Зьніштажальная сіла, якая ня прагне нічога іншага, апрача самога ніштажэньня. Вы сустракаеце яе паўсюль і штодня адчуваеце яе прысутнасьць — у вашых паразах і памылках, у бязьлітаснасьці і сьмерці, у адзіноце і ў няспраўджаных жаданьнях. Вы сустракаеце яе твар у твар, і найчасьцей яна прысутнічае ня там, дзе зьніштажэньне разумнае, дзе жорсткасьць і зло — гэта толькі інструмэнт, а якраз там, дзе яна ёсьць мэтай самой па сабе.
Калі зло мае рацыю — калі яно ўзьнікае зь любоўнай пажады, зь ляку, з прагі багацьця, з пыхі, з нікчэмнасьці ці нават з помсты, — мой удзел у ім невялікі. Зло гэтае абумоўленае, рацыянальнае, яно хоча толькі дасягчы мэты, якой бы імкнуліся дабіцца і безь яго, калі б безь яго яна была дасяжная. Сама жарсьць, сама пажада ці страх паходзяць не ад д’ябла, а зло, якое служыць іх заспакаеньню, служыць толькі неабходным інструмэнтам.
Толькі там поўніцай зьяўляецца шатан, дзе зьніштажэньне ня мае апрача сябе іншай мэты, бязьлітаснасьць зьдзяйсьняецца дзеля бязьлітаснасьці, прыніжэньне дзеля прыніжэньня, сьмерць дзеля сьмерці, пакута бяз мэты, або дзе мэта — гэта толькі надзетая ў апошні момант маска, што рацыяналізуе зьніштажальны голад. Толькі там, хаця б у нязначнай паразе быцьця, перад вамі зьяўляецца ледзяны гвалт, які вы ня зможаце ні да чаго зьвесьці, нічым вытлумачыць, нічым абгрунтаваць. ЁН ёсьць, бо ён ёсьць рэччу як рэч. Гэта вам дацяміць найцяжэй. Любое зло, якое мае рацыю, вы можаце пазбавіць ягонае рацыі, урэшце вы можаце інакш уладкаваць сьвет. Але зла, якое само па сабе ёсьць рацыяй як менавіта зло, — гэтага зла вы ня здолееце пазбыцца. Яго дарэмна зводзіць да праявы той ці іншай сілы, якая «сама сабой» павінна быць бясшкоднай і добрай, або скіраванай на тварэньне дабра, або таксама выпадковым зьвіхам, адхіленьнем, абэрацыяй, манструальнасьцю — неадэкватнай праявай рацыянальнага ўладкаваньня, якое дзейнічае ў неадпаведных умовах. Д’ябал не падлягае рэформе. Д’ябал ня можа быць вытлумачаны, ён дадзены разам з вашым існаваньнем, ён рэч, ён ёсьць тым, кім ёсьць. Гэта можа здавацца дзіўным, што ў сьвеце, у якім вы з такой настойлівасьцю намагаецеся вылавіць (каб не сказаць: накінуць яму) парадак, утоены ў амальгаме выпадковых здарэньняў, зло і надалей падаецца вам родам факту або нерэгулярнасьці — а ў кожным факце абавязкова зьмяшчаецца нерэгулярнасьць, і вы пачынаеце адмаўляць яму ў матэрыяльнай і аб’ектыўнай прыродзе, і замест таго, каб уключыць яго ў свой вобраз земных рэальнасьцяў, ставіцеся да яго з канкрэтнасьцю эстэтаў. Зрэшты, гэта, мабыць, нядзіўна, у вас ёсьць прычыны для такога маскараду, які аддаляе вас ад дэмана і тым самым прыводзіць да таго, што ваша энэргія практычна не знаходзіць перашкодаў, якія пакліканы навязаць ёй перакананьне аб пэўных фундамэнтальных межах яе дзейнасьці. Такім чынам, ваша веда аб сьвеце і надзея на магчымасьці выкарыстаньня гэтай веды для пераўтварэньня сьвету могуць пасоўвацца наперад pari passu, у сьляпой зацятасьці, якая дазваляе вам трактаваць зло як меншаючыя шчыліны факту ў сьвеце, які ў сутнасьці ўпарадкаваны на падставе дабра.
Але досыць аб гэтым. Я вырашыў, што ня буду пускацца ў мэтафізычныя абшары, дзе і так ні ў якім разе ня здолею пераадолець вашых хімэрычных прымхаў; тым часам тое-сёе і так высьлізнула ад мяне. Таму я заканчваю і чакаю пытаньняў, падкрэсьліўшы яшчэ, што насуперак шырокараспаўсюджанаму меркаваньню д’ябал увогуле не валодае пачуцьцём гумару; у яго няма інтэлекту, калі пад інтэлектам разумець пасьлядоўнае ўменьне адэкватна вылучаць са сьвету і парадкаваць пэўныя якасьці, якія спараджаюць актуальны інтарэс, — таму, і гэта зразумела, мне непатрэбна парадкаваньне чаго-небудзь, і што я не магу мець якасьцяў, якія прыдатныя для ўтварэньня ступеняў параўнаньня, падобна як камень ня можа быць менш або больш каменны.
Паўтару першае пытаньне: калі дэман належыць да прыроды быцьця, ці трэба лічыць легендай гісторыю аб падзеньні анёлаў і меркаваць хутчэй такім чынам, што т.зв. упалы анёл у сапраўднасьці ёсць адвечным супернікам Бога?
Адразу адказваю: не. Гісторыя падзеньня анёлаў, безумоўна, аўтэнтычная, з чаго, аднак, нельга выснаваць, што зло мае характар факту і не зьяўляецца структурнай уласьцівасьцю быцьця. Каб уявіць гэта сабе, дастаткова зьвярнуць увагу на абсалютную няўхільнасьць таго факту падзеньня анёлаў — ня ў тым сэнсе, у якім кожны адбыты факт зьяўляецца няўхільным, а ў тым, калі ён раз адбыўся, увёў новую і нязьменную структуру сьвету, усярэдзіне якой зло выступае інтэгральным і канстытутыўным фактарам. Калі, аднак, спыніцца на гэтым, трэба будзе прызнаць, што зло сапраўды прысутнічае ў сьвеце структурным чынам, але само яго паходжаньне зьяўляецца чыста факталягічным і выпадковым. Адылі гэта ня так. Той факт падзеньня, разгледжаны з пазьнейшай пэрспэктывы, ня можа быць нічым (sic!) іншым, як зьдзейсьненай у часе маніфэстацыяй або актуалізацыяй пэўнай патэнцыі быцьця, безадносна трывалай і адвечнай, хаця, можа быць, утоенай на нейкі час для некаторых. Кажучы «некаторых» , я ня маю на ўвазе, зразумела, Бога, для якога справа мусіла быць яснай ад пачатку.
Читать дальше