цэнтральна-Ўсходняга рэгіёну «Салідарнасьці» . Ён сябра Грамадзянскага камітэту пры Леху Валэнсу ў 1987–1990 гг., старшыня Грамадзянскага камітэту Любліншчыны ў 1989–1990 гг, з чэрвеня 1990 г. па лістапад 1991 г. — сэнатар ад люблінскага ваяводзтва, сябра Камісіі замежных справаў Сэнату. Зь вясны 1991 г. ён таксама выконвае функцыю старшыні Польскага камітэту ЮНЭСКА і зьяўляецца сябрам Выканаўчай Рады гэтай арганізацыі. У апошні час Клачоўскі шмат увагі прысьвячае і працы ў Польскім інстытуце хрысьціянскай культуры пры Фондзе Яна Паўла ІІ у Рыме.
У 1993 годзе Клачоўскаму была нададзеная годнасьць ганаровага доктара Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а ў 1998 — унівэрсытэту Paris IV (Сарбоны).
8 красавіка 2000 году Ежы Клачоўскі падпісаў калектыўны зварот польскай інтэлігенцыі супраць актаў вандалізму ў дачыненьні да жыдоўскай меншыні ў Польшчы.
Сярод апошніх публікацыяў вылучым кнігу «Młodsza Europa. Europa Środkowo-Wschodnia w kręgu cywilizacji chrześcijańskiej średniowiecza» , выдадзеную выдавецтвам «Państwowy Instytut Wydawniczy» ў 1998 годзе.
Марцэлi Косман*
Кальвiнiсты ў культуры Вялiкага Княства Лiтоўскага
Адметныя элемэнты й чужыя ўплывы
У выдадзеным у 1967 годзе сынтэтычным творы Е. Ахманьскага «Гiсторыя Лiтвы» чытаем: «Запачаткаваная Марцiнам Лютэрам у 1517 г. царкоўная рэфармацыя не магла абмiнуць Лiтвы. Сутнасьць рэфармацыi палягала ня столькi ў крытыцы рэлiгiйных догматаў каталiцкага касьцёлу, колькi ў спробе падрыву ягонай усемагутнасьцi ў грамадзтве, вызваленьня ад эканамiчнага i грамадзкага ўцiску касьцёлу. Асобныя клясы грамадзтва, што падпадалi пад рэфармацыю, напару мелi наўвеце розныя мэты. Багатыя мяшчане не маглi цярпець таго, што царква асуджала лiхвярства. Гэта перашкаджала iм у iх фiнансавых апэрацыях i зьмяншала прыбыткi. Iнтэлiгенцыя бачыла ў рэфармацыi прадвесьце свабоды думкi i веравызнаньня. Тым ня менш, рэфармацыя хутчэй не закранала народных масаў у Лiтве. Занадта моцны ўплыў усё яшчэ на яе аказвала паганства, каб захапляцца рэлiгiйнымi новаўвядзеньнямi. Сяляне не давалi дзесяцiны царкве, а ўцiск быў ня толькi ў царкоўных гаспадарках» [79].
У Вялiкае Княства Лiтоўскае былi перанесены ўнiвэрсальныя рысы рэфармацыйных рухаў. Паганства было афiцыйна заменена на каталiцызм, якi зрабiўся пануючым толькi напрыканцы XIV стагодзьдзя, хаця ўлады — як i ў схрысьцiянiзаваных краiнах — на сваiм двары карысталiся паслугамi манахаў, асаблiва ў дыпляматыi [80], а бальшыня падданых адвеку вызнавала праваслаўе. Царква арганiзацыйна была слабой у параўнаньнi з магнатамi, якiя хутка павялiчвалi сваю магутнасьць, i абшарнiкамi, якiя чакалi прывiлеяў на польскi ўзор; зямлi ўраблялася няшмат (каля 5% ральлi, калi ў Кароне 12%), лiхвярства ня мела значэньня, багатае мяшчанства павiнна было сфармавацца пазьней. Насельнiцтва — праўда — было яшчэ дужа зьвязанае са старымi вераньнямi, i рэлiгiйныя дыскусii ў Польшчы яго не цiкавiлi [81].
Читать дальше