Зусім не выпадае меркаваць, што гэтая палітыка была зусім няплённай. Само ўзьнікненьне арганізаванай апазыцыі і яе дзейнасьць на працягу двух гадоў дазволіла агоўтацца пасьля панесенай паразы, прынесла кароткі пэрыяд адносна нармальнага жыцьця. Гэта павялічыла адпорнасьць на ўдары, якія пасьля нанёс сталінізм. Каб жа гэтага пэрыяду не было, ломка грамадзтва магла б быць яшчэ больш глыбокай і цяжкай для выпраўленьня [12] Самы час, каб гэты гістарычны пэрыяд добра зразумець і пачаць яго правільна інтэрпрэтаваць. І больш таго: трэба прызнаць, што вельмі вялікай памылкай эміграцыі было рашэньне не падтрымліваць апазыцыі, якая паўстала ў Польшчы пасьля вяртаньня Мікалайчыка. У пераломны момант свайго змаганьня за незалежнасьць Польшча была зусім самотная. Ня толькі здрадзілі яе хаўрусьнікі, але яна ня мела нават падтрымкі палякаў, аселых на Захадзе. Насьледкі гэтай памылкі да сёньняшняга дня цяжарам ляжаць на польскай палітыцы і выклікаюць вострыя спрэчкі ў польскай палітычнай думцы.
.
Пасьля разгрому ПНП, ПРП прыступіла да зьнішчэньня апазыцыі, якая вытварылася ў іншых партыях. Т. зв. «працэс Цэнтральнай службы плянаваньня» (люты 1948) паклаў канец уплывам ПСП у кіраваньні эканомікай і ліквідаваў польскую мадэль і канцэпцыю эканамічнага плянаваньня [13] Я пісаў аб гэтым у: «Proces Centralnego Urzędu Planawania. — Relacja o początku stalinizmu w Polsce», Zeszyty Historyczne, Zeszyt 28, Paryż, 1974, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.
. Неўзабаве ПНП, ПСП і Партыя працы перасталі існаваць. Дэмакратычная партыя была паддадзена грунтоўнай ачыстцы і цалкам падпарадкаваная ПРП. Такі крок у дачыненьні да партый быў надзвычай важным, паколькі ліквідаваў цэнтры палітычнай думкі і дзейнасьці, незалежнай ад ПРП. Гэта закранула таксама моладзевыя арганізацыі, зьвязаныя ідэйна з партыямі, а таксама непалітычныя арганізацыі, напрыклад, гарцэрства, робячы немагчымым існаваньне якой-колечы ідэйнай або палітычнай арганізацыі, якая б не была пад строгім кантролем ПРП.
Наступ ПРП (са сьнежня 1948 г. называнай Польскай аб’яднанай рабочай партыяй — ПАРП) не абмежаваўся толькі ліквідацыяй арганізаванай палітычнай апазыцыі. Ён быў накіраваны таксама супраць усіх праяваў польскага жыцьця і перадусім супраць людзей, якія не захацелі быць інструмэнтам саветызацыі. У Польшчы распачаўся пэрыяд сталінізму.
4. Сталінізм: сакавік 1948 — чэрвень 1956
а) Сутнасьць і мэты саветызму-сталінізму
Мы называем саветызмам грамадзка-эканамічную фармацыю, якая ўзьнікла ў Савецкім Саюзе [14] Я ўвёў і абгрунтаваў гэты тэрмін у нарысе «Сацыялізм у Польшчы», Кultura, № 9 (276), wrzesień 1970. Перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.
як вынік выраджэньня сацыялізму. Сталінізм — гэта спэцыфічная форма саветызму, створаная пад кіраўніцтвам Сталіна. Гэта найвышэйшая, імпэрыялістычная форма саветызму, у якой рысы гэтай фармацыі выступаюць асабліва выразна. Роля, якую саветызм адыграў у Польшчы, многія гады ўтойвалася і фальшавалася. І таму часта нават яго праціўнікі не разумеюць яго цалкам. Дзеля гэтага трэба недвузначна вытлумачыць, чым гэты лад ёсьць і чым ня ёсьць, і якія былі вынікі навязваньня яго Польшчы.
Перадусім трэба ўсьвядоміць, што саветызм ёсьць таталітарным ладам, у якім дыктатарская ўлада ажыцьцяўляецца клясай партыйных апаратчыкаў згодна з уласнымі інтарэсамі. Камуністычная партыя ёсьць галоўным органам ажыцьцяўленьня гэтай улады.
Саветызм, апрача гэтага, ёсьць імпэрыялістычным ладам. Ён служыць расшырэньню дамінацыі Савецкага Саюзу на іншыя краіны. Аб’ектам яго экспансіі якраз і стала Польшча пад канец вайны.
Тым ня менш, саветызм ня ёсьць, насуперак таму, што гаворыць яго афіцыйная дактрына, ладам, які дзейнічае ў імя інтарэсаў людзей працы і супраць інтарэсаў капіталістаў. Капіталістаў, праўда, чакае нацыяналізацыя, але на людзей працы спадае ярмо эксплюатацыі, цяжэйшай, чымся пры капіталізьме, перад якой яны ня маюць абароны.
Каб устанавіць у Польшчы саветызм, савецкая ўлада пачала татальную атаку на ўсё, што польскае. Гэта была імпэрыялістычная палітыка, якая мела на мэце ўзалежніць Польшчу і зьнішчыць яе палітычную, культурную і эканамічную адметнасьць. Унутры краіны саветы далі ўладу і прывілеі сваім стаўленікам з ПРП і ўвесь польскі народ, усе яго клясы зрабілі аб’ектам уціску і эксплюатацыі.
Гэта — простая і відавочная праўда аб гэных часох. Дзіўна, як рэдка яна фармулюецца ў яснай і недвузначнай форме. Але ніхто, хто быў тады ў Польшчы, ня можа сьцьвярджаць, што гэтага не разумеў. Довадаў было ажно занадта, каб кожны адчуў гэта на ўласнай скуры.
Читать дальше