Троху падобную, але ўсё ж іншую зразу «шматкультурнага чалавека» вызнаюць прыхільнікі постмадэрнізму. «Ягоныя адэпты заклікаюць не да аўтэнтычнага грамадзтва, дзе б усе жылі ў цепліні свае культурнае тоеснасьці, а да паліморфнага грамадзтва, да стракатага сьвету, які б зрабіў кожнаму прыступнымі ўсе формы жыцьця. Ухваляецца ня столькі права на вырознасьць, колькі паўсюднае памяшаньне, права кожнага на спэцыфічнасьць Іншага. Шматкультурны значыць для іх добра забясьпечаны (...). Яны спажыўцы, а не захавальнікі існуючых традыцый» [209]. Для іх аднолькавую вартасьць маюць творы як высокай, так і нізкай культуры: тэлевізійная зорка і выдатны вучоны, тэатар і спартовае відовішча, шэдэўр і кіч. «Пара чаравікаў вартая Шэксьпіра, абы толькі насіла подпіс слыннага праектанта» [210]. Кожны выбар адвольны, індывідуальны і нічым ня стрыманы, таму што ім кіруе адно прынцып прыемнасьці.
Як кажа Фінкелькраўт, постмадэрнісцкая думка, як і асьветніцтва, прагне адарыць чалавека незалежнасьцяй. З той толькі розьніцай, што культура перастае быць для яе снадзівам эманцыпацыі і стаецца перашкодай. Адсюль «элітарнасьцю (або нечым непрымальным) ёсьць не адмаўленьне масавай культуры, а адмаўленьне фірмавага знаку якой-колечы культуры або забаўляльнай імпрэзы» . Тым самым безразважнасьць стаецца вартасьцяй, роўнай развазе, а зацярушваньне межаў паміж культурай і забаўляльнымі імпрэзамі прыводзіць да таго, што шэдэўры насамрэч існуюць, але «ўжо няма месца, дзе б іх можна было прыняць і надаць ім належнае значаньне. Яны абсурдна сігаюць у прасьцягу, без арыенціраў і пунктаў суаднясеньня» [211]. Усё гэта робіць індывіда адзінотным, тне ягоныя повязі з супольнасьцяй, робіць падаўкім на маніпуляцыі, аглужджае ўявамі свабоды. Нованароджаны дух калябарацыі йдзе ўзапар з ухваленьнем інфантылізму. На сцэну цывілізацыі трыюмфальна ўступае Млокас (Mlokos), нагэтулькі йнакшы ад таго, прыйсьце якога прадказваў і якога шанаваў Гамбровіч!
Дзе гэтта месца для ідэі Сярэдняй Эўропы, для ейнай літаратуры? Ёй успаможа ацалець, як я мяркую, ейная апрычоная непаўторная оптыка. Іншы позірк на сваю краіну, на будучыню кантынэнту, на кон цывілізацыі і плянэты. Гэтаксама — на прадстаўленыя вышэй зразы тоеснасьці. Сярэднеэўрапейскі інтэлектуал перабывае ў троху лепшай і троху горшай, чымся ягоныя заходнія калегі, сытуацыі. Ён не дзяржыць сантымэнтаў да створанай край Міжземнага мора культуры і не імкнецца супрацьстаўляць ёй паўсталыя ў іншых мясцох культуры. Але заразом — застаючыся ў ейным абсягу, ён можа станаўчэй дамагацца права на сваю апрычонасьць і непаўторнасьць, можа лепей упільнаваць вартасьці, якія суляе варыянт унівэрсальнай зразы. Ён таксама можа гучней патрабаваць раўнапраўя для культур невялікіх грамадзтваў, малых этнічных або рэлігійных групаў. У ягоным праве прыгадаць, што тоеснасьць індывіда ўмацоўваецца ня толькі тым, што культурнае, але і тым, што мэтафізычнае або рэлігійнае. Ягоным абавязкам павінна стаць абарона гіерархіі і вяртаньне аксіялягічнага ладу. Культура ня ёсьць для яго сыстэмай ізаляваных манад, а ейную вартасьць не абумаўляюць адно вырознасьці. Ён мяркуе, ці, прынамсі, мае надзею, што, наадварот, яна можа ўзбагачацца осмасам размавітых зразаў і дыялёгам, што выходзіць за гістарычны час і дадзенае месца. У сваіх выбарах жыхар гэтай часткі Эўропы не кіруецца адно прынцыпам прыемнасьці. Культура і надалей застаецца для яго нечым спаважным, бо за яе абарону ён заплаціў надта высокую цану і зашмат наўзіраўся на насьледкі яе баналізацыі і спрашчэньня ідэалёгіяй. Ён мае да яе пашану, памяшаную з дыстанцыяй і доляй іроніі — ён ведае, наколькі яна патрэбная і наколькі яна бывае нетрывалай. Таму ў ім дрэмле, амаль паводле закону інэрцыі, патрэба разрозьняць, схільнасьць цанаваць. Заразом — скептычнае стаўленьне да ўсіх аўтарытэтаў і адназначных высноваў.
Ці напэўна? Ці міжволі я не ідэалізую, яшчэ раз прыводзячы нейкую зынакшаную вэрсію — гэтым разам культурную — сярэднеэўрапейскага мэсіянізму? Магчымыя два сцэнары падзеяў.
Паводле першага, літаратура Сярэдняй Эўропы можа, у найлепшым прылучаю, запісаць і аналізаваць на сваім прасьцягу той самы працэс, які агарнуў заходнюю частку кантынэнту раней і менш адчувальна. Іншымі словамі, бясьсільна назіраць, як непахісныя дагэтуль нормы паводзінаў, уважаныя за безумоўныя вераньні і адвечныя, здавалася б, перакананьні, перажываюць паступовую эрозію. Як працярэбіць сабе шлях — у гэтым даўно забытым ускрайку сьвету — новая мадэль культуры. Як гістарычнае сьведам’е выцясьняецца агістарычным мысьленьнем, упарадкаваная дыяхранія — эклектычнай сынхраніяй, пазачасовыя вартасьці — псэўдавартасьцямі. Як нацыянальная тоеснасьць выцясьняецца шматкультурнай тоеснасьцю, але ў выніку наплыву імігрантаў звонку Эўропы этнічна і культурна паліморфнае грамадзтва адмяняецца ў расава дыфэрэнцыяванае грамадзтва, але падпарадкаванае дыктату банальных зразаў унівэрсальнай культуры.
Читать дальше