Цяпер, адылі, я спасьцерагаю, што калі я пачынаю гаварыць аб Эўрапейскім Зьвязе і таму падобных справах, то мова мая зьмяняецца, міжволі дысціплінуецца, а месца цытатаў займаюць клішэ.
— А калі гэты пераходны этап акажацца пэрманэнтным? Так і застанецеся, прыгорненыя да нечага іншага, чымся вы самыя ёсьць, у чаканьні, у чарзе, бачачы шанцы для сябе ў аслабленьні суседа. Так, быццам у сябе, але зьверненыя ў іншы бок, дзе дзеецца адаптацыя, а не стварэньне, абцяжарваньне, а не вывальненьне, дзе абвяшчаецца сцэнар на жыцьцё, напісаны некім іншым. Заўсёды ў правінцыі, бо чым ёсьць правінцыя, як не перайманьнем чужых наўзораў.
— Ну добра, — зачарпнуўшы паветра, я паволі зьбіраю сілы для далейшай палемікі пасьля гэтага ўдару ў, што гэтта шмат гаварыць, чулае месца. — Прыгледземся бліжэй да гэтай нашай Сярэдняй Эўропы. Што ў нас гэтта ёсьць? Колькі канцэпцыяў, напрыклад, Палацкага, Наўмана, Пілсудзкага, Масарыка. Усе яны аказаліся нерэальнымі. Апошняя, дысыдэнцкая, у восемдзясятых гадох атрымала розгалас у сьвеце. Дыскусія разгарэлася пасьля зьяўленьня эсэ Мілана Кундэры «Разарваны Захад, або Трагедыя Сярэдняй Эўропы» , дарма што ўперад гэтую праблему закраналі Чэслаў Мілаш, Ёзэф Крутвар або аўтары, засярэджаныя наўкола рэдагаванага Ладзіславам Матэйкам часапісу «Cross Currents» . Здаецца, што ў гэты пэрыяд было дасягнута шмат. «Усходні эўрапеец ужо мае собскае каралеўства. Яно ўзьнікае ў месцы ягонага жыцьця. Гэта каралеўства духу, але моцна ўкарэненае ў сапраўднасьці. Усходні эўрапеец пасьляялцінскага пакаленьня сёньня патрапіць ужо абысьціся бяз культу Захаду і, шчыра кажучы, усё радзей думае аб ім, усё слабей памятае. Ён надзвычай паглынуты собскім жыцьцём — ён творыць новыя йменьні Эўропы, у сябе, на месцы» . Пекныя словы Барбары Таруньчык з «Zeszytуw Literackich» 1987 году. Нешта мусіла быць збудаванае, каб на гэты конт можна было выказвацца. У гэтым жа часе ізь зьместу «Zeszytуw Literackich» зьнікае рубрыка «Эўропа Цэнтру» — калі мы ўжо ў сябе і творым «новыя йменьні Эўропы» , то няма сэнсу далей імкнуцца да Сярэдняй Эўропы. Патрэбны былі, аднак, адно два гады, каб пераканацца, што гэта зусім ня так. Аказалася, што гэнае «ў сябе» — гэта адно часовае месца пабыту, што трэба згарнуць намёты і рушыць у дарогу да лепшай, нармальнай урэшце Эўропы. Справа Сярэдняй Эўропы вельмі хутка сталася анахранічнай. Выпіхнутая на бакавую каляіну, яна не пасьпявала за ходам падзеяў. Яна вярнулася да свайго ўлюблёнага стану пэўнай нерэальнасьці і перабываньня ў вакууме, да — як кажацца ў Каралеўстве Цэканіі — «актыўнага пасывізму» . Вось, напрыклад, зьявілася «Gazeta Њrodkowoeuropejska» , дадатак да нашай галоўнай газэты «Gazety Wyborczej» , і — як бы гэта сказаць — троху выглядае на аднаўленьне славутай вэлясыпэднай Гонкі Міру, толькі што Ўсходні Бэрлін быў заменены Будапэштам, а побач з Прагай зьявілася Браціслава як асобная сталіца. І гэта ўсё з новага павеву. Няма Бухарэсту, Кіева, Вільні, Любляны і некалькіх яшчэ сталіц, якія імкнуцца да сярэднеэўрапейскасьці. Дарма што я буду несправядлівы да шмат якіх цікавых тэкстаў, што там былі апублікаваныя, але мне падаецца, што газэта падзяляе сумны лёс т. зв. Вышаградзкай Групы. Спакусьліва было б прыраўнаць ейныя дзеяньні да слыннай Паралельнай Акцыі з «Чалавека бяз свомасьцяў» Музіля, якая «пакуль канчаткова адкладвае справу аўтэнтычнага дзеяньня да пазьнейшага заглыбленьня ў думку актыўнага пасывізму» .
— Калі ласка, калі ласка, так Ваша дапытваўся наконт таго, што засталося з гэнага сьвету. Але хай Ваша будзе ласкавы працягваць далей. Я асабліва цікаўлюся справамі, якія дзеюцца вонках «вышаградзкага кола» . Мне здаецца, што там адбываецца шмат цікавага. Зь Вільні да мяне даходзяць чуткі, што Альміс Грыбаўскас знайшоў урэшце падтрыманьне для ідэі выданьня часапісу пад назвай «Сярэдняя Эўропа» і ўжо зьявіўся ягоны першы нумар. Тое, што замірае ў Празе, можа, ажыве ў Вільні. Дарэчы, «Zeszyty Literackie» не прывярнулі пасьлей гэтае рубрыкі «Эўропа Цэнтру» ?
— Прывярнулі. Гэтаксама факт, што ідэя Сярэдняй Эўропы набыла большы разгон вонках Вышаградзкае Групы. У апошнім нумары часапісу «Ї» , выдаванага ў Львове маладой украінскай інтэлігенцыяй, вялікімі літарамі выдрукавана думка Ота фон Габсбурга, выказаная ў размове з Алегам Заячкіўскім: «Украіна гэтаксама належыць да Сярэдняй Эўропы» . У тым жа Львове Цэнтар гуманітарных досьледаў пры Ўнівэрсытэце імя Івана Франка ў пазамінулую восень арганізаваў канфэрэнцыю пад назвай «Новая Ўкраіна — Новая Эўропа» , падчас якой асноўным пытаньнем сталася сярэднеэўрапейская тоеснасьць. У Менску зьявіўся часапіс «Фрагмэнты» , з падзагалоўкам «сярэднеэўрапейскі культурны агляд» . Калі я нядаўна езьдзіў туды на сэмінар «Другая Эўропа» , я сустрэў шмат людзёў, што былі пад магутным уражаньнем перакладзенага якраз на беларускую мову і апублікаванага ў «Фрагмэнтах» эсэ Кундэры аб трагедыі Сярэдняй Эўропы. Для адных гэта было вычуцьцё супольнасьці конаў і шанец на здабыцьцё ўтрачанае тоеснасьці, для іншых уцёкі ад Расіі. Нехта цьвяроза канстатаваў: «Гэтая ідэя можа прынесьці пазытыўныя вынікі пры ўмове, што яе ініцыятары і рэалізатары будуць ясна ўсьведамляць, што гэта вымушаная ідэя, часовая ідэя, (…) што гэта тактыка, а не стратэгія, «фізыка», а не мэтафізыка» . Нехта іншы падазрона паглядаў у бок Польшчы, баючыся, што за пазаркой ідэяй стаяць новыя імпэрыяльныя прэтэнзіі. На падобнай сустрэчы ў Заграбе я сустрэўся із староньнікамі нацыянальнага гаспадарства і нацыянальных тоеснасьцяў, якім ідэя Сярэдняй Эўропы была патрэбна для абароны гэтых вартасьцяў ад эўрапейскай уніфікацыі. Яны гэтаксама патрабавалі паведаміць сьвету, што яны — у адрозьненьне хаця б ад сэрбаў — гэта не Балканы, што яны — гэта акурат Сярэдняя Эўропа. Што я магу дадаць яшчэ? «Сярэдняя Эўропа ёсьць супоўна расьцятай, накшталт павялічанага Балканскага Паўатоку. Дзеля таксама і гэтага цяпер няма ніякага сэнсу пасуляць якія-колечы пляны ці праекты» . Не, гэта ня словы некага з аналітыкаў бягучае сытуацыі ў нашым рэгіёне. Гэдак пісаў пад канец свайго жыцьця Фрыдрых Наўман у апошнім нумары выдаванага ім самым тыднёвіку «Mittel-Europa» . Быў сьнежань 1918 году.
Читать дальше