— Нягледзячы на гэта я, аднак, хацеў бы Вашу нешта пасуліць. Значыцца, цяпер палудзень, а пасьля, пасьля…
Вось жа здарылася гэта ў Грацы, у часе, калі частка жыхароў цешылася з прыгоды адкрыцьця музэю Арнольда Шварцнэгера, а частка перажывала, што падчас адбыванага тут Экумэнічнага Кангрэсу ў чарговы раз быў збаёданы шанец сустрэчы духовых кіраўнікоў каталіцкай і праваслаўнай царквы. Мой сумоўнік працягваў свае разважаньні аб пэўным палемічным што да Паралельнай Акцыі прадпрыемстве, якое ён назваў Сярэднеэўрапейскай Акцыяй. Гэта павінен быць супрацьлежны полюс да размавітых самітаў, сустрэчаў на высокім узроўні, стварэньня высокіх камісіяў і ўнівэрсальных канцэпцыяў. Яны маюць сваё значэньне, але далёка не дастатковае. Цяжка не згадзіцца з тымі, хто мяркуе, што ідэя Сярэдняй Эўропы ёсьць утопіяй, калі бачыць у ёй магчымасьць стварэньня нейкай супольнай палітычна-эканамічна-культурнай структуры ў гэтым рэгіёне. Усялякія наднацыянальныя ініцыятывы тут слабыя і трацяць значэньне ў прыраўнаньні з падобнымі эўрапейскімі ініцыятывамі. Дужа нерэалістычнымі падаюцца намаганьні прышчапіць згары супольную ідэю пэўнага груду інтэлектуалаў, якая б была прынятая рознымі гаспадарствамі і нацыямі. Аднак усё гэта не перакрэсьлівае яшчэ самой справы Сярэдняй Эўропы, а адно паказвае, чым яна ня можа стаць, калі яна ня хоча застацца ў сфэры лятункаў, якім ніколі не наканавана зрэалізавацца. Сярэднеэўрапейская Акцыя — гэта крэацыя, а не рэстаўрацыя, гэта не хаўрусы гаспадарстваў і стратэгіі ўрадаў, а штодзённае супрацавенства паміж грамадзянамі, местамі і рэгіёнамі; гэта купцы, што таруюць новыя шляхі, і прадпрымальнікі, што прыцягваюць супольныя інвэстыцыі; гэта адкрытыя для суседзтва ўнівэрсытэты, выдавецтвы і сродкі масавае інфармацыі; гэта інтэркультурнае ўзаемадзеяньне, школьныя праграмы з інтэграцыйным характарам, моладзевыя лягеры, дыскусійныя клюбы, вандроўкі, моўныя курсы і спартовыя спадужніцтвы. Вельмі не стае гэткай пабудовы на самым нізе, арганічнай, цёплай дзеля міжнародных кантактаў і адначасна сьмелай у сваіх амбіцыях і размаху. Гэта праца як пры складаньні мазаікі, падчас чаго не паслугуюцца вялікімі плошчамі, а малымі шкельцамі цярпліва дапасоўваюць іх да сябе. Так узьнікае разнародная цэласьць.
Нядаўна з прыгоды падрыхтаванага прэзыдэнтамі польска-ўкраінскага паяднаньня ў тэлевізійную перадачу «W centrum uwagi» былі запрошаныя тры госьці — першы рэпрэзэнтаваў серадовішчы польскіх вэтэранаў і патрабаваў сатысфакцыяў за выгубленьне польскае люднасьці на Валыні; другі прэзэнтаваў украінскую меншыню ў Польшчы і патрабаваў сатысфакцыяў за акцыю «Вісла» . Паколькі падрыхтаваны дакумэнт павінен быў узяць у разьлік іхныя жаданьні, абодва спадары выглядалі на задаволеных. Добры настрой размовы папсаваў, адылі, трэці з гасьцёў, які заміж таго каб суладна падкрэсьліць некалькігадовую працу, укладзеную ў падрыхтаваньне гэтага дакумэнту, ні стуль ні сьсюль выразіў перасьцярогу, што гэтае паяднаньне застанецца толькі на паперы, што насамрэч мы два апошнія гады так і праспалі, робячы вельмі няшмат, што дагэтуль не распрацаваныя і ня выдадзеныя адпаведныя школьныя падручнікі, што няшмат зроблена для польска-ўкраінскага паяднаньня на ўзроўні рэгіянальных супольнасьцяў і г.д. Прэзыдэнты падпісалі гэты дакумэнт, а адразу пасьля ў Перамышлі была зроблена спроба заблякаваць арганізацыю фэстывалю ўкраінскае культуры, у Львове былі ўгнюшаныя могілкі «Orl№t Lwowskich» , у Кіеве быў збэшчаны польскі сьцяг разам зь іншымі сьцягамі суседніх краін, у Лешні зьнішчаны памятны знак, прысьвечаны ахвярам акцыі «Вісла» … Гэтым трэцім госьцем у тэлевізійнай студыі быў Багдан Скарадзіньскі. Я памеркаваў, што ягоная пазыцыя ў ісьце выражае дух Сярэднеэўрапейскай Акцыі. Гэткая акцыя ў сваёй аснове ёсьць нечым іншым, чымся ўдзел у справах, што йдуць пратараваным шляхам і бальшынёй успрымаюцца як нешта відавочнае. Людзі, што бяруць у ёй удзел, не згаджаюцца зь існай візіяй сьвету, яны нецярплівыя і збунтаваныя, яны нястомна перапраўляюцца да другога, ня ведамага яшчэ берагу. І такім чынам вяртаюцца да сябе.
Вось жа, слухаючы аповед майго сумоўніка, я пачаў дапаўняць яго сваімі собскімі дасьведчаньнямі і роздумамі. Я ўсьвядоміў для сябе, што ўзглядна лёгка стацца ў іх эўрапейцам: школа дае веду аб заходнеэўрапейскай гісторыі і культуры, можна бязь цяжкасьці навучыцца ангельскае ці нямецкае мовы, у кнігарні ёсьць кнігі Ўартана ці Эка, а да таго ж няма жаднае спапярэдлівасьці. Значна цяжэй, аднак, быць сярэднеэўрапейцам у Сэйнах і ўзнаямляцца, напрыклад, із сваімі сужыхарамі і найбліжшымі суседзямі летувісамі: у школе можна няшмат даведацца аб іхнай гісторыі, а аб культуры і наагул нічога, мовы ня вучаць як у школе, так і на курсах, у кнігарні няма кніг Баранаўскаса ці Венцловы, а да гэтага ўсяго дадаюцца яшчэ крыўды і спапярэдлівасьці. Ініцыюючы Сярэднеэўрапейскую Акцыю, трэба зьвярнуцца да ўзбочнага шляху, супоўна яшчэ не пратараванага. Ці рэальна гэта? Гэта пытаньне пра магчымасьць узьнікненьня Сярэдняй Эўропы.
Читать дальше