Адказваю, што гэта нават не пытаньне, а сьмешная спроба дыскусіі. Дэман, аднак, не ўдаецца ў дыспуты зь людзьмі. Ягонае існаваньне не патрабуе ні абгрунтаваньня, ні доваду, паколькі яно ня мае прыроды факту. Калі людзі інтэрпрэтуюць ягонае існаваньне інакш, калі, напрыклад, прыпісваюць яму чыста казуістычны характар, то гэта толькі адна з шматлікіх формаў іх аблуды. Я, аднак, ужо сказаў, што мяне зусім не абыходзіць вера ў маё існаваньне. Ужо некалькі стагодзьдзяў таму тэолягі заўважылі, што супольнікаў д’ябла найлягчэй пазнаць па тым, што яны пярэчаць існаваньню д’ябла. У гэтым выказваньні, зьлёгку перабольшаным, ёсьць зерне праўды. Бо па сутнасьці, вяртаючыся да пачатку майго інтэрвію, нявера ваша ня толькі ня стрымлівае маёй працы, але хутчэй спрыяе ёй, яна належыць, як зьнеслаўляльная аблуда, да насьледкаў таго заняпаду, у які скручваецца традыцыя, паволі абдзіраная з рэштак змарнаванай велічы. Карціна гэтая нясе добрую навіну, добрую навіну дэмана. Таму мне падаецца карысным, каб зьмест таго, што я гаварыў, а таксама сам факт майго сёньняшняга інтэрвію незваротна згубіўся ў вашай памяці, і каб за выдумку і насланьнё было палічана ўсё тое, сьведкамі чаго вы былі, спадары, некалькі хвілін таму і што разам з тымі хвілінамі спадае ў канчатковае забыцьцё.
Тэкст перакладзены паводле: Leszek Kołakowski. Bajki różne. Opowieści biblijne. Rozmowy z diabłem. Warszawa, Iskry, 1990.
Ключ нябесны, або Аповеды, пабудаваныя на сьвятой гісторыі і для навучаньня і перасьцярогі прызначаныя
1. Бог, або Супярэчнасьць паміж матывам і насьледкамі ўчынкаў
Бог учыніў сьвет для сваёй хвалы. Зьвестка гэтая — з пункту гледжаньня Пісьма — не пакідае сумневу і, больш за тое, зьяўляецца адной з самых даступных нашаму разуменьню. Па сутнасьці лёгка скеміць, што веліч, якую ніхто ня можа пабачыць, адчувае сябе нядобра. Якраз у гэтых варунках у яе зьнікае ахвота быць вялікай — веліч марнуе сябе і нічому ня служыць; ня варта быць вялікім ува ўстаноўленай раз і назаўсёды адзіноце. Пры поўнай адзіноце мы манімся больш грашыць і бесьперашкодна спаўняць свае прыхамаці — хаця і граху тады няма, бо ў чым можа палягаць грэх асобы, абсалютна і безнадзейна ізаляванай? Адсюль вынікае, што няма розьніцы паміж грэшнікам і сьвятым, калі той адзін існуе на сьвеце. Сьвятасьць і любая веліч можа рэалізаваць сябе толькі ў нейкім атачэньні — чалавечая сьвятасьць можа існаваць толькі з увагі на Бога, а сьвятасьць самотнага Бога? Таму найменшага драбочку фанабэрыі — а хто ж яе ня мае? — хапіла б, каб Бог зажадаў стварыць сьвет. Ён стварыў яго ў адпаведнасьці з сваімі магчымасьцямі і насамрэч стаў вялікім, бо здабыў некага, хто мог ім захапляцца і з кім ён мог сябе параўнаць — як жа выгадна! Не зьдзіўляймася; адзінота — гэта ліхое вынаходзтва, і сытуацыя адзіноты больш адпаведная пеклу, чымся таму месцу, у якім знаходзіўся Бог да стварэньня сьвету, — месцу, папраўдзе, недакладна нам вядомым, але паўсюдна ўважаным за надта выгоднае. Такую адзіноту, зрэшты, нам цяжка сабе ўявіць, зважаючы на тое, што самая глыбокая чалавечая адзінота заўсёды ёсьць адзінотай ад нечага, што існавала, — ёсьць пазбаўленьнем сябе ад існай раней і вядомай рэчаіснасьці; адзінота Бога наконадні стварэньня сьвету ня мела нават згадак і не магла таму знайсьці спацехі ў фантазіі, у памяці — ба! — у самым пачуцьці адзіноты, якое ўсё ж патрабуе ўсьведамленьня сваёй процістаўленасьці або дыстанцыі да сьвету. Калі ж сьвету не існуе і ніколі не існавала, няма таксама гэтай дыстанцыі; няма па сутнасьці адзіноты, бо няма таго, узглядам чаго можна быць самотным. Асэнсоўваючы справу з гэтага пункту гледжаньня, мы фактычна ня маем прэтэнзіяў да Бога за стварэньне сьвету, паколькі для яго гэта быў адзіны спосаб вырвацца з пустэчы.
Аднак — нагадаем — гаворка ішла ня толькі пра адзіноту. Гаворка ішла і пра спаталеньне прагі хвалы. Прага хвалы не выклікае прыхільнасьці ў асьвечанай публікі, і ў любым выпадку яе надта выяўнае маніфэставаньне не ўспрымаецца за адзнаку добрага густу. Але так сталася. Бог стварыў сьвет для сваёй хвалы і пасьпяшаўся азнаёміць людзей з матывамі гэтага ўчынку. Нястача сьціпласьці была кампэнсавана годнай пахвалы шчырасьцю.
Што ж — можаце сказаць вы — матыў быў мала хвалебны, а вынікі працы ня дужа памысныя. Не магу з гэтым згадзіцца. Я не сьцьвярджаю, што створаны так сьвет — гэта надта ўдалы твор, і ў любым выпадку меркаваньне, што ён быў пабудаваны абсалютна мудрай і ўсемагутнай істотай, падаецца мне моцна перабольшаным. Аднак я важуся сьцьвярджаць, што — нават такі — ён нясе на сабе пэўны адбітак велічы, скажу нават больш — генію. Ён — як і шмат якія чалавечыя дзеі — хаатычны, бязь яснай ідэі, своеасаблівы кіч, няўмелы, бяз смаку; хаўрусаваньне зь ім часта бывае непрыемным. Аднак — паўтараю — гэта сапраўды вялікі, вабны твор. Довадаў на карысьць гэтага шмат, і я гатовы прадставіць іх у адпаведны момант. У кожным выпадку гэта факт — і ён мае найважнейшае значэньне для ацэнкі, — што сьвет паддаецца пэўнаму ўдасканаленьню, і пры вялізных намаганьнях вялізнай масы людзей можна ў ім ажыцьцявіць малюпасенькія зьмены да лепшага; гісторыя, насуперак усяму, у пэўнай меры пацьвярджае такі погляд.
Читать дальше