* * *
Сілкаваны настальгіяй, летуценьнем або сукрытымі комплексамі, дыялёг выгнанцаў зь Сярэдняй Эўропы не заглух у пустцы, наадварот — ён выклікаў на Захадзе надзвычай жывы рэзананс. Прамовіла пачуцьцё сукрытай віны? Настальгія за ўстойлівым сэнсам? Прагненьне самасьцьвярджэньня? Як бы там ні было, заходнеэўрапейскія інтэлектуалы і пісьменьнікі проста навыперадкі бегалі адзін за адным, каб узяць удзел у дэбатах. Уборзьдзе, зрэшты, яны набылі форму міжнародных канфэрэнцый, падчас якіх — зазвычай адныя і тыя ж удзельнікі — заўзята разглядаюць размавітыя гістарычныя, палітычныя, гаспадарчыя, культурныя аспэкты жыцьця ў гэтай частцы кантынэнту. Сярэдняя Эўропа стаецца ў пэўным сэнсе моднай. Ейная адметнасьць і апрычонасьць выявілася ня толькі ў словах, запісаных дысыдэнтамі, але і ў штодзённым жыцьці насельнікаў дзяржаваў, захінутых зялезнай заслонай, як у пакутнай праўдзе палітычных рэалій, так і ў кампэнсацыйнай гістарычнай фікцыі.
Добрым прыкладам гэтага ёсьць ведамае эсэ Цімаці Гартана Аша з вымоўным назовам «Ці існуе Сярэдняя Эўропа?» [172]. Абапіраючыся на эсэ Гавэла, Міхніка і Конрада, аўтар выкрывае мітатворныя схільнасьці ў мысьленьні ўсходнеэўрапейскіх дысыдэнтаў, замоўчваньне імі цяжкіх і далікатных праблем, напрыклад, стаўленьня да Нямеччыны і нацыянальных меншасьцяў, ён даходзіць да высновы, што «кожная спроба прэпарацыі нейкай супольнай сярэднеэўрапейскай «эсэнцыі» гісторыі прыводзіць толькі да абсурдных спрашчэньняў або безьзмястоўных абагульненьняў» , а само паймо немагчыма абараніць як «сьведчаньне супольнай гісторыі» [173]. Тым самым яно зводзіцца ў ісьце да паставаў, ідэяў і вартасьцяў, выведзеных незалежнымі інтэлектуаламі з досьведу жыцьця ў камуністычнай сыстэме. Набор прынцыпаў надзвычай просты і, няма сумлеву, годны павагі. Гэта «імпэратыў жыцьця ў праўдзе, адмаўленьне ад усілства, барацьба за грамадзянскую супольнасьць» [174]. Але якую карысьць могуць атрымаць з гэтага заходнія інтэлектуалы? Паводле Аша, развагі апазыцыянэраў не зьмяшчаюць надта шмат новых ідэяў, але яны могуць паслужыць ключом да мэханізмаў таталітарызму. «Яны ёсьць ідэалягічнай вакцынай, якая аказвае збавенны ўплыў на існыя ў Заходняй Эўропе рухі за мір. Яны становяць сабой годны перайманьня прыклад маральнай адказнасьці і асабістай адвагі. Яны нагадваюць, што «ідэі і словы маюць вагу» [175], і таму да іх нельга легкаважка падыходзіць і імі злоўжываць. Няцяжка зацеміць, што ў гэтых меркаваньнях трапнасьць назіраньняў ідзе ўзапар зь незнаёмасьцю рэалій, а таксама схільнасьцю да празьмерных абагульненьняў. Зь іншага боку, усё часьцей чуецца — напару яшчэ і агучанае прадстаўнікамі розных арыентацый — перакананьне, што на гэтым забытым прасьцягу перахаваліся тыя вартасьці эўрапейскай культуры, якія на Захадзе былі або зруйнаваныя, або адкіненыя.
Але, як было сказана, для заходнеэўрапейцаў Сярэдняя Эўропа перастае паступова быць адно грамадзка-палітычным праектам або зямлёй, па якой ходзяць белыя мядзьведзі. Вельмі цікавым сьведчаньнем з гэтага гледзішча ёсьць запіскі Ганса Магнуса Энцэнзбэргера, які наведаў Польшчу ў 1986 годзе. Быстры і праніклівы назіральнік, не спабыты сымпатыі да палякаў, ён фіксуе наўперад кантрасты і парадоксы. Ён адведвае малыя і вялікія месты, бярэ ўдзел у патрыятычных імшах, бывае ў інтэлігенцкіх дамох, размаўляе з Тадэвушам Ружэвічам і Рышардам Капусьціньскім. Гэта як фатаграфія, на якой быў схоплены гэны пэрыяд з усім яго патасам і сьмяхотнасьцю. Але ейным нэгатывам ёсьць як адметнасьць грамадзкай і культурнай асноведзі, так і розьніца ў мэнтальнасьці і сьветаглядзе. Прадстаўнік народу, які «сваю гісторыю высадзіў ў паветра» [176], за галоўную рысу палякаў уважае «маніякальную сузіральніцкую памяць» [177], а адбудову Варшавы называе «свайго роду донкіхоцтвам у гераічных танах» [178]. Жыхар краіны, якую характарызуе «непахісная гегемонія middle class» [179], ён зь зьдзіўленьнем канстатуе, што ў Польшчы ніхто не падцінае прывілеяванай пазыцыі інтэлектуальнай эліты. Прагматык і былы «левы» , расчараваны ў сваіх ранейшых паглядах, ён дзівіцца польскай здольнасьці ператрываньня, але ганіць празьмерную перавагу нацыянальнай пыхі і пачуцьця гонару над здаровай развагай. Чалец дазваньня сэкулярызаванага грамадзтва адцямляе: «Патрыятызм і рэлігія твораць гэтта містычную амальгаму» [180]. Вандроўка ў прасторы, і да таго ж неаддаленай, тады аказваецца падарожжам у часе, зрушэньнем гісторыі Эўропы — у іншыя эпохі, пройшлыя ўжо фазы цывілізацыі. Не абавязкова, аднак, у бок своеасаблівай рэзэрвацыі, здольнай адно сьмяшыць і расчульваць. Бо, на думку Энцэнзбэргера: «Эўропа патрабуе Польшчу. — Нават на вашыя абмылы ёсьць пільная патрэба» [181].
Читать дальше