Бясспрэчна, што ключом да азіяцкага посьпеху была этыка працы, а каапэрацыя зь іншымі краінамі разглядалася ў Азіі як гульня. Зь сярэдзіны мінулага стагодзьдзя японцы поўніцай усьведамлялі, што расклад сілаў няроўны і што яны мусяць змагацца зь невыгоднай кан’юнктурай. Адным з назіраньняў князя Акуба, калі ён у 1873 годзе вярнуўся з двухгадовага падарожжа ў Злучаныя Штаты і Эўропу, было тое, што брытанцы адмовіліся ад пратэкцыянізму на карысьць філязофіі laissez-faire адразу пасьля ўзмацненьня свайго эканамічнага першынства. Нават Адам Сьміт мусіў бы згадзіцца з гэтым назіраньнем, піша Дэвід Лэндз і дадае, што японцы навучыліся па-мастэрску абмінаць невыгодныя для іх пастановы, накінутыя сілай дамовы. Сёньня гэта ўжо не пытаньне беспасярэдняга прымусу, а баржджэй уціску і дыялёгу. Амэрыканскія і эўрапейскія эканамісты часта стаўляюць пытаньне: хіба японцы не разумеюць, што іх палітыка ізаляцыі ўласнага рынку ўдарае па іхных уласных спажыўцох? Хіба яны не разумеюць, што вольны гандаль адкрывае шлях да разьвіцьця і багацьця?
«На гэтыя рытарычныя пытаньні, — піша Лэндз, — японцы адказваюць, што мэтай эканамічнай палітыкі ёсьць нізкія цэны і таннае спажываньне. Мэтай ёсьць дамагчыся найбольшага ўдзелу ў рынку, узрастаньня патэнцыялу, прамысловай і вайсковай сілы. Вытворцы важнейшыя за спажыўцоў. Кожны ўмее купляць, але ня кожны ўмее вырабляць» .
Дэвід Лэндз заканчвае сваю кнігу ў міленарным настроі. На працягу апошняй тысячы гадоў чалавецтва павялічылася зь некалькіх сотняў мільёнаў да шасьцёх мільярдаў. Адкінуўшы містыку і забабоны, мы перайшлі ад няпэўных, разумовых назіраньняў да магутнай і ўсё больш усеабсяжнай навуковай веды. Наша веда пра прыроду — адназначна вялікшая і больш надзейная, чымся наша веда пра чалавека. Мала хто хацеў бы павярнуць час назад, але нават тыя, хто адварочваецца ад сучаснасьці, паслугоўваюцца кнігай, акулярамі, езьдзяць аўтамабілямі, карыстаюцца найноўшымі дасягненьнямі мэдыцыны (часам для таго, каб пазбаўляць іншых празьмернай цікавасьці да матэрыяльнага сьвету). Сучасны сьвет падзяляецца на тых, хто траціць грошы, каб пазбыцца залішняй вагі, на тых, хто есьць і п’е дзеля таго, каб жыць, і на тых, хто не ўяўляе, дзе й калі ім паталаніць паесьці ў наступны раз. Калі мы можам нечага навучыцца з гісторыі эканамічнага разьвіцьця, піша Лэндз, — гэта таго, што перадусім культура ёсьць асноўнай крыніцай гэтых адметнасьцяў. Людзі, якія жывуць сваёй працай, — гэта невялікая і прывілеяваная эліта, але гэтая эліта адкрытая для ўсіх. Выснова, якую можна зрабіць з гэтай кнігі, палягае ў тым, што мы пастаянна мусім рабіць усё новыя і новыя спробы трапіць у яе. Тут няма надзеі на цуд, на дасканаласьць, на міленарны пералом. Мы мусім культываваць скептычную веру, піша Лэндз, — унікаць догмаў, умець слухаць і бачыць, спрабаваць удакладняць і фармуляваць свае мэты і шукаць усё лепшыя сродкі для іх рэалізацыі.
Эўрапейскі Зьвяз — гэта супольнасьць, дзе вядуцца прыземленыя спрэчкі пра цэны на селядцы і ялавічыну, пра мытныя тарыфы, пра магчымасьць паступовай адмовы ад межаў. Гэта супольнасьць, у якой людзі і нацыі вучацца адзін у аднаго, дзе ад самага пачатку існуе першынство эканамічных справаў перад палітычнымі, ня кажучы ўжо пра ідэйныя або рэлігійныя прынцыпы. Эўрапейскі парлямэнт не займаецца праблемай люстрацыі або нават хрысьціянскіх вартасьцяў. У краінах Зьвязу практычна ўжо няма людзей, якія ня ведаюць, што, дзе й калі яны змогуць паесьці ў наступны раз. Удзел у гэтай супольнасьці здаецца мне не найгоршай мэтай.
Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 6, 1999.
* Анджэй Карашэўскі— польскі публіцыст, пісьменьнік, журналіст, аўтар кніг з сацыялёгіі культуры. Займаў пасаду віцэ-дырэктара польскай службы Бі-Бі-Сі, з 1998 году стала жыве ў Польшчы. Ляўрэат публіцыстычнай прэміі імя Юліюша Мерашэўскага часопісу «Kultura» за 1999 год.
Вялікі розгалас спарадзіла яго кніга «Wielki poker» , прысьвечаная сытуацыі на польскай вёсцы, асабліва з малазямельнымі сялянамі, напярэдадні ўступленьня Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз.
Сярод апошніх публікацыяў адзначым кнігу «W grzechu poczęci — wiara i seks we współczesnym świecie» (Wydawnictwo Naukowe SCHOLAR, 1996).
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды рэдакцыі часопісу «Kultura».
Ежы Клачоўскі*
Традыцыі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы — досьвед, важны для нашых часоў
Спадар Старшыня, Рэктар, Шаноўнае Спадарства. Дарагія сябры!
Тэма згуртаваньня народаў, якую мы сёньня сабе ставім, зьяўляецца тэмай нялёгкай, але вартай рэфлексіі, тэмай нязвычна істотнай, тэмай, якая стаіць перад намі ўсімі, бо існуе або пэрспэктыва нейкай татальнай катастрофы, або пэрспэктыва згуртаваньня.
Читать дальше