Дыскусія над Сярэдняй Эўропай не абмяжоўваецца такога роду адзінкавымі выправамі на маладасьледаваны і троху экзатычны прасьцяг. Што цікава, яна зыходзіцца ў часе ці нават стаецца свайго роду каталізатарам рэфлексій над усёй эўрапейскай спадчынай. І ў гэтых рэфлексіях сярэднеэўрапейскія інтэлектуалы адыгралі значэнную ролю. Напрыклад, падчас сэсіі ў Кастэль Гандольфа ў 1987 годзе пад назовам «Эўропа і што з гэтага вынікае» [182], дзе была разгледжана ў тым ліку праблема хрысьціянскай генэалёгіі эўрапейскай культуры, стаўленьня Эўропы да ісламу, унівэрсалізму і эўропацэнтрызму, голас палякаў прагучэў досыць характэрным чынам. Лешак Калакоўскі зьвярнуў увагу на драмаючы ў хрысьціянстве таталітарны патэнцыял, Чэслаў Мілаш горкім прывілеем сярэднеэўрапейца назваў тое, што мяжу паміж праўдай і маной, дабром і ліхам ён праводзіць згодна з сваім беспасярэднім досьведам, а Яцэк Вазьнякоўскі галоўную пагрозу эўрапейскаму «адзінству ў шматстайнасьці» ўгледзеў у «грамадзкай атамізацыі» і ў «татальным або таталізуючым уніфармізьме» [183]. А ў выступе Кшыштафа Помяна ўся гісторыя Эўропы прадстала як адмежаваныя распадам тры ейныя задзіночаньні: першае — у сярэднявеччы, на руінах Рымскай імпэрыі, другое — у XVIII стагодзьдзі, абапёртае на навукова-гістарычную культуру й зыніцыяванае Рэспублікай Вучоных, і трэцяе, што дзеецца цяпер. Няцяжка зацеміць, колькі і гэтая канцэпцыя сіляе зь сярэднеэўрапейскага досьведу, будучы яшчэ адной спробай знайсьці нашае месца ў эўрапейскай супольнасьці.
У жаданьні наноў і йнакш асэнсаваць злучво эўрапейскай гісторыі, а таксама расшыфраваць кіруючыя ёй мэханізмы Помян, зрэшты, не адзіны. Надзвычай цікавым прыкладам гэтага ёсьць кнігі двух французаў: Эдгара Морына «Думаць: Эўропа» і Жан-Мары Дамэнака «Эўропа: выклік для культуры» . Мор’ін робіць высновы з расчараваньня заходніх інтэлектуалаў марксізмам. І таму, прадстаўляючы гісторыю Эўропы, у месца канфлікту клясаў ён устаўляе — сягаючы да Бахціна — дыялягічнасьць, а ў месца дыялектычнага матэрыялізму — часткова паклікаючыся на гістарыязафічную канцэпцыю дэ Віко — канцэпцыю «віру» . На ягоную думку: «У эўрапейскай культуры важнымі ёсьць ня толькі праводныя ідэі (хрысьціянства, гуманізм, розум, навука), але гэтыя ідэі разам із сваімі супрацьлежнасьцямі. Эўрапейскі гені замыкаецца ня толькі ў плюралізьме і зьменах, але таксама ў дыялёгу плюралізмаў, які вытварае зьмены. Ён замыкаецца не ў прадукаваньні новага як таковага, а ў антаганізьме старога з новым (...). Інакш кажучы, у жыцьці і станаўленьні эўрапейскай культуры важнае значаньне маюць апладняючыя сустрэчы размавітасьцяў, антаганізмаў, канкурэнцый, узаемадапаўненьняў, гэта значыць, якраз іхная дыялёгіка. Якраз яна ёсьць вытворцам-вырабам «вірлівага» суплёту, у якім кожны элемэнт ці момант ёсьць адначасна прычынай і насьледкам усяго суплёту, які перарастае ў туманную сьпіраль. Дыялёгіка — гэта якраз карэнь эўрапейскай культурнай тоеснасьці, а ня той ці іншы зь ейных элемэнтаў або момантаў» [184].
Новае эўрапейскае сьведам’е нараджаецца, паводле Морына, з адкрыцьця супольнасьці наканаваньня. Сярэдняй Эўропе пры гэтым прыпадае асаблівае месца. Ейная сустрэча з таталітарызмам надала перажываньню супольнасьці кону сілу і глыбіню, якіх дарэмна шукаць на Захадзе. Заходнім інтэлектуалам, у сваю чаргу, заняпад ідэі сацыялізму нанаў адкрыў значаньне дэмакратыі, «дабрадзейства плюралізму і антаганізму» . Пры гэтым надыходзіць паказальны зрух у гіерархіі вартасьцяў. Морын кажа, што «зварот да думкі, якая сьмела супрацьстаіць небыцьцю — вось жывая праява нігілізму, канчальны прадукт прыгодаў эўрапейскага розуму, канчальны насьледак утраты фундамэнтаў, канцавое вязьмо шалёнай пагоні за першай аксіёмай. Тут, але толькі пры ўмове, што будзе заключаны хаўрус з крытычнай рацыянальнасьцю, эўрапейскі нігілізм вучыць нас супрацьстаяць няпэўнасьці і страху ад наканаваньня» [185].
Заданьне, якое нас чакае, кажа Морын, — выйсьці за нацыю і за правінцыю. «Мы жывем аблудай, што тоеснасьць — гэта непадзельнае адзінства, дарма што гэта заўсёды unitas multiplex. Мы ўсе ёсьць істамі з чысьленнымі тоеснасьцямі ў тым сэнсе, што спалучаем у сабе фамільную, лякальную, рэгіянальную, нацыянальную, наднацыянальную (славянскую, германскую, лацінскую) тоеснасьць і, у сьцягу прылучаёў, рэлігійную і дактрынальную тоеснасьць» [186]. Гэныя тоеснасьці могуць уступаць у канфлікт, але могуць быць таксама формай нутранога ўзбагачэньня. Загэтым эўрапейская тоеснасьць павінна стаць ня толькі часткай плянэтарнай тоеснасьці, але таксама пэўнай ейнай мадэляй, якая лучыць ідэю мэтанацыі з ідэяй правінцыі.
Читать дальше