Добра, што гэты стары ўнівэрсытэт, гісторыя якога сягае да першых стагодзьдзяў сфармаваньня Эўропы, прыняў нас, і гэты горад, і гэтыя муры павінны спрыяць такому мысьленьню з дыстанцыяй да нас саміх, да дня сёньняшняга і да дня заўтрашняга. Рэфлексія аб нас саміх, бо гэта павінна быць рэфлексія аб адносінах паміж народамі, якую трэба зыніцыяваць нам. Гэта мы, па сутнасьці, пераймаем адказнасьць за нашы краіны, за тое, кім мы зьяўляемся сёньня, за нашы культуры, бо ўрэшце тое, што я ўкраінец, вугорац або славак, азначае, што я належу да пэўнай культуры — украінскай, вугорскай або славацкай.
Культура — гэта мова, гэта ўзвычаеньні, гэта погляды, гэта цэлы комплекс вартасьцяў. Дзякуючы культуры кожны з нас стаецца чалавекам, гэта культура творыць чалавека. І таму наша мысьленьне, апрача адносінаў паміж людзьмі, датычыць гэтых фундамэнтальных справаў, нас саміх, нашай культуры, пытаньня — кім мы ёсьць? З чым мы сябе ідэнтыфікуем? Сёньня будзе недастаткова сказаць — я ідэнтыфікую сябе з Украінай, Польшчай, Расіяй, Нямеччынай. Якой Украінай? Якой Польшчай? Якой Расіяй? Якой Нямеччынай? Гэта прынцыповае пытаньне.
Мы стаім перад пэўным выбарам, што нам належыць зьдзейсьніць, і вяртаемся да пытаньня, які я чалавек, прынцыповага пытаньня. Перадусім гэта найгалоўнае — які я чалавек. Перш-наперш — паляк, перш-наперш — немец, перш-наперш — украінец — і чалавек. Гэта найважнейшы элемэнт для любога кантакту, бо зь ім даводзіцца спатыкацца людзям ува ўзаемадачыненьнях. А могуць спатыкацца ня людзі, а фанатычныя бэстыі, якія думаюць толькі аб тым, каб адныя вынішчалі другіх, напрыклад, праз этнічныя чысткі і таму падобныя зьявы, што падтрымліваюць нянавісьць рознага тыпу: расавую, рэлігійную, нацыянальную. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба, няшчасны лёс былой Югаславіі павінен быць перасьцярогай для нас якраз у гэты момант.
У рэфлексіі аб культуры варта падкрэсьліць вагу гістарычнай рэфлексіі, але гісторыі, зразуметай так, што трэба выходзіць з саміх сябе, са сваёй гісторыі. Праз гісторыю сваёй сям’і мы трапляем у сапраўднасьць нашых краін, супольнасьцяў. І таму мы як людзі створаны гісторыяй, пэўнай гісторыяй ХХ стагодзьдзя. Але трэба дадаць, што ня толькі XX стагодзьдзя, ня толькі гісторыяй гэтага драматычнага пэрыяду. Нашу культуру ўтварае цэлы шэраг элемэнтаў, якія назапашваліся сотні гадоў. Гуманітарная веда другой палавіны ХХ стагодзьдзя ўвяла надзвычай важнае для сучаснай гуманістыкі паймо мысьленьня аб доўгай працягласьці. Доўгай працягласьці асабліва ў культуры. Элемэнты культуры — гэта элемэнты доўгай працягласьці, іх трэба заўважаць і трэба ўмець іх разрозьніваць, і мне падаецца, што падчас рэфлексіі якраз аб культуры нашых краін, нашай часткі Эўропы, мы павінны разважаць над тымі элемэнтамі культуры, якія абумовілі, што мы сталі людзьмі той нацыянальнай формы, той мовы, у традыцыях якой мы былі ўзгадаваныя.
Мне падаецца, што сёньняшні сьвет чакае вялікая праца. Гэтая праца вельмі выразьліва ўжо некалькі дзясяткаў гадоў ажыцьцяўляецца ў Заходняй Эўропе, калі Эўрапейская Супольнасьць будавалася з увагі на пэўныя традыцыі супрацоўніцтва, якія там існавалі. Мы сёньня ў нашай частцы Эўропы, у той Эўропе, якую звычайна называюць Цэнтральна-Ўсходняй Эўропай — гэта той рэгіён, які мы ўсе рэпрэзэнтуем у гэтай залі — мусім навучыцца прадумваць гісторыю нашага рэгіёну якраз з пункту гледжаньня культураў, якія тут узьніклі, і якія абумовілі тое, што нашым нацыям свомая жыцьцёвасьць. Аднак у ХІХ стагодзьдзі нашых краінаў яшчэ не было, а былі чатыры вялікія дзяржавы ў гэтай частцы Эўропы: Расія, Прусы, імпэрыя з цэнтрам у Вене і Турэччына. Былі моманты ў ХХ стагодзьдзі, калі існавала толькі Ўсходняя Эўропа і Заходняя Эўропа зь мяжой на Эльбе, а сёньня тут 19–20 дзяржаваў. І гэта прыклад таго, што на працягу гэтага доўгага часу сіла культуры, г.зн. людзі, якія ня мелі нават свайго гаспадарства, а мелі якраз сваю культуру, прывяла да таго, што ўзьнікла гэтулькі дзяржаваў на мапе Эўропы.
Мы павінны больш разважаць над нашымі культурамі і адначасова ўсьведамляць сабе адну рэч, што нашы культуры заўсёды ўзьнікалі ў цеснай сувязі з суседзямі і з усім цывілізацыйным колам, да якога мы належым. Гэтае цывілізацыйнае кола, да якога мы належым тысячу гадоў, — гэта Эўропа. Бо Эўропа — гэта цывілізацыя, якая якраз каля 1000 году, у Х стагодзьдзі расшырылася на нашыя краіны. Раней гэта быў Захад з Карлам Вялікім, гэта была Бізантыя, таксама эўрапейская традыцыя, а з Х стагодзьдзя (гэты пэрыяд вызначаюць такія, напрыклад, даты, як 966 г. — хрост Польшчы, 988 г. — хрост Русі) і мы зьяўляемся на мапе Эўропы. Узьнікла Эўропа з нашымі краінамі, узьнікла тое, што мы называем новым хрысьціянствам. Было заходняе хрысьціянства, бізантыйскае хрысьціянства і новае хрысьціянства, што сягала Скандынавіі і межаў Кіеўскай Русі.
Читать дальше