* * *
Партыя працы была ўнутрана разьяднанай. Караль Попель, кіраўнік партыі, займаў блізкую да Мікалайчыка пазыцыю, але ў кіраўнічых структурах партыі меў стаўленікаў Польскай рабочай партыі, якія рабілі немагчымай палітычную дзейнасьць у адпаведнасьці з гэткай арыентацыяй. Попелю давялося саступіць, а пасьля яму дазволілі выехаць за мяжу. Партыя працы падпарадкавалася тады дырэктывам Польскай рабочай партыі і неўзабаве была ліквідаваная (зьяднана з Дэмакратычнай партыяй).
Апошняя, роўна як і Польская сацыялістычная партыя, ад пачатку абвясьцілі пра сваё супрацоўніцтва з Польскай рабочай партыяй, але для большай пэўнасьці Польская рабочая партыя забясьпечыла сабе ўва ўсіх гэтых партыях непасрэдны ўплыў шляхам засылкі на пэўную колькасьць ключавых пасадаў сваіх людзей. Або проста польскія камуністы «камандзіраваліся» на працу ў іншых партыях (т.зв. «wtyczki» ), або дзеячаў гэтых партый нейкім чынам схілялі, каб яны інтарэсы камуністаў ставілі вышэй за інтарэсы сваёй партыі.
Матывы ўступленьня ў гэтыя партыі былі пераважна апартуністычныя. Людзі хацелі знайсьці паратунак ад нестабільнасьці, атрымаць працу, даброты, напрыклад, жытло або паўнавартую кватэру і магчымасьць дасягнуць якога-ніякога ўзроўню жыцьця для сябе і сям’і. Гэта была саступка маральна і фізычна вычарпаных людзей перад абліччам варункаў, у якіх людзі апыніліся, і імкненьне да нейкай нармалізацыі жыцьця пасьля жудасьцяў, якія давялося перажыць. Але трэба заўважыць яшчэ адно: у рашэньні ўступіць у адну з гэтых трох палітычных партый быў заключаны палітычны матыў: неўступленьне ў ПРП, хаця менавіта сяброўства ў ПРП давала ўсе гэтыя даброты яшчэ ў большай ступені. Уступаючы, гаварылі сабе: «Неяк трэба ўладзіцца ў гэтай «рэчаіснасьці», але ня хочацца ідэнтыфікавацца з стаўленікамі саветаў» .
Неўзабаве палітычныя насьледкі разьвіцьця гэтых трох партый сталі відавочнымі. Партыйныя арганізацыі пачалі дужэць і дарма што супрацоўнічалі зь існымі на пэўнай тэрыторыі арганізацыямі камуністаў, у канкрэтных выпадках паміж імі і ПРП пачалі зьяўляцца адрозьненьні й спрэчкі.Тры партыі, якія стваралі ладу фасад шматпартыйнасьці і якія па сутнасьці былі задуманы як дзейныя пад рознымі назвамі філіі ПРП, хутка пачалі набываць непажаданы для рэжыму характар. Яны станавіліся свайго роду апазыцыйнымі партыямі. ПРП захавала над імі пэўны кантроль на цэнтральным узроўні, але ў арганізацыях ніжэйшага ўзроўню і тэрытарыяльных арганізацыях было шмат апазыцыйнага элемэнту, што прыводзіла да ўсё больш яўных і ўсё больш вострых канфліктаў з ПРП. Дзеля таго што гэтыя партыі часта валодалі лепшымі спэцыялістамі, чымся камуністы, у розных абсягах дзяржаўнай і эканамічнай адміністрацыі пачала вымалёўвацца іхная фактычная перавага над ПРП. Дайшло ўрэшце да таго, што некаторыя адзінкі адміністрацыі станавіліся сфэрай уплыву партый, якія былі схільныя праводзіць сваю ўласную палітыку, адрозную ад ПРП. Пры такіх умовах уступленьне ў гэтыя партыі станавілася сродкам рэалізацыі канцэпцыі адбудовы, супрацьлежнай савецкім канцэпцыям ПРП [10] Безумоўна, вельмі цяжка зрабіць ацэнку для індывідуальных выпадкаў, ці нехта ўступаў у нейкую партыю ў апартуністычных мэтах, ці для таго, каб зьдзейсьніць нешта карыснае. Але ў гістарычных умовах гэнага пэрыяду ў Польшчы існуе беспамылковы мэтад зыдэнтыфікаваць тых, хто ўступіў у партыю, кіруючыся добрымі інтэнцыямі. Той, хто сапраўды хацеў нешта зрабіць, г.зн. дзейнічаць не па інструкцыі ПРП, той быў хутка выключаны з партыі ўжо на самым пачатку сталінізму.
.
Я ня ведаю падрабязнасьцяў гэтага працэсу ў Партыі працы і ў Дэмакратычнай партыі, хаця і не сумняюся, што ў агульных рысах ён праходзіў акурат так. Але я ведаю іх у дачыненьні да Польскай сацыялістычнай партыі, якая сярод гэтых трох партый была найбольш шматлікай і з многіх прычын найважнейшай. У эміграцыйнай літаратуры гэтая партыя акрэсьлена як «канцэсійная ПСП» . Гэты прыніжальны прыметнік мае на мэце падкрэсьліць, што гэта фракцыя ПСП, якая пайшла на супрацоўніцтва з ПРП, у адрозьненьне ад сапраўднай ПСП, існаваньне якой у сацыялістычнай Польшчы было забаронена. Можна згадзіцца з слушнасьцю такой тэрміналёгіі, але адначасна трэба памятаць, што пераход да палітыкі легальнай апазыцыі азначаў таксама выкарыстаньне магчымасьцяў, якія давала існаваньне шматпартыйнасьці. Дзейнічаючы пад шыльдай ПСП, можна было супрацьдзейнічаць уплывам ПРП. На цэнтральным узроўні найбольшым посьпехам ПСП было стварэньне і кіраваньне Цэнтральнай службай плянаваньня, якая засяродзіла экспэртаў, зусім чужых савецкім мэтадам кіраваньня эканомікай. ЦСП стварыла ўласную канцэпцыю эканамічнай мадэлі Польшчы, устанавіла ўласныя мэтады плянаваньня і ў адпаведнасьці зь імі падрыхтавала першы трохгадовы Плян эканамічнай адбудовы. На тэрытарыяльным узроўні ПСП дасягнула сур’ёзных уплываў, і таму можна сказаць, што яна функцыявала там як апазыцыйная партыя.
Читать дальше