Я пісаў пра Ўладка Рыньцу ў «Роднай Эўропе» , называючы яго літарай W., але ўзноў вяртаюся да яго, бо насамрэч ён мне імпанаваў, і я дагэтуль стараюся зразумець, як ён гэта ўсё рабіў. Пасьля вайны ён заснаваў, як і плянаваў, выдавецкую фірму і стаўся б напэўна лідэрам выдавецкага рынку, аднак неўзабаве прадпрыемства было згорнутае ў рамках барацьбы з прыватнай ініцыятывай. Тады ён стаў адвакатам і спэцыялізаваўся ў справах спадчын, у тым ліку і амэрыканскіх, карыстаючыся тым, што дзякуючы сувязям зь «віленскай групай» мог даставаць пашпарты на замежныя падарожжы.
* * *
Абвінавачваньне Мацкевіча паводле палітычных крытэраў не вядзе далёка. Так, ён быў маньякам, донкіхотам, утапістым, але, тым ня менш, гэтая палітычная пасія сілкавала ягоны пісьменьніцкі талент, які быў строга рэалістычным і адначасна хацеў служыць, ці, калі інакш, быць літаратурай на злобу дня. Апошняе паходзіла зь ягонай сумленнасьці і маральнага абурэньня. Ён пастаянна пытаўся: «як гэта магчыма?» і хацеў быць голасам гукаючага ў пустэльні, калі ўсе іншыя маўчалі. На шчасьце, ён ня быў палітыкам.
Апошнія разьдзелы «Ня трэба гучна гаварыць» даюць шанец параўнаць аўры Вільні і Варшавы, як іх адчуваў прыбылы зь Вільні ўлетку 1944 году Мацкевіч. І абраз Варшавы, павар’яцелай, легкадумнай, абыякавай да страляніны дзе-нідзе, пыхлівай ад свайго геройства, вясёлай, бо блізкая перамога, у яго праўдзівы. Для Мацкевіча гэта была бесклапотнасьць дзяцей, якія ня хочуць ведаць, што яшчэ хвіліна, і нічога не застанецца ад іхных забавак, як нічога не засталося ў Вільні.
Мацкевіч, прыехаўшы ў Варшаву, выразіў жаданьне спаткацца з мной і зь Янушам Мінкевічам. Мы правялі доўгую гутарку. Зь ягонага боку гэта было паўтаранае на розныя лады пытаньне «як гэта магчыма?» . І цяпер, калі ясна для кожнага, што заходнія хаўрусьнікі далёка, нічога? Ніякай спробы дамовіцца, хаця б у апошні момант, зь немцамі, якія дазнаюць паразу і ўжо схіляюцца да саступак? Бо цяпер можна было б выдаваць газэту, каб гучна апавесьці праўду аб савецкай акупацыі, зацісканую польскім падпольлем на службе Лёндану, а ўскосна Масквы. Мы слухалі яго зь недаверам, як слухаюць разумова непаўнавартаснага чалавека. І высьмеялі яго. Мы сказалі яму, што ў яго няма ніякага ўяўленьня аб тутэйшых настроях, што ніхто б не супрацоўнічаў з такой газэтай, што калябарантам, Эмілю Скіўскаму і Фэліксу Рыбіцкаму, ніхто не падае рукі, і яго, калі б ён пачаў выдаваць такую газэту, абвінавацілі б у зрадзе. Мацкевіч нічога нам не сказаў аб газэтцы «Alarm» , тры нумары якой былі, відаць, выдадзеныя вясной 1944 году ім супольна з жонкай.
Апавядаючы гэта, я не ўважаю, што павялічваю віну Мацкевіча, які ў гэтым выпадку выяўляўся калябарацыяністым, скуль магло б вынікаць, што такім ён быў і раней. Але не вынікае. Ён быў тады чалавекам, які перажываў роспач, і, можа, роспач яго была большая за Мінкевічавую ці маю, бо мы захоўвалі нейкія надзеі.
* * *
Добра, што я згадаў Уладыслава Рыньцу і яго акцыі ў трохкутніку Вільня—Менск—Варшава, бо яны даюць пэўнае паняцьце аб нечуванай гусьціні і заблытанасьці тамашніх людзкіх лёсаў падчас нямецкай акупацыі. Іхны абраз мусіць запярэчыць польскім уяўленьням, моцна перакручаным патрыятычнай канвэнцыяй. Сапраўднасьць гадоў вайны на гэных тэрыторыях таксама была цалкам прыхавана і перароблена афіцыйнымі гісторыкамі. Гэта факт, што немцы віталіся там як вызваляльнікі, і калі б ня іхнае шаленства, гэтыя народы былі б поўніцай на іхным баку. І абставіны склаліся так, што схема змагароў і калябарантаў ухоплівае ледзьве дробную частку праўды. Гэта была трохбаковая гульня, прычым вялізная бальшыня люднасьці лявіравала, шукаючы бясьпекі ў адных і другіх, а існавалі таксама незалежныя анклявы, нешта накшталт асобных дзяржавак, заснаваных узброенымі важакамі. Веда аб гэтым усім зьмяняла пэрспэктыву Мацкевіча, добра служачы ягонаму аб’ектывізму.
* * *
Раманы Мацкевіча схіляюць да скептыцызму што да літаратуры, несупынна гатаванай ува ўсё іншым соусе, у соусе абавязковай у дадзены момант моды, ідэалёгіі, палітыкі і так далей. Яны вылучаліся жвавай нарацыяй, зацікаўляючы так, што «нельга адарвацца» , і такім чынам адпавядаючы ўсім умовам, неабходным тады, калі раман займаў месца, занятае пасьлей фільмам і тэлевізіяй. Відаць, заўсёды існавала прафэсійная і непрафэсійная літаратура. У любасьці да Мацкевіча ніхто не хацеў прызнавацца і таму, што ён такі літаратурна адсталы, і таму, што ён жудасны рэакцыянэр, але чыталі, ажно іх вушы трашчалі. І, на маю думку, ён пераўзышоў сваіх калегаў па пяры, якія пісалі больш вышуканую прозу. Пераўзышоў мастацкасьцю. Можна ўжыць да іх выказваньне савецкага жаўнерыка: «Французы в шелках, но войну проиграли» (Французы ў ядвабах, але вайну прайгралі). Ягоная проза сьціслая, ашчадная, бачыць тое, што апісвае, і пагатоў краявід ягоных ваколіц. Спасярод вядомых мне польскіх літаратараў ніхто так не пісаў. Але Прус і Жаромскі былі ў параўнаньні зь ім прафэсійнымі літаратарамі. Шарачковы шляхціц, як я яго назваў, з тых упорыстых, пыхлівых, заўзятых маўкліўцаў, пісаў на злосьць. На злосьць усяму сьвету, які чорнае называе белым, і няма нікога, хто наклаў бы вэта. Якраз у гэтай пасіі і сакрэт ягонага стылю.
Читать дальше