Натуральная здольнасьць людзей уступаць у непрымушаныя сувязi ўтварае зь iх грамаду сувэрэнных адзiнак, якiя добрааахвотна складаюць групу цi нават супольнасьць. Гэты вобраз супрацьлежны статку, групе адзiнак, утворанай пры дапамозе вонкавага прымусу. Такі прымус часта набывае выгляд абстрактных iдэяў i вартасьцяў, што ўваходзяць у iх склад, а таксама спосабаў iхнай рэалiзацыi. Узглядам iх людзi бязвольныя i экзыстэнцыйна аднавымерныя. Стаўленьне да iх замыкаецца тады адно ў высваеньнi гэтых вартасьцяў i пасіўнай iх культывацыi. Таму гэта прызнаньне пазапачуцьцёвых клiшэ за собскiя, дзе статак, замiж угоды, абапёртай на добраахвотнай згодзе, кiруецца пры дапамозе вонкавага загаду [64] Шырэй аб гэтай праблематыцы гл. у: Liberalizm — tło ontologiczne i konsekwencje poznawcze, у: Filozofia liberalizmu, red. Józef Tarnawski, Warszawa, 1993.
.
Вышменаваную аксіялягiчную мадэль лiбэралiзму зазвычай адносяць да ўсяго навачаснага пэрыяду нашай цывiлiзацыi. Вынiк гэтага — iдэнтыфiкаваньне вышменаваных вартасьцяў з (пад)вартасьцямi, якiя ў iсьце ёсьць iхнымi насьледкамi. Гэта выражае досыць пашыранае перакананьне, што неадрыўным сускладнiкам сукупнай дактрыны лiбэралiзму ёсьць пэўны род эканамiчных вартасьцяў. Больш таго, яго ўважаюць за тоесны з пэўным тыпам гаспадарча-эканамiчнай палiтыкi. Але нягледзячы на гэта, як i агульнапашыранае скарачэньне ў выглядзе «прынцыпаў свабоднага рынку» , гэты род уяўляе сабой сыстэму вартасьцяў — што мае надэканамiчны вымер — i выклiкае гарачкавы пошук вартасьцяў, што выступаюць вонкi практычнага i парадкуючага вымеру пастулятаў, зь якiх i складаюцца «прынцыпы свабоднага рынку» . Таму зьяўляюцца спробы ўдасканалiць лiбэралiзм або «дапоўнiць» Гаека пры дапамозе вартасьцяў, што надаюць ягонай тэорыi характар, якi хутчэй выходзiць за межы вiдавочнай эканамiчнай эфэктыўнасьцi [65] R.Piekarski, Krytyczne uwagi o Hayeka liberalnej teorii wolności, у: Filozofia liberalizmu, wyd. cyt.
. Дзеля гэтага замiж таго, каб сягаць да вытокаў i шукаць фундамэнтальную анталёгiю лiбэралiзму, якi ў сваiм прагматычна-жыцьцёвым вымеры можа быць вызначаны як «свабодны рынак» , узьнiкае сьветагляд, вытворны ад правiлаў гэтага апошняга. Такiм чынам адкрываецца шлях да тварэньня мiту, якi мае характар, аналягiчны з матэрыялiстычным сьветаглядам, i ўзьнiкае ў насьледак абагульненьня вынiкаў практычнага тарнаваньня (некаторых) навуковых тэорыяў. Адылi такi сьветагляд мае няшмат супольнага з «мэтафiзыкай» (часта ў лiтаральным значэньнi гэтага тэрмiну), што ляжыць у аснове тэорыяў, удалае практычнае прытарнаваньне якiх нарадзiла спакусу ягонага ўтварэньня [66] Напрыклад, у под гiпотэзаў Айнштайна лягла пэўная дэтэрмiнiсцкая «мэтафiзыка», а квантавая мэханiка ўзьнiкла на аснове ягоных тэорыяў, выражаных у канкрэтнай мове навукi. Гэта цягне за сабой, аднак, апрычоны сьветагляд, iндэтэрмiнiсцкi ў сваёй прыродзе. Зьяўляюцца дзьве магчымасьцi разьвязаньня гэнага несупадзеньня. З аднаго боку, адмаўляецца фундамэнтальная анталёгiя, што ляжыць у вытоку агульнай i прыватнай тэорыi ўзгляднасьцi, але тым самым стаўляюцца пад сумлеў ня толькi гэтыя дзьве апошнiя тэорыi, але i квантавая мэханiка, якая выводзiцца згэтуль. З другога боку, iснуе перакананьне, што або квантавая мэханiка адно «досьледная», часовая тэорыя, якая заменiцца ейным адпаведнiкам, але якая, тым ня менш, мае дэтэрмiнiсцкi характар, або, што трэба, у адпаведнасьцi зь першым, вынайсьцi тэрыю, агульнейшую, чымся яна, якая б зьясьняла яе i якая, у пляне агульнапрынятай i асаблiвай фундамэнтальнай анталёгii, мела б таксама iндэтэрмiнiсцкую прыроду. Аб гэтых праблемах я пiшу шырэй разам зь Ежы Вайткавякам у: Can Quantium Mechanics Help in The Development of Determinism?, у: Problems in Quantum Physics II, red. J.Mizerski, A.Posiewnik, J.Pykacz, M. Żuławski, «World Scientific», Singapur, 1990.
.
Узнаямленьне з своеасаблiвай вiзiяй сьвету лiбэралiзму i вынiкаючай згэтуль сыстэмы вартасьцяў абцяжвае яго ўсякiмi «грахамi» i недарэчнасьцямi капiталiзму. Гэта недакладны тэрмiн, паколькi ён зьвязаны з эканамiстычнымi спрашчэньнямi, але якраз дзякуючы гэным грахом ён умела выкарыстоўваецца партыямi левай арыентацыi.
Нельга сказаць, што капiталiзм у сваёй злучнасьцi ёсьць адзiным рэальным канкрэтам, зь якога можна вылучыць агульны лiбэральны ўзор. Таму трэба падрэсьлiць, што аб гэтым узоры немагчыма гаварыць у адрыве ад, напрыклад «Сharta Magna Libertatium» , адкуль надзвычай далёка да капiталiзму ў «чыстым» выглядзе. Як прыклад грамадзтва, найблiжэйшага да iдэалу лiбэралiзму, у клясычным Таквiлевым разуменьнi, прыводзяць Злучаныя Штаты. Адылi апiсаная Таквiлем фэрмэрская супольнасьць, як падаецца, у дачыненьнi да капiталiстычных грамадзтваў тагачаснай Эўропы была «адсталая» ў разьвiцьцi. Таму рэалiзацыя iдэалу свабоды i дэмакратыi будуецца гэтта на подзе разгляду ў iстоце пераддзяржаўнага, перадкапiталiстычнага i перадiндустрыйнага грамадзтва. I калi б мы захацелi адшукаць аналёгiю для яго ў Эўропе, то яму адпавядала б там не ангельскае грамадзтва эпохi прамысловай рэвалюцыi або францускае пасьля Напалеона, а супольнасьцi XIII i XIV-стагодняй Эўропы. Асобныя гарадзкiя супольнасьцi, у якiх iснавала як вольнае прадпрымальнiцтва (рамяство i работнiкi па найме, кантракце), так i грошы, рабiлi магчымай вытворчасьць ды добраахвотны абмен дабротамi, а таксама абмен працы на капiтал.
Читать дальше