Стары з Грацу на мае непакоі адказаў чарговай цытатай із скарбніцы мудрасьці Цэканіі: «Калі існуе вычуцьцё сапраўднасьці, мусіць існаваць і вычуцьцё магчымасьці» . На разьвітаньне — адчуваючы патрэбу выказаць словы спадзеву на паўторны шлях — дакінуў яшчэ: «Пачуцьцё магчымае сапраўднасьці належыць стаўляць вышэй за пачуцьцё сапраўдных магчымасьцяў» .
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
Беларусь ня будзе выключэньнем
з Кшыштафам Чыжэўскiм размаўляюць Валянцiн Акудовiч i Валерка Булгакаў
Валянцiн АКУДОВIЧ: Спадар Кшыштаф, калi Вы ня супраць, мы хацелi б распачаць гаворку з Вашай бiяграфii. Калi ласка, колькі словаў пра сябе.
Кшыштаф ЧЫЖЭЎСКI:Я нарадзiўся праездам у Варшаве падчас шляху маiх бацькоў з Усходу на Захад. Гэта быў 1958 год. Маленства я правёў у невялiкiм мястэчку ў Вялiкай Польшчы, але ў школу пайшоў ужо ў Познанi. У тамашнiм унiвэрсытэце iмя Адама Мiцкевiча я атрымаў дыплём магiстра польскай фiлялёгii. Мая магістарская праца мела назву «Кнiга шляху Чэслава Мiлаша» . Ужо тады мяне захапляў чалавек вандроўны, homo viator, якi ў пошуках таямнiцы падарожнiчае ў глыб сьвету і ў глыб самога сябе адначасна. Абаранiць працу пра Мiлаша, якi быў забароненым пiсьменьнiкам, тады было нялёгка, але ў нашым унiвэрсытэце, дзе адным з маiх выкладчыкаў быў Станiслаў Бараньчак, панавала адносна лiбэральная атмасфэра. Я быў заангажаваны ў дзейнасьць студэнцкай апазыцыі, арганiзацыю «лётаючага ўнiвэрсытэту» , падпольны выдавецкi рух (у тым лiку выдаў том вершаў Мiлаша з уласным уступам). Ужо пазьней, калi было абвешчана ваеннае становiшча, я разам з Рафалам Групiньскiм заснаваў падпольны часопiс «Час культуры» , якi сёньня зьяўляецца адным з найважнейшых культурных часопiсаў у Польшчы.
Аднак падчас навучаньня ўва ўнiвэрсытэце я бываў у Познанi адно спарадычна. Мяне поўнiцай захапiў тады тэатар, у прыватнасьці адмысловае «антрапалягiчнае вандраваньне» . Яшчэ ў часе вучобы ў гiмназii я быў моцна зьвязаны з дэкляматарскiм рухам i аматарскiм тэатрам. Тады гэта было прыўкраснае асяродзьдзе чулых, незалежных i шукаючых людзей, якiя на працягу году сустракалiся ў розных месцах Польшчы, каб дэклямаваць або пяяць паэзiю, прэзэнтаваць манадрамы або тэатральныя спэктаклi. Як гадунец гэтага руху, пасьля першага году навучаньня ўва ўнiвэрсытэце я трапiў у мясцовасьць Гардзянiцэ пад Люблiнам, дзе якраз i стваралася новая тэатральная група... Я застаўся там на шэсьць гадоў. З тэатрам «Гардзянiцэ» я аб’ехаў усю Эўропу, ад Ляпляндыi да Сыцылii, але — што нашмат важней — я пабываў i ў сёлах усходняга i паўднёвага ўзьмежжа Польшчы, пазнаёмiўся зь летувiскай, беларускай, жыдоўскай, цыганскай культурай... адным словам, са сьветам, аб якiм, гадуючыся ў Познанi, я ня меў найменшага панятку. Наш спэктакль «Варажба» , заснаваны на «Дзядох» Мiцкевiча, нарадзiўся падчас выправаў у сёлы, разьмешчаныя непадалёк ад Крушынян пры беларускай мяжы, на гару Грабарку, у Вершалiн i г.д.
У канцы 1983 году я вярнуўся ў Познань, дзе выкладаў (у тым лiку гiсторыю культуры i эстэтыку) у Вышэйшай мастацкай школе. Адначасна ў Доме культуры я з групай прыяцеляў з Познанi, Люблiна i Чарнай Дамбруўкi, што Кашубшчыне, выступiў iнiцыятарам культурнай i тэатральнай працы. Неўзабаве з гэтага асяродзьдзя вылучыўся калектыў людзей, зь якiм я прыняў рашэньне аб пераезьдзе ў Сэйны, мястэчка пры польска-летувiскай мяжы, дзе мы стварылі сьпярша Фонд «Паўзьмежжа» (1990 год), а пазьней ваяводзкі Цэнтар «Паўзьмежжа — мастацтваў, культур, нацыяў» (1991 год). Я i дагэтуль кiрую гэтымi ўстановамi, якiя ўсё шырэй ажыцьцяўляюць культурную, дасьледнiцкую i адукацыйную дзейнасьць у паўзьмежжах Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Адначасна я зьяўляюся галоўным рэдактарам часопiсу «Краснагруда» , чытаю цыклiчныя або аднаразовыя лекцыi ў розных вучэльнях Польшчы i за мяжой, напрыклад, год таму ў Вiленскiм унiвэрсытэце я правёў лекцыю аб спадчыне Вялiкага Княства Лiтоўскага.
В.А.: З той жа нагоды яшчэ i адцягненае пытаньне: мера тоеснасьцi iнтэлектуальных рэфлексiяў Кшыштафа Чыжэўскага гiсторыi падзеяў. Плён iнтэлектуальных рэфлексiяў цi, шырэй, iнтэлектуальнай дзейнасьцi, напэўна, фармуе бiяграфiю суб’екта, але цi ёсьць бiяграфiя суб’екта тым, ад чаго залежыць чын i кшталты iнтэлектуальнага рэфлексаваньня? Адным словам, цi ўплывае бiяграфiя Кшыштафа Чыжэўскага на тое, што i як ён прадумваў у сфэры iнтэлектуальнай праблематыкi?
Читать дальше