Постмадэрнiзм ад пачатку ўспрымаўся як абсалютна арыгiнальны кiрунак мысьленьня, якi не валодае нiякай традыцыяй. Аднак ягоная экспансiя спрычынiлася да таго, што ўсё большая частка сымбалiчнага сьвету фарбуецца ў колеры поймаў, свомых для гэтага спосабу мысьленьня. Гэта сталася магчымым таму, што можна, як я мяркую, паказаць некалькi аснаватворных i агульных пунктаў, рэалiзацыя якiх была б беспамылковым паказьнiкам мiмiкрыi, якая пазьней будзе названа постмадэрнiсцкай.
Ейнай асноўнай рысай ёсьць пераадоленьне т.зв. картэзіянскага дуалiзму. Яго формы могуць набываць выгляд разнастайных апазыцыяў. Пры клясычным падыходзе iх выражае цела versus развага, у эпiстэмалягiчнай вэрсii: аб’ект (пазнаньня) versus суб’ект (пазнаньня), у суб’ектыўнай стылiзацыi: натура versus культура, а ў мэтафiзычнай вэрсii такую апазыцыю становiць: sacrum versus profanum. Вынiкам лiквiдацыi вышэйадзначаных параў ёсьць перафармуляваньне пайма праўды. Яна ня ёсьць ужо сымбалiчным (тэарэтычным) уяўленьнем незалежнага да развагi пазнаючага быцьця, але нечым вытвараным, i нават не пазнаючым iндывiдуумам, а законамi выкарыстаных сымбалiчных «iнструмэнтаў» [73]. Дасьледаваны суб’ект i датычнае яго тэарэтычнае апiсаньне (або больш агульна — сымбалiчнае) выяўляецца як аспэкт таго ж самага. Праўда залежыць ад тыпу структуры дыскурсу, «граматыка» якога вызначае ейны сканструяваны сэнс.
Сучасныя канцэпцыi постмадэрнiзму вырастаюць з францускага структуралiзму (К.Левi-Строс) i пансэмiятызму (А.Грэймас), што асаблiва навiдавоку ў плынi, якая называецца дэканструкцыянiзм (Ж.Дэрыда), а таксама на прыкладзе абагульненьняў практыкi сучаснай фiзыкi, упаасобку квантавай мэханiкi (Р.Роцi, Ж.Ф.Льётар). Да гэтай плынi належыць i Ф. Капра, якi высновы сваёй першай працы — «The Tao of Physics» — перанёс у «Зваротны пункт» , расшыраючы iхную важнасьць на iншыя галiны сучаснага жыцьця [74]. Кажучы ўвогуле, кшталт новай сапраўднасьцi быў вызначаны злучвом новых анталягiчных палажэньняў i сфармуляваны сучаснай фiзыкай, паколькi сьвет — сьледам за сёньняшнiм прыродазнаўствам — выяўляецца як «арганiчны, галiстычны i экалягiчны. Яго можна назваць i сыстэмным паглядам [...]. Сусьвет перастаў быць машынай, што складаецца з мноства элемэнтаў, i цяпер яго належыць разумець як адзiную, непадзельную дынамiчную цэласьць, часткi якой узаемазалежныя i могуць быць зразумелыя толькi ў катэгорыях усяго касьмiчнага працэсу» [75].
Гэты тып мысьленьня мае выдатны патэнцыял, паколькi Капра даводзiць, што дзякуючы яму адбылiся зьмены ў цывiлiзаваным сьвеце, напрыклад ператварэньне — у сфэры эканомiкi — цьвярдой тэхналёгii на мяккую, з чым суадносяцца новыя вартасьцi ў мэдыцыне, i наагул ва ўсёй сыстэме аховы здароўя, а таксама ў псыхалёгii. Гэтая апошняя, адасабляючыся ад псыхіятрыi ўварваньня, набыла гуманiстычны характар, яна цяпер канцэнтруецца на цэласьцi чалавечай псыхiкi i ейных сувязях зь сьветам.
Паказальна, што постмадэрнiсцкiя экзэмплiфiкацыi суадносяцца з разглядамi зьменаў сучаснасьцi, зьдзейсьненых без рацыяналiзуючых iх iдэалёгiяў. Дж.Нэйсьбiт паказаў тут дзесяць глябальных, скрыжаваных тэндэнцыяў [76]. Яны замыкаюцца ў ператварэньнi iндустрыйных грамадзтваў у грамадзтвы iнфармацыйныя, замене цьвярдой тэхналёгii на мяккую, трансфармацыi нацыянальна-дзяржаўных эканомiк у глябальную эканомiку, ператварэньнi, у абсягу бiзнэсу, тактычнага плянаваньня ў плянаваньне стратэгiчнае. Цэнтралiзацыя сёньня выцясьняецца дэцэнтралiзацыйнымi працэсамi. У галiне аховы здароўя вiдаць, паводле Нэйсьбiта, ператварэньне iнстытуцыяў аховы здароўя ва ўзаемадапамогу ды прафiляктыку, а таксама тарнаваньне неканвэнцыйнай мэдыцыны, а ў абсягу грамадзкiх узаемiнаў дагэтулешняя рэпрэзэнтатыўная дэмакратыя замяняецца дэмакратыяй удзельнiчаньня, тымчасам як гiерархiчныя сыстэмы адмяняюцца ў сетку раўнапраўных сеткаватых сувязяў, або, iнакш кажучы, у шматузроўневыя сыстэмы. Зьмене падлягае таксама i кiрунак цывiлiзацыйнага ўплыву. Дамiнуючая дагэтуль Поўнач саступае на карысьць Поўдню, а дачыненьнi тыпу: «або-або» замяняюцца разнароднасьцяй i плюралiзмам, дзе магчыма коэкзыстэнцыя ўзаемавыключальных дагэтуль станаў. Дагэтулешнiя, iнстытуцыялiзаваныя, не абапёртыя на пачуцьцi, мiжчалавечыя ўзаемiны замяняюцца эмацыйнай лучнасьцяй, дарма што часта нефармальнай (зьмяненьне дэфiнiцыi сям’i). Таму праца перастае быць сынонiмам этату, якi — замiж выкананьня канкрэтнага заданьня — патрабуе дысцыплiнаванага праводжаньня пэўнага лiку гадзiнаў на рабочым месцы.
Читать дальше