Усе гэтыя пяць прароцтваў, што складаюць касьцяк марксізму, — фальшывыя. Калі гаворка ідзе пра матэрыялістычнае разуменьне гісторыі, то марксізм, безумоўна, можа залічыць на сваю карысьць некалькі трапных назіраньняў, якія, аднак, немагчыма прыняць як вытлумачэньне сьвету. Калі разглядаць гістарычны матэрыялізм у яго застылай вэрсіі (для гэтага ёсьць падставы ў тэкстах) і верыць, што ўсё разьвіцьцё чалавечых супольнасьцяў вызначаецца барацьбой клясаў і тэхналягічнымі зьменамі, што ўся культура — гэта ня што іншае, як інструмэнт у гэтай барацьбе, а правазнаўства, рэлігія, філязофія і мастацтва ня маюць сваёй гісторыі, тады давядзецца паверыць абсурднаму, неабгрунтаванаму догмату.
Тым ня менш, гэтую самую тэорыю можна разумець больш вольна — у якасьці правіла, згодна зь якім у дасьледаваньнях гісторыі культуры трэба браць пад увагу агульныя сутыкненьні і канфлікты матэрыяльных інтарэсаў, а палітычныя інстытуцыі прызнаць часткова залежнымі ад дасягнутага ўзроўню разьвіцьця тэхнікі, а таксама ад барацьбы клясаў.
У гэтай зьмякчонай, скарочанай вэрсіі гістарычны матэрыялізм ёсьць трывіяльнай праўдай, якую ніхто не аспрэчвае. Такім чынам, ён зьяўляецца або нонсэнсам, або банальнасьцю. Трэба, безумоўна, дадаць, што марксізм у гэтым працэсе пераходу праўды ў банальнасьць адыграў вялікую ролю, хаця можна таксама сказаць, што гэтае — сёньня ўжо банальнае — назіраньне было вядомае да Маркса і незалежна ад яго.
Марксава тэорыя вартасьці, уважаная пазьней яе творцам за нарожны камень сваёй навукі, зьяўляецца ідэалягічным інструмэнтам, пазбаўленым вытлумачальнай сілы. У прыватнасьці, два яе пункты выходзяць з Рыкарда і Сьміта. Першы, дзе Маркс сьцьвярджаў, што работнік прадае капіталісту сваю рабочую сілу, а ня працу; другі, дзе ён зрабіў адрозьненьне паміж канкрэтнай і абстрактнай працай. Ніводзін з гэтых дадаткаў не патрэбны або не прыдатны для вытлумачэньня зьяваў канкурэнцыі, канфлікту інтарэсаў, крызысаў, эканамічных мэтаў і цэнаў: гэтыя і іншыя аспэкты рынкавай гаспадаркі становяцца зразумелымі дзякуючы аналізу руху цэнаў — бо тэорыя вартасьці ня ўносіць нічога для зразуменьня гэтых зьяваў.
Вартасьць у Марксавай тэорыі, г.зн., час працы, які крышталізуецца ў тавары, не падлягае вымярэньню; гэта прыхаваная якасьць, што ніяк не палягчае разуменьня эмпірычных эканамічных зьяваў. Сучасная палітычная эканомія — у адрозьненьне ад эканамічных ідэалёгіяў — мабыць, не адрозьнівалася б нашмат ад свайго сёньняшняга стану, калі б не было Маркса.
Такім чынам, Марксава тэорыя не дае адказу на найбольш пякучыя і найважнейшыя праблемы нашай сучаснасьці. Зразумела, ня трэба абвінавачваць у гэтым Маркса, таму што пры яго жыцьці стан рэчаў яшчэ ня быў такім. Калі гаворка ідзе пра эканамічныя пытаньні, то ў Маркса можна знайсьці некалькі выказваньняў на тэму адзінства чалавека і прыроды; выказваньняў, якія зусім ня маюць значэньня, калі гаворка ідзе пра супрацьстаяньне зьнішчэньню натуральнага асяродзьдзя, а праз гэта і чалавечага жыцьця. Калі разглядаюцца дэмаграфічныя катастрофы, Марксава тэорыя, апрача некалькіх агульных антымальтузіянскіх (Маlthuse) закідаў, не дае нам нічога. Таксама немагчыма пры дапамозе Марксавай тэорыі знайсьці тэарэтычнага вырашэньня праблемаў Трэцяга Сьвету. Маркс быў настроены эўрацэнтрычна; да неэўрапейскіх цывілізацыяў і традыцыяў ён ставіўся або з пагардай, або з абыякавасьцю. Каляніялізм і імпэрыялізм былі для яго натуральнай, нярэдка пажаданай, перамогай вышэйшай цывілізацыі над адсталымі культурамі. Лепей не цытаваць тут таго, што пісаў Энгельс пра прынцыпы нацыянальнага самавызначэньня, ці пра паўднёвых славян, ці пра балканскія народы.
Марксісцкая дактрына, бадай, ня мае шанцаў справіцца з праблемай сучасных таталітарных сацыялістычных сыстэм, якія сьцьвярджаюць, што якраз гэтая дактрына зьяўляецца іхнай ідэалягічнай асновай. Безумоўна, шмат хто з нэамарксістаў кажа, што гэтыя рэжымы ня маюць нічога супольнага з «праўдзівым» марксізмам, яго дыягназамі і прадказаньнямі. Варта, аднак, запытацца, чаму ж ужо ў ХІХ ст., задоўга да расійскай рэвалюцыі, многія (найперш анархісты) змаглі даволі падрабязна апісаць сацыялізм, пабудаваны на марксісцкай ідэі, як дзяржаўнае рабаўласьніцтва. Скуль узялася гэтая празорлівасьць, што прадбачыла ў выніку зьдзяйсьненьня марксісцкай тэорыі клясавы прыгнёт, эксплюатацыю і паліцэйскую дзяржаву?
Тое, што марксізм няздольны ні вытлумачыць сучаснага сьвету, ні прадбачыць будучыні, не азначае, што ня трэба чытаць твораў Карла Маркса. Ён, бясспрэчна, увайшоў у гісторыю эўрапейскай культуры. Цікавыя ня толькі яго — зь літаратурнага боку часта выдатныя — гістарычныя аналізы і філязофскія роздумы; цікавыя таксама яго фальшывыя прароцтвы. Трэба ведаць усіх мысьляроў, чые творы прычыніліся да наданьня сучаснаму сьвету яго кшталту. Трэба чытаць Картэзія, дарма што безразважна было б шукаць у яго «Прынцыпах» фізычнага вытлумачэньня сьвету. Гэтаксама і Маркс уяўляе сабой надзвычай важную частку нашага духоўнага сьвету, незалежна ад абгрунтаванасьці яго прэтэнзіяў на «навуковасьць» .
Читать дальше