Мабыць, і ў гэтым месцы варта спаслацца на сярэднеэўрапейскі досьвед. Аджа ён як бы выяўляе нэгатыўны бок канцэпцыі Морына. Бо дзе больш, як не на гэтым прасьцягу, выгубляльны вір уцягваў цэлыя народы? Дзе дыялёг перарастаў баржджэй у бурлівую спрэчку і ходаньне? І дзе больш балюча былі адчутыя насьледкі стагодзьдзя ідэалёгій і фальшывых мэсіянізмаў? Але для сярэднеэўрапейцаў ідэя мэтанацыі магла б быць збавенным лекам ад хваравітага нацыяналізму, а трактаваньне Эўропы як правінцыі сьвету магло б вылекаваць іх ад комплексу перабываньня наўзбоч гісторыі. Адылі, ці мусіць гэта адбывацца пад знакам Ніцшэ? Ці сапраўды гераічны нігілізм ёсьць адзінай зразай на будучыню?
Дамэнак, палемізуючы з Морынам, робіць большы націск на энэргетычныя, а не дыялягічныя, собствы эўрапейскае культуры, на ейную здольнасьць да самаператварэньня. Як ён адцямляе: «Гісторыя — гэта не давяроная праўда, ні цалком ужо змрочная сапраўднасьць. Гэта перадусім спосаб, згодна зь якім культура трактуе прошлыя падзеі, каб на гэтым подзе аналізаваць сваю цяперычыню і плянаваць будучыню» . Бо няма адной эўрапейскай культуры, а ёсьць культура Эўропы, сілу якой вызначае адметнасьць кожнай нацыянальнай культуры. Эўрапейская культура існавала, гэта праўда, але толькі «ў кароткіх проблісках, зь якіх найпазарчэйшым была фаза юдэа-чэска-германскай культуры ў 1880–1930 гадох» [187].
Але пярэйсьце ад нацыянальных дзяржаваў да Эўропы як культурнай супольнасьці налучыць на шмат замінаў. Адной зь іх ёсьць ўзрост своеасаблівага фундамэнталізму, які на Захадзе выражаецца ў апэляцыі да рэлігійнай і этнічнай тоеснасьці як адатруты на масавую касмапалітычную культуру. Дамэнак бароніць ідэю нацыянальнай дзяржавы, але разумее яе як супольнасьць, абапёртую на сувэрэнным рашэньні індывідаў, што ўтвараюць яе. На ягонае перакананьне, толькі так зразуметая ідэя становіць сабой процівагу як ізаляцыянісцкім памкненьням малых групаў, так і тэндэнцыі да ўніфікацыі ў Эўропе культуры і эканомікі. Як тады шукаць эўрапейскую тоеснасьць? Пэўна, ня так, як шукалася нацыянальная тоеснасьць, не спалучаючы яе з нацыяналістычнай і расісцкай ідэалёгіяй.
Эўрапейская тоеснасьць павінна быць пакліканьнем, а не дэтэрмінантай. Тымчасам, зацямляе Дамэнак, працэсы ў цяперашняй Эўропе выражаюць патрэбу ўкараненьня і заразом нястачу зацікаўленьня культурай суседзяў. Утвараецца Эўропа без гістарычнага сьведам’я. Заміж Эўропы гуманістых — Эўропа масаў, зацікаўленых адно тэхнікай і эканомікай. Прыклад Францыі сьведчыць, што пад пагрозай апынілася і адметнасьць, і ўнівэрсальнасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці. Яна падлягае ўціску амэрыканізацыі, паколькі не ўзумела перайсьці ад культуры элітарнай, шанаванай вонках Францыі, да культуры масавай. «Амэрыканская культура для сёньняшняй месцкай папуляцыі ёсьць (...) нечым натуральным чынам унівэрсальным, бо яна адлюстроўвае адпаведнасьць індывідуальнай творчасьці з агульнай сытуацыяй» [188].
Загэтым узьнікае асьцярога, што ў грамадзтве, узвычаеньні і мэнтальнасьць якога фармуюцца здабыткамі тэхнікі, традыцыйная культура ня здолее ператрываць. Фундамэнталізм, сутаргавае трыманьне за анахранічную традыцыю шмат не абяцаюць. «Памяці не дастаткова, каб захаваць лучнасьць із сваёй зямлёй, з собскай мінуўшчынай. Патрэбна яшчэ воля расшырэньня гарызонтаў і ахвота перажываньня новых прыгодаў» [189].
Павучальнай у гэтым сэнсе ёсьць, паводле Дамэнака, навука Сярэдняй Эўропы. Пры гэтым ён мае наўвеце культуру Вены, творцамі якой былі жыды, «што становіць сабой яшчэ адзін довад на карысьць таго, што не ўкараненьне, а выкараненьне аказваецца плённым у крытычных часох» . І якраз «гэты юдаізм (пераважна антырэлігійны і асыміляваны) быў апошняй перамогай Эўропы, сапраўды вернай сваёй культуры, якая — перш як яе зьнішчыў фанатызм — дала сьвету ключы ад новай цывілізацыі» [190]. Дамэнак, што зьдзіўляе, гаворыць аб усёй Эўропе словамі, пад якімі маглі б падпісацца колішнія абароньнікі ідэі Сярэдняй Эўропы: «Эўропа ні геаграфічная прастора, ні гістарычная субстанцыя. Гэта перадусім духовая прастора: злучво хрысьціянізаваных земляў, якія перанялі патройную спадчыну юдаізму, Грэцыі і Рыму» [191]. Галоўная вартасьць гэтай культуры ў «пацьверджаньні, паглыбленьні і ўдасканаленьні чалавечай асобы ў ейнай непаўторнасьці, у ейнай харашбе і правах» [192]. У подзе эўрапейскага духу ляжыць здольнасьць перасягаць абмежаваньні і несупынна стаўляць пад сумлеў собскія структуры. Яна можа аказвацца небясьпечнай, як гэта паказалі сусьветныя войны, але адначасна ёсьць жаралом ейнага пастойнага адраджэньня. Карацей кажучы, стан крызысу ёсьць у Эўропе не часовым забурэньнем, а пастойным станам.
Читать дальше