І сапраўды, агульная нацыяналізацыя сродкаў вытворчасьці, сродкаў абмену, а таксама сродкаў камунікацыі і інфармацыі зьяўляецца для марксістаў унівэрсальным лекам супраць усялякага зла ды ўсіх сацыяльных праблем. Мы на ўласнай шкуры пераканаліся ў дзейснасьці гэтага леку; мы ведаем таксама, што яго немінучым вынікам ёсьць нацыяналізацыя чалавека, г.зн. рабаўласьніцтва. Пакінем, аднак, гэтую праблему, каб разгледзець іншае пытаньне: што Марксава тэорыя дае сучаснасьці?
Бясспрэчна, гэтая тэорыя можа быць карыснай; яна функцыянуе як акумулятар ідэалягічных лёзунгаў, што служаць самым разнастайным інтарэсам, у бальшыні такім, якія ня маюць нічога супольнага з Марксам. І ўсё ж, што можна вытлумачыць пры дапамозе гэтай тэорыі?
Фармулюючы так пытаньне, мы павінны зважаць на тое, што ў гэтай дактрыне ёсьць для яе найбольш паказальным. Ня трэба падымаць на сьмех Маркса, прыпісваючы яму адкрыцьцё клясаў, якія маюць супярэчныя інтарэсы. Ужо даўно пра гэта ведалі гісторыкі — тут няма нічога, што было б спэцыфічна марксісцкім. Маркс, безумоўна, усьведамляў гэта і ня меў прэтэнзіяў на адкрыцьцё. Ён падкрэсьліў, аднак, у вядомым лісьце да Вайдэмаера ад 1852 году, што ім даказана ( «даказана» , а ня «сказана» ): барацьба клясаў вядзе да дыктатуры пралетарыяту і, у выніку гэтага, да бясклясавага грамадзтва. Ніхто ня ведае, дзе ў працах Маркса (асабліва пасьля 1852 году) знаходзіцца доказ гэтай імпануючай панарамы зьменаў. Але мы абмінем і гэтую праблему.
Маркс верыў у «законы гісторыі» . Але гэта былі законы не ў разуменьні прыродазнаўчых навук, а хутчэй у разуменьні гістарычных тэндэнцыяў; адсюль у Маркса няма выразнай розьніцы паміж тлумачэньнем і прадказаньнем. Сёньня відаць, што амаль усе Марксавы прароцтвы ня спраўдзіліся.
Абмяркуем найважнейшыя зь іх.
Па-першае: узрастаючае клясавае расслаеньне, а таксама паступовы заняпад сярэдняй клясы. — Меў рацыю Каўцкі, сьцьвярджаючы, што ўся тэорыя Маркса мусіла б абрынуцца, калі б гэтае прадказаньне аказалася фальшывым. Мы сёньня ведаем, што яно адназначна і відавочна аказалася фальшывым.
Па-другое: абсалютнае зьбядненьне рабочай клясы (гаворка тут ідзе менавіта пра абсалютнае, а ня толькі пра адноснае зьбядненьне); гэта апошняе, пра якое пісаў Маркс у пазьнейшых працах, нельга таксама пацьвердзіць. — Вера ў абсалютнае зьбядненьне ўжо падчас Марксавага жыцьця аказалася фальшывай.
Па-трэцяе: непазьбежнасьць пралетарскай рэвалюцыі. — Такой рэвалюцыі ніколі не было. Бальшавіцкі пераварот у Расіі не заслугоўвае на гэткае найменьне таму, што не сіляў сваю моц з канфлікту паміж буйнапрамысловым пралетарыятам і капіталам; ён быў праведзены пад лёзунгамі, якія ня мелі ніякага сацыялістычнага зьместу, ня кажучы ўжо пра зьмест марксісцкі (мір і зямля для сялянаў). Пралетарскую рэвалюцыю найбольш нагадвае ўзьнікненьне і барацьба «Салідарнасьці» ў Польшчы ў 1980–81 гадох. Гэтая адзіная, хаця і няўдалая, пралетарская рэвалюцыя была скіравана супраць сацыялістычнай дзяржавы — яна праходзіла пад сьцягам Хрыста і з блаславеньня Папы. Вось і ўсё пра навукова адкрытыя законы гісторыі.
Па-чацьвертае: тэндэнцыя да зьмяншэньня нормы прыбытку. — Маркс меркаваў, што тэхнічны прагрэс мусіць выклікаць зьніжэньне нормы прыбытку, таму што якраз сама маса прадуктаў будзе вымагаць усё менш «жывой працы» ; калі прыбытак, паводле Маркса, паўстае з эксплюатацыі працы, то ён мусіць зьмяншацца ў адносінах да колькасьці ўжытага пастаяннага капіталу. Гэты працэс павінен быў прадвяшчаць немінучы крах капіталізму. Выходзіць, і гэты закон фальшывы, а яго памылковасьць можна выявіць пры дапамозе той жа Марксавай схемы: гэты самы тэхнічны прагрэс, што зьмяншае долю пераменнага капіталу (які прыпадае на заробкі для рабочых), выклікае зьмяншэньне вартасьці пастаяннага капіталу. Тым ня менш, калі б нават гэты закон сапраўды дзеяў, ён бы ніяк не абумоўліваў канца капіталізму, таму што мэханізм гэткага заняпаду — як заўважыла Роза Люксэмбург — неспасьцігальны, пагатоў, калі выяўляецца, што памяншэньне нормы прыбытку можа суправаджацца прыростам яго абсалютнай масы.
Па-пятае: узрастаючая няздатнасьць рынку спараджаць тэхнічны прагрэс. — Зразумела, што мы маем справу з зусім супрацьлежнай зьявай. Пачынаючы са сьмерці Маркса, і асабліва ў дваццатым стагодзьдзі, рынкавае ўладкаваньне эканомікі адназначна давяло, што нясе ў сабе велічэзны патэнцыял тэхнічнага прагрэсу, тым часам як сацыялістычнае ўладкаваньне эканомікі, заснаванае на дзяржаўным плянаваньні, адзначалася адсутнасьцю інавацыйных здольнасьцяў. Мы таксама ведаем, што гэтаму прычынай. Капіталістычны рынак стварыў найбольшую ў гісторыі масу тавараў, прызначаных для спажываньня ўсімі клясамі, дый жыцьцёвы ўзровень пры капіталізьме, нават бедных слаёў, нашмат вышэйшы, чымся вядомы чалавецтву калі-небудзь раней (ня кажучы ўжо пра дэмакратычныя формы жыцьця, магчымыя толькі пры рынкавай эканоміцы). Паказальна, што нэамарксісты, у адрозьненьне ад марксістаў першага пэрыяду, якія выкрывалі капіталізм як крыніцу зла, асуджаюць яго цяпер за празьмерную колькасьць спажывецкіх дабротаў, якія ён дае людзям. Таксама відавочна, што гаспадарчыя рэформы ў сацыялістычных дзяржавах, калі яны даюць якія-небудзь вынікі, заўсёды ідуць у гэткім жа кірунку: частковае аднаўленьне рынкавых мэханізмаў, г.зн. «капіталізму» .
Читать дальше