Перахаджу да другога пытаньня: як структурны складнік быцьця, дэман, пагаджаецца са сваёй пазыцыяй у сьветабудове?
Мне лёгка адказваць на гэтае пытаньне, аднак я ня пэўны, ці здолееце вы так лёгка сьцяміць сэнс майго адказу. Бо прырода дэмана прадугледжвае станаўкое і безумоўнае прыняцьцё свайго месца і адначасна супраціў яму. Дэман прагне зла, і таму зьніштажальную сваю працу ён прагне зьдзяйсьняць і надалей, ня хочучы зьмяняць свайго знаходжаньня ў парадку або беспарадку сьвету і, пагатоў, свайго знаходжаньня як нэгацыі парадку ў сярэдзіне парадку. Тым самым ён згаджаецца быць тым, кім ён ёсьць. Адначасна, якраз таму, што ён ёсьць тым, чым ёсьць, ён ёсьць адмаўленьнем таго самага парадку, які вызначае яго месца як свайго нэгатыўнага складніка. Жывучы з нэгацыі ладу, ён жыве тым самым з таго самага ладу, якому пярэчыць і які, са свайго боку, суакрэсьлены ў сваім існаваньні прысутнасьцю той нэгатыўнай сілы, якой ёсьць дэман. Сьвет, у якім бы справа дэмана атрымала першапачатковае завяршэньне, быў бы сьветам бяз дэмана, і таму ён быў бы адмаўленьнем дэмана, да таго ж дэман ня можа існаваць інакш, як у руху, арыентацыйным матывам якога зьяўляецца зьдзейсьненьне зьніштажальнай справы канчатковым чынам. Паколькі тады сам дэструкцыйны голад стварае дэмана, заспакаеньне гэтага голаду патрабуе прысутнасьці вынішчальнага ладу, і тым самым пэўнага ўраўнаважаньня абедзьвюх формаў быцьця, зь якіх складаецца сьвет; таму для мяне няма нічога больш ненавіснага, як ураўнаважаньне. Загэтым трэба прызнаць, што дэман — гэта не галодны суб’ект дэструкцыі, а сам голад, бо галодны суб’ект можа дасягчы заспакаеньня, але для самога голаду заспакаеньне суб’екта азначае згасаньне. У гэтым сэнсе дэман насамрэч паклаў сваю прысутнасьць на пэўнай шалі, якой ён надае стан раўнавагі што да іншай, імкнучыся адначасна да парушэньня гэтай раўнавагі ў немагчымай і супярэчлівай празе застацца самім сабой пасьля зьніштажэньня свайго антаганіста. Так належыць разумець славуты зварот Гётэ — ein Teil von jener Kraft etc., — які паказвае на непрадухільную супярэчнасьць, закладзеную ў самой экзыстэнцыі дэмана, а не, як тлумачаць недалёкія законьнікі, на тое, што нібыта з боскай волі ўчынкі дэмана так ці іначай абяртаюцца ў сваю адваротнасьць, гэта значыць, у будаваньне замест ніштажэньня. Зрэшты, гэтую ж самую супярэчнасьць, дадам, можна выкрыць і ў Бога, калі трактаваць яго як быцьцё, якое зьяўляецца першапачатковым у адносінах да дэмана, але не зьяўляецца абсалютным тварэньнем; пры прызнаньні гэтай першапачатковасьці ўсё роўна, ці будзем мы трактаваць дэмана як адмаўленьне суладзьдзя, ці хутчэй суладзьдзе як адмаўленьне дэмана, або адмаўленьне адмаўленьня, але тады супярэчнасьць, аб якой я казаў, аўтаматычна стаецца супярэчнасьцю Бога. Аднак я ўсьведамляю пэўныя пярэчаньні супраць такой інтэрпрэтацыі і ня буду ўдавацца ў справу, грунтаўнейшае вырашэньне якой змусіла б мяне да адмысловага роздуму над самой прыродай боскай творчасьці і над яе нэгатыўным па сутнасьці характарам.
Таму пераходжу да трэцяга пытаньня, якое, зрэшты, ёсьць толькі фрагмэнтам папярэдняга: ці гэта абсалютна пэўна, што дэман ня можа разьлічваць на збаўленьне?
Мне здаецца, што я разумею інтэнцыю таго, хто спытаўся пра гэта. Стаўленьне Бога да ўпалых анёлаў па сутнасьці падаецца надзвычай несправядлівым, калі параўнаць гэта зь яго стаўленьнем да людзей. Бо анёлаў — што, зрэшты, бясспрэчны факт сярод ангелалягаў — неабходна лічыць творамі больш дасканалымі за чалавека, ужо хаця б з увагі на прынцыповую адсутнасьць зьніштажальных субстанцыяў у іх будове; гэта даведзеная рэч. Чаму ж тады Бог збавіў людзей коштам пакутаў і сьмерці ўласнага сына, але не зрабіў таго ж самага ў дачыненьні да ўпалых анёлаў, паколькі ў абодвух выпадках грэх палягаў у непаслушэнстве, якое, з пункту гледжаньня Бога, заўсёды грэшнае ў аднолькавай ступені, не зважаючы на акалічнасьці і памер насьледкаў, і заўсёды зьневажае яго таксама ў аднолькавай ступені. Corruptio optimi pessima? Гэта толькі выслоўе, якое ня мае аргумэнтацыйнай сілы і якое, зрэшты, калі б яно было праўдзівым, не змагло б нічога вытлумачыць, паколькі, паўтараю, непаслушэнства як грэх не падлягае градацыі і, больш за тое, заўсёды зьяўляецца таксама няскончанай віной. Ну і што? Адказ можа быць толькі адзін: Бог ня збавіў дэмана, паколькі ня быў у стане гэтага зрабіць. Наколькі гэта відавочна, відаць, калі задумацца над боскай прыродай: Бог мусіць прагнуць збаўленьня дэманаў, гэта значыць, папросту зьніштажэньня іх як дэманаў. Калі яго жаданьне аказалася безвыніковым і бясплённым, то якраз таму, што падзеньне анёлаў было ня фактам, ня чымсь выпадковым, а выяўленьнем абавязковай структуры сьвету, а яго насьледкі тады незваротныя, бо яны закладзеныя ў прыродзе быцьця. Немагчымасьць збаўленьня дэманаў — гэта найбольш моцны аргумэнт на карысьць згаданага тэзысу, які інтэрпрэтуе падзеньне анёлаў як актуалізацыю пэўнай неўнікнёнай якасьці быцьця, адвечнай у дачыненьні да Бога. Я мяркую, гэта той аргумэнт, які з вашага пункту гледжаньня можа мець вартасьць.
Читать дальше