3. Першая апазыцыя: ліпень 1945 — люты 1948
а) Пачатак апазыцыі й пачатак аднаўленьня
27 траўня 1945 году была выдадзеная адозва Ўпаўнаважанага Ўраду і Прадстаўніка Ўзброеных Сілаў у Польшчы, якая заклікала закончыць узброеную барацьбу і прыступіць да працы над аднаўленьнем краіны [6] Тэкст адозвы: S.Korboński, W Imieniu Rzeczypospolitej, Londyn, 1964, str. 410–411.
. Аўтар адозвы адразу атрымаў спантанную і паўсюдную падтрымку ўсёй нацыі [7] Трэба зразумець, што пачуцьцё ў Польшчы тады было такім: «Мы засталіся сам-насам зь лютым і хітрым захопнікам. Нам зусім не дапамаглі ні магутная Амэрыка, ні пераможная Англія, ні наша войска, ні ўрад і дыпляматы, што мелі доступ да ўсіх вялікіх гэтага сьвету. Яны пакінулі нас адных. Адзін Мікалайчык хоча разьдзяліць наш лёс і нам дапамагчы — можа нават атрымае для нас нейкую падтрымку Амэрыкі і Англіі». Нічога дзіўнага, што прыезд Мікалайчыка выклікаў выбух энтузіязму, што на ім засяродзіліся ўсе надзеі.
. Ён ня толькі стаў кіраўніком партыі (PSL*), якая ўзначаліла легальную апазыцыю, але зрабіўся сымбалем супраціву саветам. Зь яго ўваходам ува ўрад грамадзтва зьвязвала надзеі на падтрымку заходніх хаўрусьнікаў і на магчымасьць утрыманьня незалежнасьці, нягледзячы на прыналежнасьць Польшчы да савецкай зоны ўплываў.
Падтрымка Мікалайчыка была натуральным вынікам таго, што польскае грамадзтва ў цэлым было настроена супраць новай улады, устаноўленай саветамі і Польскай рабочай партыяй. Гэта гістарычны факт вялікага значэньня, які пануючы рэжым у Польшчы заўсёды стараўся стаіць і сфальшаваць.
Надзеі, абуджаныя прыездам Мікалайчыка, сталі імпульсам, каб паўсюдна распачаць працу над адбудовай. Зьявілася вера, што нягледзячы на ўсё можна будзе арганізаваць у Польшчы нейкае нармальнае жыцьцё. І сапраўды, у шмат якіх галінах неўзабаве адбыліся сур’ёзныя пазытыўныя зьмены, выкліканыя тым, што да працы прыступілі кваліфікаваныя работнікі.
Ня трэба, аднак, думаць, што гэтая стваральная праца азначала перамену грамадзкай думкі ў кірунку падтрымкі рэжыму (дарма што афіцыйная прапаганда якраз так намагалася гэта прадставіць). Настрой грамадзтва можна было б выказаць наступным чынам: «Нягледзячы на савецкі рэжым у Польшчы, яе трэба адбудаваць. Толькі мы можам гэта зрабіць. Трэба старацца, каб нам у гэтым найменш перашкаджалі» .
Гэтую стваральную працу ў рамках «існуючай рэчаіснасьці» ўлада палічыла, безумоўна, за карысную для сябе зьмену. Яна, бясспрэчна, азначала, што польскае грамадзтва адышло ад альтэрнатывы ўзброенага супраціву. Зь іншага боку, яна мела для ўлады і нэгатыўныя насьледкі. Шмат галін жыцьця (адміністрацыя, эканоміка, культура) фактычна былі апанаваныя людзьмі з традыцыйна польскай пазыцыяй, якія, праўда, адкрыта не супрацьстаўлялі сябе ўладзе, але мелі сваю ўласную думку аб шмат якіх справах і на практыцы дзейнічалі па сваім сумленьні. З прычыны слабасьці ўласнага апарату партыя мусіла пакуль зносіць такі стан рэчаў.
б) Шматпартыйнасьць: уявы і сапраўднасьць
Лад, уведзены ў Польшчы саветамі, прадугледжваў існаваньне некалькіх палітычных партый. Гэта была ўяўная і часовая саступка саветаў перад заходнімі хаўрусьнікамі — яшчэ адзін спосаб схаваць сапраўдную сутнасьць накінутага Польшчы ладу. Аднак у момант абуджэньня апазыцыі ў Польшчы існаваньне партый набыло асаблівае значэньне. Як іх роля, так і матывы, дзеля якіх людзі ўступалі ў іх, заслугоўваюць увагі [8] На гэтую тэму напісана вельмі мала. Я б вельмі хацеў, каб мая спроба палітычнай інтэрпрэтацыі гэтага істотнага пытаньня стала пачаткам дыскусій і зацікаўленьня гісторыкаў гэтым пэрыядам.
.
Сярод існуючых тады шасьці палітычных партый [9] Не падаю тут генэзы гэтых партый, мяркуючы, што гэта ў прынцыпе вядомыя рэчы.
трэба вылучыць тры катэгорыі. Першая — гэта ПРП i SL*. У гэтых дзьвюх партыях сытуацыя была абсалютна ясная. ПРП была прадстаўніком саветаў у Польшчы, а НП — філіяй ПРП на абшары вёскі. Другая катэгорыя — гэта Польская сацыялістычная партыя, Дэмакратычная партыя і Партыя працы, усе тры ў прынцыпе супрацоўнічалі з ПРП. Трэцяя — гэта ПНП, яўна апазыцыйная партыя.
* * *
У ПНП уступалі тыя, хто наважваўся на яўную апазыцыйную дзейнасьць. Магло б здавацца, што ўдзел Мікалайчыка ўва ўрадзе азначаў, што яго партыя належыць да кіруючай бальшыні, а не да апазыцыі. Прынцыпы, абавязковыя для парлямэнтарнай сыстэмы, ня мелі, аднак, ніякага значэньня ў сытуацыі, якая існавала тады ў Польшчы. Мікалайчык сапраўды быў віцэ-прэм’ерам, але яго партыя стала асяродкам, вакол якога засяродзіліся ўсе сілы, скіраваныя супраць рэжыму, улучна нават з рэшткамі нелегальнага ўзброенага руху супраціву. З пачатку Мікалайчык паставіў сабе задачу стварыць і ачоліць палітычную апазыцыю. На рэфэрэндуме ў чэрвені 1946 году і выбарах у студзені 1947 г. ПНП заняла пазыцыю, адрозную ад Польскай рабочай партыі і іншых падпарадкаваных ёй партый. Мы ніколі не даведаемся пра сапраўдныя вынікі рэфэрэндуму і выбараў. Пануе, аднак, паўсюль перакананьне, што вынікі абодвух галасаваньняў былі сфальшаваныя і што па сутнасьці ПНП выйграла ў абодвух выпадках са значным адрывам.
Читать дальше