4.
З часу той вечаровай размовы зь Вiктарам Вiнiкайцiсам мне не давала спакою думка, што ён жыхар таго прасьцягу, да якога я ня маю доступу. У гэтым я зайздросьцiў яму. Калi хацеў, ён мог таксама знаходзiцца ў маiм сьвеце, браму якога ён пераступаў бязь цяжкасьцi. Зрэшты, ён ведаў гэты сьвет наскрозь i ўмеў у iм спраўна перамяшчацца. Мы шмат разоў размаўлялi аб гiстарычных працэсах, якія i дагэтуль ідуць на паўзьмежжы. Ён часам прыходзiў у нашу кнiгараньку ў «Белай сынагозе» , каб купiць кнiгi Ласоўскага, Макоўскага, Грэймаса, Жукаса i iншых. Мне iмпанавалi яго гiстарычныя веды. Ён ведаў вытокi напружаньняў, а таксама ў якой форме яны назiраюцца сёньня. Ён трапна прадбачыў праблемы, якiя ўзьнiкаюць у новага прыхадня, якi ўступае ў зону паўзьмежжа. Ты мусiш вытрымаць у сытуацыi памiж молатам i кавадлам, нават калi табе дадзела лiчыцца не-сваiм. Застанься ня-свой i не мяркуй наiўна, што табе ўдасца замiрыць молат з кавадлам. Шукай хутчэй для сябе трэцяга шляху, а ён праходзiць заўсёды блiжэй да чалавека, чымся да супольнасьцi. Пасьля пэўнага часу можа аказацца, што ты не адзiн. Памятай, што гэта не Варшава, дзе часам, каб вырашыць нейкую праблему, трэба ўзрушаць грамадзкую думку, арганiзоўваць пратэст або дэманстрацыю, праводзiць акцыю ў сродках масавай iнфармацыi. На паўзьмежжы ты такiм чынам распалiш пажар, якi цяжка будзе пагасiць. Тут лепей не датыкацца да жывой раны. Калi ты хочаш патрапiць у мэту, да якой iмкнешся, не глядзi нiколi наўпрост, а заўсёды трохi вышэй цi нiжэй, трошкi збоку.
Добрыя парады, якiя я пачуў у голасе Iншага, патрапiлi выдатна сьцерцi мяжу памiж абкружаючым мяне сьветам i тым, што найбольш асабiстае. Ён, безумоўна, хацеў, каб я не аддзяляў сапраўднасьцi паўзьмежжа ад сваiх уласных слабасьцяў, каб я iшоў далей, пакiдаючы за сабой дзяржаўныя, нацыянальныя i культурныя межы, скiроўваючыся да праўды аб самiм сабе.
Я назiраў за Вiнiкайцiсам, як ён суправаджаў гасьцей па кляштары, плаўна пераходзячы з польскай мовы на летувiскую. Кожны меў яго за свайго, а хутчэй хацеў мець за свайго, хоць усе i адчувалi, што яны толькi мiнакi ў месцы, якое ёсць яго домам. Ён ведаў iх мовы i звычаi. Дарма што ён адчыняў перад iмi розныя дзьверы, праводзiў iх у катакомбы i на вежу, ён усё-такi пакiдаў iх заўсёды перад брамай, якую пераступаў толькi адзiн, уваходзячы ў самы цэнтар. Ён там i жыў — грамадзянiн цэнтру.
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
Вяртаньне Сярэдняй Эўропы
Памяці недастаткова, каб захаваць адзінства із сваёй зямлёй, з собскай мінуўшчынай. Патрэбна яшчэ воля расшырэньня гарызонтаў і ахвота перажыцьця новых прыгодаў.
Жан-Мары Дамэнак, «Эўропа: выклік для культуры».
Здарылася гэта ў Грацы, дзе я затрымаўся па дарозе на Поўдзень. Здарылася гэта амаль на самай лініі, якую Чэрчыль у 1946 годзе працягнуў ад Шчэціна да Трыесту і назваў «зялезнай заслонай» . Некалі гэтта затрымваўся Іва Андрыч, навучаючыся ўва ўнівэрсытэтах то Заграбу, то Вены, то Кракава, то Грацу. Калісь гэта было ў парадку рэчаў, а сёньня такое цяжка ўявіць. Гэта тут напрыканцы дваццатых гадоў XIX-га стагодзьдзя студэнт філязофіі Станка Враз, славенец, сустрэў Людэвіта Гая, харвацкага лідэра Ілірыйскага Руху, і пад ягоным уплывам стаўся харвацкім пісьменьнікам. Такое сёньня гэтаксама цяжка ўявіць. Гэта ў тутэйшых колах, на бачынах заснаванага пасьлей у Заграбе Врацам літаратурнага часапіса «Kolo» , бурліва абмяркоўвалася ідэя адзінства славян, ідэя стварэньня разам з братамі сэрбамі супольнае мовы, супольнае фэдэрацыі... А потым адкрыліся чарговыя карты гісторыі Сярэдняй Эўропы: Ясеновац, Вукавар... Бывалі гэтта таксама палякі. У нейкі момант я нават падумаў аб каўні на вуліцы Тронэтгоф, дзе некалі можна было прыдбаць польскія часапісы, але падумку гэтую я ўборзьдзе адкінуў на карысьць сьціплае рэстарацыі з багатым мэню, як і прыстала сталіцы Стырыі.
Калі толькі я ўвайшоў да рэстарацыі, адзін стары, кінуўшы праз вакно позірк на рэгістрацыйны нумар майго самаходу, падышоў да мяне і спытаўся: «Ваша зь Сярэдняй Эўропы?» У мяне мову заняло. Што за пытаньне? Тут, на самай лініі ня так даўна яшчэ існай «зялезнай заслоны» , гэты чалавек пра што ў ісьце ў мяне пытаецца? Пра прыналежнасьць да іншай Эўропы, гэтай беднай, хаатычнай, што пагражае людзём, якія жывуць у спакоі і дастатку? А можа ён мае наўвеце тое, што дзеецца ў колішняй Югаславіі? А можа антысэмітызм? Застаецца яшчэ пытаньне правоў чалавека (і жанок), нацыянальных мяншыняў (дагэтуль яшчэ ёсьць, трасца, і да таго ж вечна незадаволеныя), нястачы дысцыпліны, ляноты, п’янства, талеранцыі (але яна падцінае чыстую тоеснасьць), нацыяналізму (ну і што з таго, што на Захадзе ён таксама няблага маецца, наш значна горшы), плюралізму (дапушчэньня існаваньня чысьленых праўдаў, але ж ёсьць адна і абсалютная), летуценнасьці, наіўнасьці, сьмяцьця і адпадаючых тынкаў на вуліцах, пэўных пахаў... Што ён мае наўвеце? Усе гэтыя думкі перапляліся ў маёй крохкай сярэднеэўрапейскай постаці перад абліччам гэтага ахайна апраненага спадара, у гэтай бездакорна чыстай гасподзе, у якой аплата вядзецца стабільнай валютай, у гэтым заможным, рупатліва парадкаваным месьце, насельнікі якога могуць лякацца адно... Я адказаў: «Еду з Польшчы. Але таксама можна, відаць, сказаць, што... зь Сярэдняй Эўропы» . Сытуацыя троху нагадвала размову з афіцыянткай у маім мястэчку, калі на зробленую замову я пачуў цьвярозае: «Але ў гэтым ёсьць сьвініна» . Адказваючы, што ня ў гэтым рэч, я нават не прыпушчаў, наколькі вялікае расчараваньне я ёй дастаўлю. Урэшце ўсё было б ясна, ну і добра мець прынамсі аднаго жыда ў мястэчку. Ну так, але тады я выкрыў толькі пэўнае фальшывае ўяўленьне. А цяпер я ня мог запярэчыць. Я мог папраўдзе гэтага другога сказу не дадаваць, «з Польшчы» было б якраз досыць, альбо дадаць сьмела і папросту «з Эўропы» . Я адчуў, аднак, што такім парадкам я б зьлякаўся і што гэты чалавек ведаў бы аб гэтым.
Читать дальше