Гэта варта ня столькі ўвагі, колькі сьмеху, што адно з вуснаў бязбожнікаў я чую часам сваё імя, якое да таго ж яны вымаўляюць без трымценьня, бо яны ня маюць дачыненьня да традыцыі, якая з гэтым найменьнем зьвязвае нейкую рэальнасьць. На кірмашовых прадстаўленьнях яшчэ бываюць паказваюць «нячысьціка» на сьмех дзяцём, а калі-некалі ў тэатры ці ў кнізе, без сумневу, бязбожніцкай. А ў касьцёле, а на амбоне? Старыя абразы з храмаў выносяць, каб д’яблам ня страшыць. «Сучаснае выхаваньне» , кажуць, гэтага патрабуе. Вы, спадары, заключылі пакт з усімі, абы ісьці ў нагу з тымі, хто з вас зьдзекуецца, вы згаджаецеся з усім, апрача вашай веры, апрача традыцыі. Вы пакінулі ад д’ябла парэшткі, праклён бязь зьместу, батлейкавую ляльку, сарамлівую смугу забытага міту, якой трэба пазбыцца як найхутчэй; мулкі сьлед даўно прамінулых часоў, рызьзё прадзеда ў сучаснай кватэры — гігіенічнай і функцыянальнай. Вас называюць хрысьціянамі? Хрысьціянамі бяз д’ябла? Хай так, не мая справа, не мая справа.
Я ўжо аддаю перавагу вашаму атэізму, спадары бязбожнікі, у ім няма ўдаваньня, няма прысаромленасьці і зьбянтэжанасьці. Вы ня ставіце сабе пытаньняў пра д’ябла, не стараецеся пазбыцца яго, бо ня маеце чаго пазбывацца. Прынамсі, вам так здаецца. Вы пакінулі сабе д’ябла для навуковых трактатаў, вы апісалі яго, як трэба, у вашай гісторыі, у вашай сацыялёгіі, у псыхалёгіі або ў рэлігіязнаўстве, або ў псыхааналізе, або ў рамане, або ў драме аб чараўнікох. Вырашылі пытаньне, ці ня праўда? Вырашылі пытаньне? Што? Вырашылі пытаньне? Вам здаецца, што вы зьвялі рахункі з «хтанічным сьветам» ; прынамсі адной рэчы вы навучыліся ад хрысьціян: безупыннага праклінаньня таго, што некалі называлася «маніхейскай гарэзіяй» . Высушыў вам мазгі хрысьціянскі аптымізм, галовы цяпер у вас стэрыльныя, як апэрацыйная вата. Зло — гэта не рэальнасьць, кажаце вы, зло — гэта няшчасьце, выпадковасьць сьвету, нешта, што здараецца, безумоўна, толькі здараецца, як часам здараецца нараджэньне дзьвюхгаловых цялятаў, у гэтым няма аніякай неабходнасьці, далейшая самарэгуляцыя жыцьця верне яму яго спантанную гармонію, зло штодня перамагаецца, і яго можна перамагаць неабмежавана. Слова «зло» пасуе толькі для адзінкавых выпадкаў і таму ў вашай мове мае паэтычнае, эксклюзіўнае адценьне, напоўненае вашым клопатам, вашай прагай, вашай задумай, зьвернутасьцю ў будучыню.
Але гэта няпраўда, спадары. Слова «зло» не зьмяшчае ў сабе нічога паэтычнага, ніякай пагрозы або ўзьнёсласьці, яно матэрыяльнае і сухое, дакладна паказвае на рэч, пра якую ідзе гаворка, гэтаксама як слова «камень» і слова «хмара» ; яно строга дапасавана да прадмета, беспамылкова трапляе ў сваю рэальнасьць, яно хінецца да канкрэтыкі і ня зносіць абстракцыяў. Зло — гэта рэч, звычайнае, як рэч.
Не, вы аб гэтым ня хочаце ведаць. Перад абліччам любых спусташэньняў, да канца сьвету вы будзеце сабе паўтараць з маніякальнай зацятасьцю: так ёсьць, так стала, папросту так стала, а можа стаць інакш; зло — гэта выпадковасьць, адбываецца выпадкова тут і там, а калі яму супрацьстаяць з дастатковай энэргіяй — не адбываецца. Канец сьвету застане вас агорнутых пэўнасьцю, што канец сьвету — гэта выпадковасьць. Вы ня верыце ў д’ябла.
Пры назіраньні нікому не патрэбнай жорсткасьці, пры назіраньні бязрадаснага ніштажэньня бяз мэты — вам не прыходзіць у галаву думка пра д’ябла. У вас ёсьць усяму тлумачэньні і пад рукой гэтулькі назваў, колькі трэба для вырашэньня кожнай вэрсіі праблемы. У вас ёсьць свой Фройд, каб гаварыць аб памкненьні да агрэсіі і аб інстынкце сьмерці, у вас ёсьць свой Яспэрс, каб апавядаць аб жарсьці ночы, падчас якой чалавек намагаецца гвалтам неяк вырваць у боства яго сакрэты, у вас ёсьць свой Ніцшэ, у вас ёсьць свае псыхолягі, пачынаючы з «волі да ўлады» . Вы ўмееце прыхаваць рэч словамі пад выглядам яе выяўленьня.
Але ці зможаце вы зрабіць гэтае ваша прыхоўваньне канчатковым? Агледзьце ўважліва сваё сумленьне, вы, хрысьціяне, дый вы, бязбожнікі, крышку падкапніце падрэзаную траўку вашай вучонай мовы, вашай мэтафізыкі і вашай псыхалёгіі, адгарніце зямлю, вярніцеся да сябе, надайце на хвіліну слову яго першапачатковую мэту, яго суровы і не-патэтычны рух, затрымайцеся ў страчанай даслоўнасьці. Пастарайцеся хоць на момант засяродзіцца на найбольш звычайным, на ўсюдным відарысе, дэфармаваным у вашых вачох крывым люстрам філязофскай мовы. Гэтага досыць. Вы ўбачыце мяне. Вы ўбачыце мяне безь зьдзіўленьня, і падасца вам, што вы ведалі мяне заўсёды насуперак вашым дактрынам, перад вамі зьявіцца знаёмы, звычны твар, хаця і ўбачаны насамрэч упершыню. Вас пратне свойскі і халодны павеў сілы, аб якой вы ня хочаце памятаць, дарма што на дне вашых мазгоў, заглушаная мэтафізычным друзгатаньнем, сьпіхнутая ў небыцьцё і растаптаная, тлее невынішчальная веда аб ёй.
Читать дальше