У гэтым месцы ўзьнікае прынцыповае пытаньне: ці не былі гэтыя ілюзіі насьледкам паняволеньня? Аджа лёгка давесьці, гістарычнае сьведам’е ў роўнай ступені прасякае як польскія, чэскія ці вугорскія раманы, так і расійскія ды нямецкія. Што і ў іх няцяжка знайсьці чысьленыя сьляды грэка-рымскай культурнай спадчыны. Што і там час бяжыць спазматычна. Тады ці няма ў літаратуры Сярэдняй Эўропы тэмаў, якія б адразьнялі яе ад іншых эўрапейскіх літаратур? Я мяркую, што можна выразьніць прынамсі тры такія тэмы. Гэта: непрыняцьцё пэрыфэрыйнасьці, пачуцьцё рухомасьці межаў, а таксама праблематычная тоеснасьць. Першая тэма выводзіцца з больш ці менш прыхаванага комплексу непаўнавартасьці. Пільнай патрэбы давесьці сабе і сьвету, што мы ня горшыя за тых, хто насяляе культурныя цэнтры. Што мы ня нейкія бязродзічы і маем права ганарыцца творамі, якія могуць на роўных супараваць з найлепшымі. Другая тэма ёсьць, відаць, рэфлексам досьведу, які спараджае перабываньне ў прасьцягу шырака зразуметых крэсаў. У сфэры несупыннага осмасу альбо канфліктаў паміж грамадзтвамі, якія легітымуюцца адрознай культурай, асобным абычаём, сваёй рэлігіяй, іншай мовай. Адсюль таксама выплывае, спраектаваная ў больш ці менш аддаленую гістарычную мінуўшчыну, утопія гарманійнага сужыцьця. Наапошку трэцяя тэма. Праблематычнасьць тоеснасьці можна разумець дваяка: яна ўяўляе сабой заданьне, якое трэба разьвязаць і заразом ёсьць нечым толькі гіпатэтычным, устаноўленым на момант, патрабуючым аднаўленьня намаганьняў. А бывае так таму, што працэс самавызначэньня налучае на размавітыя перашкоды. Ён паклікаецца на тыя зразы і сымбалі, якія або цяжка расшыфраваць, або якія нагэтулькі перамяшаныя паміж сабой, што іх немагчыма скласьці ў празрыстую сыстэму. Іншыя яшчэ пагрозы нясе гамагенізацыя, сьпярша праводжаная таталітарнай сыстэмай, якая пасьлядоўна выгубляе тое, што адзінкавае і непаўторнае, на карысьць ідэалягічнай уявы, абапёртая пераважна, хаця і ня толькі, на амэрыканскіх зразах масавае культуры. Безумоўна, ступень пагрозы з боку гэтай апошняй непараўнальна меншая. Аджа яна не валодае формамі рэпрэсій і не аказвае такога гнятлівага, як таталітарная сыстэма, націску. Гэтай пагрозы нельга, аднак, недаацэньваць.
* * *
Ці так наснуджаная літаратура Сярэдняй Эўропы можа даць годны адказ выкліку новых часоў, калі ўжо збураны бэрлінскі мур? На першы пагляд, усё прамаўляе за гэта. Пагатоў, што ўжо няма адзінай культуры з выразьлівым цэнтрам, зьменлівасьць разнастайна зразуметых межаў стаецца собствам усёй плянэты, а з устанаўленьнем собскай тоеснасьці эўрапейцы маюць такі ж самы клопат, як азіяты і амэрыканцы. Аснавасяжную розьніцу паміж захадам і цэнтрам Эўропы, аднак, не ўдаецца так лёгка прадухіліць. Працэс карпатлівай рэканструкцыі зьнішчаных таталітарызмам зразаў сутыкаецца тут з радаснай і бесклапотнай іх дэструкцыяй. Настальгія за ўтрачаным кшалтам — із стомленасьцяй формамі культуры, якая нібыта ўжо высілела свае магчымасьці. Спробы ўваскрасіць своеасаблівую адмену мэсіянізму — з канчальным адыходам як ад асьветніцкіх, так і ад рамантычных традыцый зь іхнай верай у прагрэс, разумны парадак гісторыі, неабмежаваныя магчымасьці рэвалюцыйных зьменаў. І ўсе гэтыя намаганьні, трэба дадаць, нібы затрымоўваюцца на палове, напару нязграбна, кароткачасова, выбухаючы фаервэркам адразу пасьля здабыцьця свабоды, каб згаснуць у шэрай імгле посткамунізму.
Гэтыя собствы, якія, здавалася б, абяцаюць сярэднеэўрапейскай літаратуры вывальненьне ад нязноснай правінцыйнасьці і шанцы на ўнівэрсальнасьць, досыць парадаксальна аказаліся анахранічнымі. Поймы пэрыфэрыі, мяжы і тоеснасьці маўкліва заклалі парадак, разрозьненьне і гіерархію, і якраз яны былі паглумленыя разам із стаўляньнем пад сумлеў самой ідэі Сярэдняй Эўропы. Сьмяротны ўдар нанесла ёй вайна ў колішняй Югаславіі, незалежна ад таго, як разглядаць гэты канфлікт — у гістарычных, палітычных ці культурных катэгорыях. Як піша Драга Янчар: «Югаславія ўяўляе сабой найбольш хаатычную частку Эўропы. Я мяркую, што гэты хаос нельга апанаваць. Таму — можа, я троху перабольшваю — што ў ёй бачаць мэтафару глыбокага хаосу, які агортвае ўвесь сьвет, усе адварочваюцца ад яе. Гэты зьлепак культур, цывілізацый, рэлігій, бізантыйскіх, каталіцкіх і эўрапейска-нацыяналістычных інгрэдыентаў адлюстроўвае хаос сьвету, ад якога лінеарныя, парадкуючыя гэты сьвет розумы адварочваюцца з адгаворкай: гэтага я не разумею» [199].
Читать дальше