Імклівы выбух застарэлых крыўдаў і сукрытых нянавісьцяў, здаецца, паклаў канец ілюзіям аб магчымасьці гарманійнага суіснаваньня або, прынамсі, халоднай талеранцыі. Іхнае калекае ўвасабленьне ў формулу камуністычнай дзяржавы як гаранта раўнапраўя выявіла сваю крохкасьць і выкрыла фальшывую ўяву. Паводле Янчара: «Камуністы і фашысты зьдзейсьнілі кампіляцыю ўсіх асьветных поклічаў мінулых эпохаў, але заміж упарадкаваных сацыяльных і нацыянальных дзяржаваў мы атрымалі небясьпечную, забойчую мяшанку. Яна ўзмагутніла ўсё, што было найгоршага як у асобных людзях, так і ў нацыянальных, калектыўных ідэях» . Але ён таксама ўскосна давёў, што ў гісторыі ня ўсё можна ўкласьці ў лягічны парадак прычынаў і насьледкаў. «Як і ўва ўсім сьвеце, у югаслаўскім хаосе ёсьць шмат ірацыянальнага» [200].
Якраз да разуменьня гэтага прыходзіць літаратура тых краін, існаваньне якіх пастойна стаіць пад знакам запытаньня. Для якіх, як для славенцаў, культура, існаваньне нацыі — гэта «пацьверджаньне ў супрацьстаяньні» [201]. Яна падстаўляе фанабэрлівай аптымістычнай Эўропе крывое люстра пэсымізму. Яна «закранае праблемы жыхара Сярэдняй Эўропы, які балянсуе на ўскрайку ўсіх эсхаталёгій, што абяцаюць найлепшы ізь сьветаў» . Яна «ведае, што парадоксы гісторыі і ейныя поўныя іроніі падумкі адчувае на собскай скуры, у собскім сэрцы і розуме перадусім чалавек. А таксама трагічныя парадоксы сваёй нацыі (...) ейнай культурнай і якой-любя іншай тоеснасьці. Чалавек, які бязьлітаснай іроніі гісторыі і ўсім ейным эсхаталёгіям супрацьстаўляе сваю крохкую, чулую і перахаджалую экзыстэнцыю. Адно сваё жыцьцё. Свой пануры сьмех» [202].
Думка аб Сярэдняй Эўропе ёсьць для малых нацый шанцам выйсьці з ізаляцыі, позіркам на перагасы свае нацыі з шыршай і ўзбагачальнай пэрспэктывы. Але новыя часы прыносяць новыя выклікі. Раней злучаў баржджэй супраціў падзелу Эўропы і мінуўшчына. Цяпер, з увагі на ўзьнікненьне постмадэрнісцкай, агульнасусьветнай культуры, большую, чымся нацыянальныя адметнасьці, вагу будзе мець досьвед таталітарызму. А для малых нацый, на думку Янчара, спраўджаная ўтопія сярэднеэўрапейскай інтэграцыі будзе адначасна пробай сілаў што да вывальненай культуратворнай энэргіі суседзяў. Славенія, заміж таго, каб быць месцам скрыжаваньня розных інтэлектуальных плыняў, можа стацца «кішанёй Эўропы» . Гэткі кон можа напаткаць і іншыя малыя і сярэднія нацыі. Калі ўтопія была спраўджана, перад літаратурай паўстала новае заданьне — распазнаць Сярэднюю Эўропу як сапраўднасьць. Заміж ідэалізацыі і прыхарошваньня паставіць перад ёй «люстра, у якім яна абачыць свой другі, выродлівы, часта скрыўлены ад нянавісьці, хцівасьці і зайздрасьці твар. Твар ксэнафобіі і кляўстрафобіі, антысэмітызму, нацыянальнай нянавісьці, уціску мяншыняў, як нацыянальных, так і культурных, ня толькі грамадзкіх, але і сьветаглядных» [203]. Таму памкненьне да прызнаньня разнароднасьці, узбагачаючай усіх цыркуляцыі ідэй, перакананьняў і інтэлектуальных плыняў, павінна ісьці ўзапар з крытычнай аўтарэфлексіяй.
Чарговай пагрозай ёсьць культурная ўніфікацыя і ўтрата тоеснасьці. «Амэрыканскі melting-pot не абмяжоўваецца паўночна-амэрыканскім кантынэнтам, ягоная панадлівасьць замыкаецца ў індывідуалізьме, маторы грамадзкага дынамізму. У гэтым няма нічога благога. Праблема замыкаецца адно ў тым, што з культурна-шавіністычнай жывёлы чалавек вельмі борзда можа бязь цяжкасьці ператварыцца ў жывёлу бізнэсу» . Але для яе лякальныя адрозьненьні трацяць значаньне, а агульнапрынятая аднародная культура, якая адзначаецца перасечнасьцяй і правінцыялізмам і ня мае «ні аўтахтонных жаролаў, ні агменяў крызысу» [204], заменіць колішняе, разнастайнае ейнае багацьце.
Іншую пагрозу нясуць зразы культуры, абвешчаныя заходнеэўрапейскімі спадкаемцамі ідэалёгіі Трэцяга Сьвету, а таксама прарокамі постмадэрнізму. Паводле першых, самаідэнтыфікацыя праз культурную прыналежнасьць становіць сабой форму абароны ад спрашчэньняў эўропацэнтрызму, а таксама сьведчыць аб пашане да размавітасьці ўзвычаеньняў. Таму яна абапіраецца на пахвальны дух талеранцыі і антырасізму. Але ці пэўна? Як даводзіць Алан Фінкелькраўт у знакамітай кнізе «Параза мысьленьня» , «вельмі лёгка можна накласьці культурную тоеснасьць на тоеснасьць калектыўную і заняволіць індывідаў ува ўтворанай на подзе паходжаньня групе, не паклікаючыся пры гэтым на законы спадкаемнасьці» [205]. Што ідзе за гэтым — разглядаць кожную культуру як гермэтычную цэласьць, ізаляваную ад суседніх культур, а іхную множасьць прызнаць дзейнікам, які дэтэрмінуе ўсе іншыя. Адны прыхільнікі зразуметай так «шматкультурнай ідэнтычнасьці» шукаюць абгрунтаваньня прымату групы над індывідам у канцэпцыі калектыўнага несьвядомага, адначасна асуджаючы найменшыя нават праявы шавінізму і расавай сэгрэгацыі. Другія радзяць узгадаваньне ў духу рэлятывізму. І тым самым перакрэсьліваюць тое, што ў культуры падлягае гіерархіі і заразом падцінаюць вышэйшасьць эўрапейскай культуры над іншымі культурамі. «Таму (...) рашчыняючы такім чынам культурніцкае ў культурным, яны адным стрэлам дасягаюць дзьвюх мэтаў: не дазваляюць нам захапляцца сабой і лякуюць нас ад імпэрыялізму і ад пляменнага інстынкту, ад веры, што мы ўганараваныя захавальнікі ўнівэрсальнасьці, і ад агрэсіўнага ўвыразьненьня нашай спэцыфікі» [206]. Такім парадкам з культуры і літаратуры зьнікаюць унівэрсальныя элемэнты, а раманы адмяняюцца ў нешта накшталт «архіву» , запіс завядзёнак, вартасьцяў і перакананьняў этнічнай групы. Бо «толькі і вылучна ў навуцы чалавек узносіцца над пэрцэпцыйнымі схемамі, укарэненымі ў ім калектывам, чальцом якога ён ёсьць» , а «ў сфэры ўзвычаеньняў, інстытуцый, вераньняў, інтэлектуальных і мастацкіх здабыткаў — застаецца прыкутым да свае культуры» [207]. Тым самым стаецца немагчымым паразуменьне ў чалавечай супольнасьці, абапёртай на абсалютных вартасьцях, аціхае дыялёг у імя вечнай праўды і пазачасавай харашбы. «Талеранцыя супраць гуманізму» [208]— не адзіны парадокс гэтай ідэалёгіі. Іншы — маскаваны зычлівым зацікаўленьнем — палягае ў непрыязнасьці да прыхадняў звонку, у прагненьні ашчаджаць Эўропу ад чужых уплываў. Больш таго, працягвае свае развагі вучоны, гэта аблудная талеранцыя ў ісьце ёсьць маўклівай пахвалой няволі, паколькі ў імя ўяўнай пашаны да культурнай апрычонасьці і страху быць абвінавачаным у грэху эўропацэнтрызму яна без супраціву акцэптуе ўпісанае ў некаторыя рэлігіі і ўзвычаеньні парушэньне прыроджаных правоў чалавека.
Читать дальше