Шмат месца прысьвячае Дэвід Лэндз аналізу розных узораў пратэстанцкага і каталіцкага каляніялізму. Гішпанцы і партугальцы вырушаюць у сьвет на пошукі залатога руна. Сёньня, з гістарычнай пэрспэктывы, мы можам сказаць, што Паўночная Амэрыка мела проста лепшыя прыродныя ўмовы — лепшую зямлю, лепшы клімат, лепшыя камунікацыйныя магчымасьці, важную сыравіну. Аднак ад самага пачатку пратэстанцкія і каталіцкія калянізатары стаўлялі сабе цалкам розныя мэты. Гішпанцы і партугальцы шукаюць найперш золата і срэбра. У чарговыя паходы амаль на сто працэнтаў рушылі маладыя адзінотныя мужчыны са зьбяднелай шляхты. Тым часам сярод брытанскіх або галяндзкіх калянізатараў пераважалі цэлыя сем’і, як правіла, тут ёсьць таксама земляробы і рамесьнікі. У першую фазу калянізацыі імгненна павялічваюцца гішпанскія і партугальскія запасы золата і срэбра, выклікаючы лявінападобнае ўзрастаньне імпарту і паступовае скарачэньне ўласнай вытворчасьці. Сыстэма пасяленьня ў заваяваных краёх падпарадкоўваецца таму самаму прынцыпу ксэнафобіі, які дзейнічае ў мэтраполіі. У гішпанскія калёніі пускаюць толькі гішпанцаў-каталікоў. Партугальцы мусілі быць больш цярпімымі і прымалі кожнага, абы гэта толькі быў шчыры каталік. Адміністрацыйная сыстэма гэтых калёній займалася перадусім транспартаваньнем здабычы на бацькаўшчыну і пільнаваньнем духоўнай чысьціні. Першы занятак быў дастаткова прыбытковым, каб карупцыя сталася галоўным прынцыпам падзелу пасадаў у калёніях, а другое дазваляла не пускаць на поле бітвы ўсіх непажаданых праціўнікаў. Гішпанцы пачуваліся валадарамі найвышэйшай духоўнай культуры і бяз зайздрасьці пазіралі на захоп «убогіх» земляў брытанцамі і на прымітыўныя звычаі жыхароў брытанскіх калёніяў. У той час, калі брытанскія і галяндзкія калёніі імгненна сталіся самастойнымі ў сфэры вытворчасьці інструмэнтаў, зброі, караблёў і г.д., каталіцкія калёніі амаль усё завозілі з сваіх мэтраполіяў (а дзеля таго што вытворчасьць там заняпала, гэта часта былі брытанскія або нямецкія вырабы). Злучаныя Штаты здабылі незалежнасьць, бо адчулі сябе эксплюатаванымі, а насельніцтва ня мела ахвоты згаджацца з абмежаваньнямі эканамічнага разьвіцьця, якія наклаў Лёндан. Краіны Паўночнай Амэрыкі стаюцца незалежнымі ў XIX стагодзьдзі ў выніку палітычнага і эканамічнага банкруцтва іхных мэтраполіяў. Незалежнасьць звалілася на іх так сама, як нядаўна на колішнія савецкія рэспублікі.
Лэндз зьвяртаецца да пытаньня, над якім ужо шмат хто задумваўся: чаму прамысловая рэвалюцыя адбылася ў Англіі і ці сапраўды гэта была рэвалюцыя? Для яго другая частка гэтага пытаньня ёсьць уступам да адказу на першую. Выбух вынаходніцтва на пачатку XIX стагодзьдзя — гэта толькі паскарэньне працэсу, які цягнуўся ўжо задоўга да гэтага. Чаму ў Англіі — бо Англія першая адмовілася ад прыгону і перайшла на чыншавае гаспадараньне ў земляробстве, бо мела найбольш разьвіты падзел працы, бо мела найвышэйшы адсотак пісьменнага насельніцтва, бо рамяство не было абмежавана цэхамі да такой ступені, як у іншых краінах, бо тут быў найбольшы развой дакладных навук і найбольшае назапашваньне тэхнічнай веды. Чаму ў Англіі, а не ў Нямеччыне, Італіі або Францыі? Рэнэсанс зь яго паваротам да дакладных навук пачаўся ў Італіі, але італійскія або ганзэйскія месты цярпелі на гіпэртрафію ўлады рамесьніцкіх цэхаў, якія дбалі пра тое, каб масавая вытворчасьць не нанесла шкоды іхным прыбыткам. Штосьці падобнае было ў Францыі. Больш за тое, Францыя і Італія ў выніку контрарэфармацыі, перасьледу пратэстантаў і жыдоў страцілі мноства спэцыялістаў. (Лэндз зьвяртае ўвагу на тое, што, напрыклад, бальшыню францускіх вытворцаў гадзіньнікаў складалі пратэстанты, і яны або загінулі, або былі выгнаныя.)
Іншай спадчынай сярэднявечча (нашмат мацнейшай на мацерыку, чымся ў Англіі) былі бар’еры межаў і мытняў, якія перашкаджалі гандлю. Мытныя зборы на ўсіх месцкіх раздарожжах і на рэчках. «Валы і жыды па чатыры пфэнінгі» , — цытуе Лэндз інфармацыю, якая сустракалася на брамах шмат якіх нямецкіх мястоў. Безумоўна, усе гэтыя зборы стваралі ніяк не падваліны інфраструктуры, а толькі перашкоды для гандлю. У Нямеччыне гэтыя мытні выглядалі на параною. Толькі Напалеон прымусіў звольніць гандаль ад мытаў па лініі Рэйну, пасьля мытную сыстэму спрабавалі ўпарадкаваць у 1834 годзе, але ў асобных нямецкіх краінах раздарожжы пасьпяхова служылі бар’ерам для прагрэсу гандлю яшчэ ў семдзясятых гадох мінулага стагодзьдзя. Хто ведае, ці толькі разьвіты заморскі гандаль, ці таксама іншыя чыньнікі абумовілі тое, што пошасьць мытных бар’ераў нарабіла менш шкоды ў Англіі, чымся ў якой-любя іншай краіне Заходняй Эўропы, аднак гэта мела значэньне для разьвіцьця рынку і для пашырэньня тэхнічных навацыяў.
Читать дальше