Эўрапейская тоеснасьць як вартасьць, залежная ад нацыянальных культур, хаця сама і ня будучая культурай, будзе адказам на найважнейшыя выклікі эпохі, выходзішчам цывілізацыйных чаканьняў і грамадзкай палітыкі. Абапёртая на супольнасьці кону, яна можа стаць падставай інтэграцыйных захадаў. Настрою зьняверанасьці, які суправаджае адыход у мінуўшчыну нацыянальнай дзяржавы, Дамэнак супрацьстаўляе праект Эўропы розумаў і Эўропы грамадзянаў. Эўропы, якая, выкарыстоўваючы патэнцыял кожнай нацыі, можа дзейсна адказаць на паўсталыя перад ёй выклікі ў сфэры грамадзкай палітыкі, экалёгіі, а таксама культурнай інтэграцыі, якая вядзе да новага рэнэсансу. Ён бачыць шанец на згасаньне шмат якіх гістарычных, ідэалягічных і рэлігійных канфліктаў у патрэбе паклікацца на адныя і тыя ж вартасьці. Але адыход ад нацыянальнай дзяржавы да палітычнай структуры без гістарычнага прэцэдэнту прыводзіць да таго, што ў заходняй думцы адчуваецца нястача тэарэтычных падставаў для адбыванай эвалюцыі. Адныя галасы — з сарказмам зацямляе францускі думаньнік — якія можна ўчуць у гэтай пустцы, даносяцца да нас зь Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы: гэта перасьледаваныя дысыдэнты, якія не баяцца вымавіць слова «свабода» . Палякі, чэхі, вугорцы і цэлыя легіёны вялікіх сьведкаў Гулагу... Жудасны парадокс: подаў існаваньня супольнай Эўропы, а гэтаксама ейнай душы, нам трэба шукаць вонках Эўропы дванаццацёх» [193]. Таму неабходна зьвярнуцца да традыцыі дзевятнаццатага стагодзьдзя, сіляючы зь яе ідэю неадасабленьня самасьцьвярджэньня індывіда ад кону супольнасьці. Паводле Дамэнака, рэцэпт для Эўропы будучыні — гэта развой сярэдніх местаў, раўнавага паміж правінцыяй і цэнтрам, а таксама разгляд узаемінаў цэлага і часткі не ў «катэгорыях ссумаваньня і інтэграцыі» , а «ў падвойнай пэрспэктыве: цэлае залучана ў частцы, а частка ў цэлым» [194].
* * *
Як відаць, адной з найбольш адметных рысаў ідэі Сярэдняй Эўропы ёсьць тое, што нарадзілася яна ў фантазіі і сэрцах пісьменьнікаў-выгнанцаў і існавала пераважна на паперы. Перабывала, калі хочаце, у слове. Зусім як у рамантызьме. Гэта ў вялікай ступені зьясьняе, чаму ейны разлог такі малавыразьлівы і досыць неакрэсьлены. Рамантычны радавод заразом тлумачыць, чаму дагэтуль яна корміцца аднымі і тымі ж крыўдамі і лякамі, жывіць адныя і тыя ж спапярэдлівасьці. Калі славенскі пісьменьнік кажа, што тоеснасьць ягонае нацыі «дзеля нябытнасьці гістарычна-палітычных сілаў пацьвярджалася культурай і літаратурай» [195]— то пад гэтым сьцьвярджэньнем маглі б падпісацца і чэскія, вугорскія і польcкія пісьменьнікі. Але ўжо не — аўстрыйскія, расійскія і нямецкія. Бо ў гэных літаратурах нябытуе такое істотнае пачуцьцё пагрозы. Яснае ўсьведамленьне, што — як пісаў Мілан Кундэра — нацыянальная экзыстэнцыя стаіць пад знакам запытаньня [196]. Бо малая нацыя ўсьведамляе факт, што можа чыста зьнікці. Яна бярэ ўдзел у эўрапейскай гісторыі, але ёй наканавана роля аўтсайдэра і ахвяры.
Ці можна тады вылучыць у гэтых літаратурах тое, што становіць сабой у іх, так бы мовіць, экстракт сярэднеэўрапейскасьці? Такія спробы рабіліся шматкроць, але сама іх шматлікасьць схінае да роздуму. Бо, з аднаго боку, памкненьне да самавызначэньня ёсьць выяўна артыкуляванай патрэбай прызнаньня сваёй самабытнасьці, выняткавасьці і арыгінальнасьці. З другога — у іх досыць парадаксальна падкрэсьліваецца, што гэтыя літаратуры становяць сабой інтэгральную частку літаратуры Захаду. У гісторыі літаратур — што, можа, становіць сабой чарговы довад іх рамантычнай генэалёгіі — аўтары шукаюць галоўна пацьверджаньня сваіх дыягназаў сярэднеэўрапейскай мэнтальнасьці. І там таксама знаходзяць апірышча, мяркуючы, што гэта адзіная сфэра, у якой не раздаюцца воклічы этнічных нянавісьцяў і аціхае бразгат зброі. Дзе існаваньне эўрапейскай культурнай спадчыны такое ж натуральнае, як паветра. Даніла Кіш нат цьвердзіць, што адрознай рысай паэтыкі сярэднеэўрапейскага пісьменства ёсьць «іманэнтная прысутнасьць культуры» , што выражаецца ў багацьці і разнастайнасьці рэмінісцэнцый, алюзій і ў пераасэнсаваньні матываў і сымбаляў міжземнамор’я. Паводле Мілаша, гэткай рысай ёсьць «сьведам’е гісторыі» , якое абумаўляе ўчынкі герояў і зьмяняе кансыстэнцыю бэлетрыстычнага часу. У адваротнасьць ад заходнеэўрапейскай літаратуры, дзе «час нэўтральны, бясколерны, бязважкі, плыве без зыгзагаў, без імклівых выгінаў, стромкіх парогаў» , у пісьменьнікаў зь Сярэдняй Эўропы ён «інтэнсіўны, спазматычны, поўны неспадзяванак» [197]. Бо гісторыя гэтта сузіраецца вачыма сьведкаў або ахвяраў, прыходзіць звонку і зьнянацку. Зьнішчальная, як стыхія, няўрымсьлівая, як паліцыя таталітарнай дзяржавы. Якраз гэта прыводзіць да таго, што мяжа, якая аддзяляе дабро ад ліха, застаецца выразьліва праведзенай, а праўда, годнасьць ды мэтафізычны элемэнт у людзкіх душах захоўваюць сваё даўнае значаньне. Іншымі словамі, літаратура Сярэдняй Эўропы перахавала з эўрапейскай спадчыны тое, што найкаштаўнейшае ў ёй, і што на Захадзе было зглумлена, забыта або занядбана. Для Кундэры гэткім найкаштаўнейшым спадкам заходняй літаратуры, упаасобку францускай, ёсьць думка і літаратурныя зразы асьветніцтва. Карацей кажучы, гэты ўяўны сярэднеэўрапейскі літаратурны экстракт ёсьць зазвычай гіпастазаваньнем собстваў літаратуры адной нацыі або характэрных для аднаго твору рысаў. Наколькі ілюзорнымі бываюць такія спробы, паказвае нарыс Барбары Таруньчык, якая важыцца шукаць духу Сярэдняй Эўропы ў творах супрацаўнёў «Zeszytуw Literackich» [198].
Читать дальше