Прычыны папулярнасьці Маркса ў акадэмічных колах трэба шукаць і ў тым, што яго навука ў схематызаванай форме прываблівае сваёй простасьцю. Сартр зазначыў калісь, што марксісты лянівыя; ім даволі аднаго ключа, каб адчыніць усе дзьверы. І сапраўды, дзякуючы гэтаму ключу, які заўсёды пад рукой, мы ведаем ня толькі ўсю гісторыю чалавецтва, яе не вывучаючы, але ведаем таксама ўсю будучыню сьвету, да таго ж маем рэцэпт для дасканалага ўладкаваньня сьвету, дзе ўсялякія людзкія праблемы і мітрэнгі вырашаныя.
Эфэктыўнасьць Марксавай дактрыны ў палітыцы — зусім іншая рэч. Калі ў прэсе нейкі рэжым Трэцяга Сьвету называецца «марксісцкім» , гэта азначае, што дзяржавай кіруюць дэспатычна і што Савецкі Саюз або яго сатэліты пастаўляюць ёй зброю, а таксама вайсковых і паліцэйскіх «дарадцаў» . Можна толькі пашкадаваць, што савецкі імпэрыялізм манапалізаваў марксізм як інструмэнт улады, цяжка, аднак, дапускаць, што гэтая дактрына была ў стане сыграць яшчэ нейкую іншую ролю ў сусьветнай палітыцы. Пакладацца на яе азначае — што, відавочна, не было намерам Маркса — падтрымліваць ідэю паняволеньня чалавека.
Марксава навука ня робіць сьвет больш зразумелым. Немагчыма, аднак, зразумець сучасны сьвет, не разумеючы ўплыву гэтай дактрыны на яго станаўленьне.
Тэкст перакладзены паводле: Pogląd, № 1 (153), 1989.
Наша вечная справа з Iсусам
Пра Iсуса можна прачытаць усё, што хочаш. Напрыклад, што ён нiколi не iснаваў;
або што ён, безумоўна, iснаваў, але ня быў укрыжаваны; хтосьцi iншы павiс на крыжы на яго месцы;
або што ён, безумоўна, быў укрыжаваны, але не памёр, а ачомаўся ў труне, скуль выйшаў, каб памерцi за некалькi дзён;
або што разам са сваёй жонкай, Марыяй Магдаленай, ён эмiграваў у Марсэль i меў там дзяцей, якiя запачаткавалi дынастыю Мэравiнгаў;
або што ён быў чарадзеем, якi рознымi штучкамi агаломшваў легкаверную публiку;
або што ён быў прыхаднем зь iншай галяктыкi;
або што ён быў звычайным габрэйскiм нацыяналiстам, антырымскiм кансьпiратарам;
або што ён быў бесьцялеснай iстотай;
або што ён быў гомасэксуалiстам, а Апостал Ян яго каханкам;
або што ён быў адначасна мужчынам i жанчынай;
або што ён належаў да рэвалюцыйнай групоўкi Новых Левых;
або што галоўная справа, пра якую вядзецца гаворка ў Эвангельлях, гэта як рабiць грошы (я чуў гэта на ўласныя вушы ад аднаго з амэрыканскiх тэлевiзiйных прапаведнiкаў).
Калi, аднак, адкласьцi ў бок домыслы i фантазii, гiстарычная, а таксама тэалягiчная лiтаратура на тэму Iсуса, вельмi шматстайная, ня толькi не адмiрае, але робіць уражаньне надзвычай жывучай. Ксёндз Дарэ ўжо некалькi гадоў публiкуе ў Францыi сэрыю кнiгаў пра Iсуса, кожная зь якiх асэнсоўвае нейкi iншы бок яго дзеяў i спадчыны, i тыя зь iх, якiя я ведаю, вельмi каштоўныя i павучальныя. Я чытаў дужа кнiгаў пра Iсуса — нязначную частку iснуючай лiтаратуры, безумоўна — пачынаючы, згодна з законам прыроды, з Рэнана, зь якiм я пазнаёмiўся як чатырнаццаці- або пятнаццацiгадовы мудрэц. Аўтарам працы, якую я хачу парэкамэндаваць, зьяўляецца Жак Дукен, а называецца яна «Iсус» (Flammarion, 1994). Аўтар не зьяўляецца насамрэч прафэсiйным бiблiстам, але ён начытаны ў навейшай лiтаратуры, прысьвечанай Новаму Запавету, i пiша не для навукоўцаў, а для звычайных людзей, толькi крышку азнаёмленых з тэмай, як i ваш пакорны слуга (якi таксама, безумоўна, бiблiстам не зьяўляецца i ня можа асэнсоўваць падзеi як знаўца-гiсторык). Аўтар зьяўляецца таксама веруючым каталiком, але гэта, тым ня менш, не азначае, што кожны з эвангелiчных аповедаў ён трактуе як дакладны i беспамылковы запiс фактаў i словаў (такiх, мабыць, ужо няма сярод гiсторыкаў), але, як кожны гiсторык, разважае над тым, што ў гэтым запiсе імавернае або не.
Нельга не зьвярнуць увагі — ня аўтар першы гэта падкрэсьлiвае — што чым болей вядома аб часох Iсуса, тым болей, а ня меней, імаверным становiцца Эвангельле. Во прыклады. Славуты фрагмэнт Язэпа Флявiя пра Iсуса лiчыўся зазвычай пазьнейшай вустаўкай хрысьцiянскага перапiсчыка, таму што габрэй ня мог пiсаць гэткiмi словамi аб Iсусу (пiсаў «Хрыстос» , гаварыў аб уваскрошаньнi). Аднак аказваецца, што адзін iзраiльскi гiсторык адкрыў у сырыйскiх дакумэнтах тэкст Язэпа, якi не зьяўляецца iдэнтычным з агульнапрынятым, але гаворыць аб Iсусу — добрым мудрацу, аб яго укрыжаваньнi Пiлятам i аб тым, што вучнi апавядалi аб яго ўваскрошаньнi. Або: неверагодным здаваўся зварот, якi ўжыў Iсус, гаворачы пра Фарысэяў (Лука 18,11), бо габрэi такiх выразаў не ўжывалi; аказалася, што гэты зварот чатырнаццаць разоў паўтараецца ў Кумранскiх рукапiсах. Або: аповед аб емiне ў Левiя, якога Iсус спаткаў у мытнай каморы, падаваўся неверагодным, бо зь яго вынiкала, што была мяжа памiж Капэрнаумам i Бэтсаiдай; аказалася, што мяжа сапраўды iснавала, але была скасавана празь некалькi гадоў.
Читать дальше