Гэткiх прыкладаў, што пацьвярджаюць iмавернасьць эвангелiчных аповедаў на подзе новых дасьледаваньняў, можна яшчэ болей знайсьці ў гэтай i iншых гiстарычных кнiгах. Аднак адсюль не вынiкае, што ўсё зьяўляецца імаверным. Разьбежкi памiж Эвангельлямi былi вядомыя заўсёды, пачынаючы з генэалёгii ў Мацьвея i Лукi. Зрэшты, верыць, што Эвангельлi зьяўляюцца беспамылковымi ў кожнай драбнiцы, — азначае верыць, што боская апека баранiла ня толькi аўтараў ад памылак, але i перапiсчыкаў, што ёсьць надта сьмелым дапушчэньнем у наш век. Можна таксама ўгледзець, без супярэчнасьцi, боскую волю ў гэтых тэкстах i не ўважаючы, што кожнае слова было наўпрост прадыктавана Богам.
Сынаптычныя Эвангельлi былi напiсаныя, на думку гiсторыкаў, у часы, калi павiнны былi яшчэ жыць сьведкi апiсаных падзеяў, а найранейшыя з захаваных рукапiсаў паходзяць з IV стагодзьдзя (пэўныя фрагмэнты нават з II), i таму яны зьяўляюцца значна ранейшымi за iншыя антычныя дакумэнты, iмавернасьць якiх не падлягае сумневу, i мала iснуе дакумэнтаў з тых часоў, гэтак жа добра пацьверджаных (апакрыфiчныя эвангельлi лiчацца недастаткова каштоўнай крынiцай, бо яны былi напiсаны пазьней i зьмяшчаюць вустаўкi, якiя паходзяць з усходнiх рэлiгiяў, дарма што часам яны падаюць зьвесткi, якiх кананiчныя тэксты ня знаюць i якiя могуць быць аўтэнтычнымi).
Але памiж гiстарычнымi драбнiцамi i тэалягiчнымi iнтэрпрэтацыямi (якiя датычаць Тройцы i Перамяненьня Гасподняга) ляжыць справа цудаў. Пры рацыяналiсцкiм падыходзе, што «цудаў няма» , усе падзеi, зьвязаныя з цудамi, якiя мы ведаем у Эвангельлi, у сiлу дэдукцыi аўтаматычна прызнаюцца несапраўднымi. Але той, хто верыць у Бога хрысьцiян (у адрозьненьне, напрыклад, ад Бога Ньютона), хто неяк пераймаўся хадой людзкiх справаў, ня мае падставы ня верыць у цудоўныя здарэньнi, якiя па вызначэньнi адбываюцца па боскай волі i ня ёсьць папросту нязвычнымi або невытлумачальнымi зьявамi, якiх шмат. Жыцьцё Iсуса, як мы ведаем з Эвангельля, прадвызначылi два цуды — запачацьце Дзевы Марыi ад Духу Сьвятога i ўваскрошаньне. У сувязi з гэтым аўтар прызнае, што «гiсторыя ня можа сказаць, цi жыў Iсус, цi, наадварот, назаўсёды памёр 7 красавiка 30 году. Можна аднак сказаць, што нешта ў гэтыя днi адбылося, падзея, якая скаланула гэных людзей i скаланула сьвет» . У iнтэрвiю, зробленым адначасна з выданьнем кнiгi, ён адкрыта кажа, што верыць ува ўваскрошаньне. Розныя ж слынныя драбнiцы, як разрыў плашчаніцы, усё ж зьяўляюцца, на яго думку, не гiстарычнымi падзеямi, а сымбалiчнымi апiсаньнямi. Iмаверна, што труна аказалася пустой, дарма што iснуюць разьбежкi памiж падрабязнасьцямі зьяўленьня ўваскрэслага вучням. Гэтаксама факт, што пустую труну адчынiлi кабеты, якiя традыцыйна не лiчылiся імавернымi сьведкамi i якiм спачатку вучнi ня верылi, пацьвярджае, што падзея не была прыдумана. Тое, што «нешта тымi днямi зьдзеялася» , нешта вялiкае i надзвычайнае, — гэта меркаваньне многiх, хто скрупулёзна вывучаў тэксты, i да таго ж, ня толькi хрысьцiян. Я чытаў кнiгу аб уваскрошаньнi, аўтарам якой быў габрэйскi гiсторык Пінхас Ляпідэ ( «Auferstehung. Ein jьdisches Glaubenserlebnis» , 1980). Ён прызнае факт уваскрошаньня i лiчыць яго габрэйскай падзеяй, разам з тым ён не прызнае Iсуса Мэсiям, а толькi тым, хто тараваў шлях Мэсiю.
Жак Дукен ня верыць, тым ня менш, у запачацьце ад Духу Святога, аб чым ня чуў аўтар найраней напiсаных хрысьцiянскiх тэкстаў, сьвяты Павал; ён уважае гэты аповед за «teologumen» , за важную праўду, пераказаную ў мiстычнай форме: што Iсус зьявiўся на сьвеце ў вынiку ўмяшаньня Бога, што ён ёсьць дарам Бога i адкрыў новую эпоху ў гiсторыi; а сюжэт зь яго нараджэньнем фактычна без удзелу мужчыны тут ні пры чым.
Аўтар ня верыць таксама ў Паўлаву iнтэрпрэтацыю мiсii Хрыста, што яна палягала ў выкупленьнi першароднага грэху пакутамі Сына Божага. Iсус нiколi ня згадваў першароднага грэху (ён таксама не сьцьвярджаў, што роўны Богу, да якога ён малiўся, i цуды свае прыпiсваў Богу, ён ня ведаў, калi наступiць судны дзень) i таму немагчыма дапусьцiць, каб Бог зрабiў нешта такое, як ахвяраваньне ўласнага сына, каб той утаймаваў Яго гнеў на бязбожных людзей; пазыцыю Iсуса ў гэтай справе выражае хутчэй прыпавесьць аб блудным сыну, якога радасна прыймае бацька, замест таго, каб караць за даўнiя правiны.
Аўтар робiць нацiск на раньнi разрыў Iсуса зь Ерусалiмскiм храмам; рытуал пагружэньня ў ваду, уведзены Янам Хрысьцiцелем, ужо быў такiм разрывам, таму што яго хрост, у адрозьненьне ад рытуальнага абмываньня габрэяў, быў аднаразовым актам ачышчэньня пасьля вызнаньня грахоў. Прымаючы хрост з рук Яна, Iсус фактычна адышоў ад храма, што i пацьвярджаў у далейшым жыцьцi, асаблiва ў Ерусалiме.
Читать дальше