Гэтыя магчымасьцi, выражаныя пры дапамозе перакананьняў, што ўтварае сфэру, названую мной прагматычна-жыцьцёвым блёкам, выразьлiва суадносяцца з тым, што Капра акрэсьлiваў як вынiкi палажэньняў агульнай канцэпцыi сапраўднасьцi, якая, паводле яго, фармуе рэальны сьвет iзноў i наноў. Змушае задумацца, аднак, тое, што Нэйсьбiт нават не наблiжаецца да канструкцыi падобнай анталёгii. Гэта, як я мяркую, адбываецца не з прычыны нейкай мэтадалягiчнай асьцярогi, а таму, што гэта яму папросту непатрэбна, паколькi ён карыстае, як i апiсаныя iм чалавечыя суб’екты, зь невэрбалiзаванай веды, канцэптуальна нелякалiзаванай. Тут непатрэбна iх «прыгадваньне» ў выглядзе «асьвяжальнай» iдэалёгii, паколькi яны ажыцьцяўляюцца звычайным чынам. Як i аўтэнтычна верачы каталiк не павiнен прыгадваць сабе асноваў веры, каб у штодзённым жыцьцi паводзiць сябе якраз як каталiк; сваю веру ён сьведчыць праз учынкi.
Загэтым узьнiкае ключавое пытаньне гэтага тэксту: скуль бярэцца месца на розныя iдэалягiчныя варыянты постмадэрнiзму, якiя вызначаюцца пэўнымi нязьменнымi элемэнтамi, дарма што рысы сапраўднасьцi, на якiя паклiкаюцца гэтыя iдэалёгii, можна выявiць незалежна ад iх? Таму падаецца, што праявай замацаваньня вартасьцяў у чалавечай сьвядомасьцi ёсьць не абвешчаныя сьветаглядныя дэклярацыi, а звычны штодзённы побыт. Дзеля гэтага неабавязкова iх несупынна прыгадваць. Iндывiд неяк з досьведу, у пэўным сэнсе безрэфлексійна, паводзiць сябе згодна з мадэляй лiбэральных вартасьцяў. У вынiку гэтага iдэалягiчная прастора стаецца нейкай «пустой» . Яна можа напоўнiцца перакананьнямi, адрознымi ад тых, якiя вызначаюць мадэль iнтэрыязаваных i неўсьвядомленых вартасьцяў. Аднак не якiмi-небудзь, а такiмi, якiя апэлююць да гэтых «досьведных» паводзiнаў. У адносiнах да iх яны, аднак, не выконваюць тлумачальнай ролi. На самой рэчы гэтыя паводзiны вытлумачвае iхная практычная дзейснасьць. Гэта, iнакш кажучы, заграбаньне пад сябе «чужых» пладоў, якое павiнна служыць даацэнцы таго, хто заграбае. Дзейснасьць намовiнаў абумоўлiвае выкананьне пэўных «фармальных» варункаў. Злучаныя з практыкай iдэалёгii павiнны характарызавацца такой ступеньню агульнасьцi, каб немагчымым сталася, прынамсi ў беспасярэдняй часавай пэрспэктыве, выяўленьне iх неспалучальнасьцi з сфэрай, якая злучана зь iмi. Яны ня маюць — наўсуперак дэклярацыям — беспасярэдне анталягiчнага характару, i таму не становяць сабой выяўленьня ясна акрэсьленых канчальных вартасьцяў, за якiмi канчаецца поле рацыяналiзму. Яны становяць сабой, нягледзячы на пабытовыя стылiзацыi, злучво iнструмэнтальных (пад)вартасьцяў. Замаскаваньне iхнай фактычнай канцэпцыi сьвету паспрыяла таму, што iхнае канкрэтнае ўвасабленьне — постмадэрнiзм — выяўляецца на першы пагляд як плынь, якая ня мае нiчога супольнага зь левымi iдэалёгiямi. Адылi якраз на пабытовым роўнi назiраецца поўнае супадзеньне. Бо тут асноўным анталягiчным тыпам ёсьць т.зв. дыстрыбутыўная сукупнасьць (мова, грамадзтва, космас i г.д.). Ён утварае асновы схемы, зь якой паходзяць iнструмэнтальныя (пад)вартасьцi, што загадваюць разглядаць зьявы цi паводзiны ў пэрспэктыве цэлага або спасьцiгаць iндывiдуумаў ня ў пляне iхных своеасаблiвых, непаўторных рысаў, а ў пляне свомасьцяў, што паўтараюцца ў кожнага iндывiдуума. Крытэры «складваньня» ў сукупнасьцi — гэтыя iнструмэнтальныя вартасьцi — могуць быць разнароднымi i вызначанымi па-за элемэнтамi, што ўваходзяць у сукупнасьцi. Iх выражаюць правiлы канструкцыi, узьнiклыя дзякуючы рознага роду тэарэтычным праекцыям. Аднак, калi затрымацца толькi на фармальнай структуры палажэньняў, зь якiх павiнны вынiкаць трапна апiсаныя дабрадзействы сучаснасьцi, то аказваецца, што яна аналягiчная з кагнiтыўнымi схемамi, адпаведнiкам якiх ёсьць т.зв. гiстарычныя непазьбежнасьцi гiстарычна-дыялектычнага (а таксама папулярнага ў колах польскiх iнтэлектуалаў не-марксiцкага гiстарычнага матэрыялiзму). Я не хачу тут сказаць, што постмадэрнiсты — гэта марксiсты sensu stricto, але наадварот, што марксiзм — гэта постмадэрнiзм. Таму i канчальныя вынiкi постмадэрнiзму (ня толькi пазнавальныя, паколькi тэорыi не функцыянуюць у вакууме) могуць зыходзiцца з рэальна перажытымi эфэктамi рэалiзацыi левых утопiяў [77]. Сыстэма мысьленьня, што складае аснову постмадэрнiзму, iдэнтычная з iдэалягiчным фундамэнтам марксiзму i ягонай спакмянёвай «эманацыi» — камунiстычнымi гаспадаркамi. Iхныя злавесныя насьледкi ня маюць нiчога супольнага з дабрадзействамi цывiлiзацыi, якiя постмадэрнiзм прыпiсвае сабе. Тут няважна, цi зьмешчаныя ў сукупнасьцi сапраўды iсныя элемэнты. Яна можа быць пустой i абстрактнай, маючы — у спакмянёва-грамадзкай iнтэрпрэтацыi — характар утопii. Вырашальным ёсьць нутранае i вышэйпаложанае, што да сукупнасьцi, правiла ягонай канструкцыi (што б там ні гаварылi пра дэканструкцыю, або пра немагчымасьць укладаньня элемэнтаў у сукупнасьцi).
Читать дальше