В.Б.: Цяжка пазбыцца перакананьня, што ўсе мы цяпер зьяўляемся сьведкамi ўзьнiкненьня так званага беларускага «цуду» (паводле аналёгii з паўднёва-карэйскiм цудам і г.д.), зразуметага хутчэй у нэгатыўным сэнсе. Цi не мяркуеце Вы, што Беларусь перабывае ў другім экзыстэнцыяльным вымеры, што Беларусь мае сваю ўласную вiзiю атачаючага сьвету i самой сябе ў гэтым сьвеце? Паспрабую сфармуляваць гэта яшчэ больш правакацыйна: цi не мяркуеце Вы, што цяпер беларуская культура з культуры адставаньня ператвараецца ў культуру адхiленьня?
К.Ч.: Беларусь — гэта краiна, у якой дагэтуль вёска — замкнёная, алергiчная на такiя вартасьцi, як свабода або ператварэньне, якая зацята баронiць статус-кво — перамагае горад, у якiм значна хутчэй прышчапляюцца зародкi трансфармацыi i разьвiцьця. У гэтым яна не адасобленая ў нашай частцы Эўропы. Прыклад Новай Югаславii, у якой дыктатарскi рэжым Мiлошавiча дагэтуль утрымлiвае ўладу дзякуючы падтрымцы сельскага электарату i церпiць усё большыя паразы ад жыхароў гарадоў, вельмi нагадвае сытуацыю Лукашэнкi, якi абапiраецца на савецка-калхозны электарат. У гэтым выпадку неадэкватным зьяўляецца нават само паймо вёскі, бо што супольнага зь вёскай мае савецкi калхоз? Мае толькi тое, што ён зусiм зьнiшчыў гэтую традыцыйную вёску. Таму паймо вёскі я ўжываю адно ўмоўна, адначасна ўсьведамляючы ўсю недасканаласьць майго параўнаньня — паколькi нямала прыхiльнiкаў i Мiлошавiча, i Лукашэнкi можна знайсьцi ў гарадох. Аднак гэта ў Бялградзе і Менску нараджаецца грамадзкi пратэст, i гэта з правiнцыi супраць яго накіроўваецца хваля атак, як яшчэ некалькi гадоў таму шахтары з правiнцыi атакавалi «згнiлых» студэнтаў i iнтэлiгентаў у Бухарэсце. У Румынii гэты бой ужо мiнуўся, а ў Югаславii i Беларусi дагэтуль яшчэ ня скончыўся. Я, аднак, мяркую, што перамога гораду — гэта толькi пытаньне часу, што гэта натуральны i немiнучы працэс. У гэтым сэнсе Беларусь ня будзе нiякiм выключэньнем, нiякай «культурай адхiленьня» . Нават калi згадзiцца, што беларускае грамадзтва ў параўнаньнi зь iншымi больш памяркоўнае i рахманае, менш схiльнае да забурэньняў i рэвалюцыяў, гэта нiяк не запынiць натуральнага працэсу высоўваньня гарадзкой фармацыi на першы плян. I я тут надта не пераймаўся б, не ставiў бы на рэвалюцыйныя перамены, а хутчэй канцэнтраваўся на арганiчнай працы, якая б рыхтавала грунт пад немiнучыя ператварэньні.
В.Б.: На заканчэньне я хацеў бы запытацца, якое месца рэальна адводзiцца беларусам i Беларусi ў Вашай культурнай дзейнасьцi? Цi дачакаемся мы беларускага нумару часопiсу «Краснагруда» ?
К.Ч.: Беларуская справа ад пачатку займае важнае месца ў дзейнасьцi «Паўзьмежжа» . Я вельмi добра памятаю лiст, якi мы атрымалi неўзабаве пасля ўзьнiкненьня нашага Цэнтру ад Ежы Гедройца, аднаго з нашых лідэраў i апекуноў, у якiм ён горача заахвочваў да захадаў на карысьць польска-беларускага супрацоўнiцтва. Гэта не засталося без рэха. У нашых праектах часта ўдзельнiчаюць як беларускiя дзецi i моладзь, так i беларускiя мастакi i iнтэлектуалы. Мы маем вельмi добрыя кантакты зь беларусамi ў Польшчы — такiя людзi, як Сакрат Яновiч або Лявон Тарасэвiч частыя госьцi ў нас. У праводжанай намi эўрапейскай школе Паўзьмежжа ўдзельнiчае адносна шмат беларусаў. Беларускiя тэмы зьяўляюцца i ў нашай «Краснагрудзе» . Пасля апошняга вiзыту ў Менск, калi я пераканаўся, што маю там вельмi добрых партнэраў для супрацоўнiцтва, я пачаў сур’ёзна думаць аб падрыхтоўцы спэцыяльнага нумару нашага часопiсу, прысьвечанага Беларусi. Гэта будзе нялёгка, бо я вельмi патрабавальны ў падрыхтоўцы матэрыялаў, да таго ж праблема палягае i ў добрых перакладчыках зь беларускай мовы на польскую, трэба сабраць разам вялiкую колькасьць вельмi разнароднага матэрыялу... i г.д. Я, аднак, не сумняюся, што гэты праект нам удасца рэалiзаваць. Зрэшты, гэта будзе вельмi добры жэст на карысьць польска-беларускага i беларуска-сярэднеэўрапейскага супрацоўнiцтва. Цiкава, што Беларусь скажа Сярэдняй Эўропе?
Лета 1997 г.
* Шыман Ан-скі (Szymon An-sky, спраўднае імя і прозьвішча Салямон Сэйнвіль Рапапорт, нарадзіўся ў 1863 годзе ў Віцебску) — пісьменьнік, этнограф, адзін з найбуйнешых дасьледнікаў культуры ідыш. Назапашваў этнаграфічныя матэрыялы падчас шматлікіх падарожжаў. Іх плёнам былі тысячы фатаздымкаў, апавяданьні, легенды, песьні, рукапісы, іншыя дакумэнты. Найбольшай вядомасьцю карысталася яго драма «Dybuk. Na pograniczu dwóch Światów» (1916). Памёр у 1920 годзе. — Зацем перакладніка.
Читать дальше