Гэта гісторыя, на якую мы занадта мала зьвяртаем увагі ў школьных падручніках, забываючыся, што гэта наш супольны здабытак. Дагэтуль мы гаварылі аб гісторыі нашых краінаў як бы адасоблена, забываючыся аб супольных здабытках. Аднак гэта была вялікая эпоха, і таму ў нашых краінах існуе ўспамін аб гэтых стагодзьдзях.
І можа, гэта не выпадкова, што калі вольная Ўкраіна стварыла новы ўнівэрсытэт у Кіеве, то яго патронам быў абраны Пётра Магіла, які гэтаксама зьдзяйсьняў гэты экспэрымэнт. Гэта быў чалавек многіх культур, які патрапіў стварыць у Кіеве інтэлектуальны асяродак, вельмі важны для Ўкраіны. Калі ў Менску быў створаны асяродак рэфлексіі над Беларусьсю, яго патронам быў абраны Францішак Скарына — чалавек гэтай эпохі, зьвязаны з Кракавам, Вільняй, Менскам, Прагай. Прыклады можна было б множыць бясконца.
Мы не зьбіраемся займацца ідэалізацыяй, бо ў гэтым сужыцьці было мноства нэгатыўных зьяваў. Аднак мы не адмаўляем той вялікай традыцыі, у якой фармаваліся нашыя культуры. Бо няма польскай культуры без Украіны і Беларусі. Няма Ўкраіны ў культурным сэнсе — прыгадаем Ігара Шаўчэнку — безь Бізантыі і Польшчы. Тут фармаваліся элемэнты нашых культураў, тут дзейнічалі людзі, якія часам належалі да многіх традыцыяў. Гэты досьвед пэўнага нашага плюралізму адначасова зьяўляецца эўрапейскім досьведам, нашым пропускам у Эўропу. Гэта — эўрапейскія вымеры нашага досьведу. Калі сёньня мы гаворым аб гэтым прадстаўнікам Заходняй Эўропы, то яны кажуць, што мы апярэдзілі іх у гэтай дзейнасьці. Мы спадкаемцы вялікай эўрапейскай культуры, якую тут зь вялікімі цяжкасьцямі і мазалямі на працягу соцень гадоў спрабуюць рэалізаваць. Напару ў сьвеце нас уяўляюць як новыя дзяржавы, якія ўзьніклі некалькі гадоў таму. А ў нас жа ёсьць доўгае культурнае карэньне, аб чым мы павінны гучна гаварыць, як і аб тым, што кожная з нашых культураў разьвівалася ў супольнасьці іншых.
Мы стварылі цэлую сетку інстытутаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, якая займаецца працай у тым ліку над новымі сынтэзамі нашых краін. Мы павінны разьвіваць культурны турызм, а турыстам даць праводнікі, якія б прэзэнтавалі шматкультурную спадчыну нашых гарадоў. Мы прывязаны да нашай малой бацькаўшчыны, але трэба адначасова памятаць, што нашы культуры зьяўляюцца ўзаемазалежнымі.
Многія ў сьвеце ўяўляюць нас як няздольных да сужыцьця, падкрэсьліваючы, што мы ў змозе толькі біцца паміж сабой, і як прыклад прыводзячы цэлую пляяду войнаў паміж намі. Але ж у нашай культуры ёсьць глыбокая традыцыя сужыцьця, і мы рашуча хочам выбраць такую культуру, такую Ўкраіну, такую Польшчу, такую Расію, такую Нямеччыну, такую Чэхію, якая была б адкрытай для іншых і не замыкалася б у цесным нацыянальным шавінізьме. І гэта выбар, які стаіць перад намі, і інтэлектуальнае заданьне, якое нам трэба ажыцьцявіць. Пашчасьціў нам, пашчасьціў вам Божа як найхутчэй выканаць гэтую місію.
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
* Ежы Клачоўскі— буйны польскі навуковы, палітычны і культурны дзеяч. Жыве і працуе ў горадзе Любліне.
Зьмешчаны ніжэй тэкст быў пакладзены ў аснову прамовы, што прагучала ў ліпені 1994 году падчас першага сойміку моладзі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ў Кракаве.
Паслоўе перакладніка
Так склалася, што на гэты раз у цэнтар нашай увагі патрапіла постаць, даволі буйнамаштабная для нашай прасторы. Мы вядзем гаворку пра Ежы Клачоўскага, знакамітага польскага гісторыка рэлігіі, аўтара шматлікіх працаў зь мінуўшчыны Рэчы Паспалітай і лёсаў славянскай цывілізацыі ў Эўропе. Дасьледаваньні Клачоўскага ўжо даўно атрымалі шырокі розгалас у сьвеце, чаму не ў апошнюю чаргу паспрыяла іх даступнасьць і кампэтэнтнасьць, а таксама арыгінальныя гістарычныя канцэпцыі аўтара. Кнігі гэтага дасьледніка вызначаюцца глыбокай ступеньню пранікненьня ў сутнасьць разгляданых зьяваў, багацьцем прыводжаных фактаў, пошукам і генэралізацыяй новых, напару нават нечаканых ідэяў. Адметнай рысай дасьледаваньняў Клачоўскага выступае тое, што яны не замыкаюцца ў абсягу гісторыі як таковай, а апэлююць да гісторыі матэрыяльнай культуры, культурнай антрапалёгіі, этнаграфіі, сацыяльнай гісторыі, статыстыкі і картаграфіі.
Некаторыя працы Клачоўскага пабачылі сьвет і на Захадзе. Ён зьяўляецца аўтарам многіх разьдзелаў шматтомнай «Histoire du christianizme des origines a nos jours» , якая друкуецца ў Парыжы сусьветна вядомым выдавецтвам «Foyard» . Ужо будучы дырэктарам Інстытуту Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ў Любліне, Клачоўскі зыніцыяваў і ўзначаліў выданьне шматтомнага «Атлясу грамадзка-рэлігійнай гісторыі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы» .
Читать дальше