Ці павінны былі палякі, у імя вышэйшых дыпляматычных інтарэсаў, удаваць, што яны нічагусенькі немцам ня вераць і дадаць катынскія могілкі да іншых гітлерскіх злачынстваў? Гэта б запатрабавала здушэньня ў сабе маральнага пратэсту, нечалавечай амаль дысцыпліны. Савецкая дзяржава прыкладала велічэзныя намаганьні, каб пераканаць увесь сьвет у сваёй нявіннасьці, і ейныя хаўрусьнікі ўважалі гэта за чыстую манэту або ўдавалі, што ўважаюць, таму палякі заставаліся сам-насам, з праўдай, якую абвяшчалі іхныя ворагі. І хто б паверыў, бо ўсім былі вядомыя іхныя антысавецкія «крыўды» . Вось парадксальнае раўнаньне, годнае філязофскага аналізу.
Нядаўна, адведваючы знаёмых, я выпадкова ўзяў з паліцы тоўстую кнігу амэрыканскага карэспандэнта ў Маскве Гарысана Э. Сэльсбэры «Journey For Our Times» (1983) і натрапіў на ўрывак, дзе адлюстроўваецца падарожжа заходніх дыпляматаў і журналістых у Катынь. Я чытаў гэта, і мяне ледзьве не пацягнула на ваніты:
«Кэці Гарыман жыла ў Маскве з сваім бацькам, цяпер паслом у Маскве. У яе была пасада ў «Office of War Information», і адначасна яна спаўняла функцыі гаспадыні дому, уносячы жыцьцё і весялосьць у банальныя сцэнары. Яна перарабіла банкетную залю пасольства ў корт для гульні ў бадмінтон і знайшла запас старых галівудзкіх фільмаў на страсе. Яны былі такія крохкія, што лопаліся штохвіліны падчас паказу, аднак мы пушчалі іх і так» .
«Кэці была ў Маскве, калі абвясьцілі навіну пра Катынь, і сказала, што хоча паехаць. Расійцы неўзабаве запрасілі яе і Джона Мэльбі, маладога attachй пасольства. Яны падрыхтавалі спэцыяльны цягнік — міжнародныя wagon-lits, вагон-рэстарацыя, абніцаваная чырвоным дрэвам, мноства ікры, шампанскага, масла, белага хлеба, вэнджанай ласосі, букатак, біф-строганаў, катлетаў па-кіеўску — і мы вырушылі, каб пабачыць адну зь вялікіх трагедый вайны» .
«Расійцы адбілі Смаленск у верасьні 1943 году і памкнуліся цяпер запусьціць сваю прапагандысцкую бомбу. Заходнія карэспандэнты былі запрошаныя як частка дэкарацыі. Мне ня думаецца, каб удзел Кэці Гарыман і Джона Мэльбі быў санкцыянаваны палітыкай U.S. Я мяркую, што гэта зьдзеялася як прадыктаваны імгненьнем рэфлекс, дарма што Эвэрэл Гарыман насамрэч бачыў досыць «лёнданскіх» палякаў і калі вярнуўся з Катыні, сказаў мне, што ад пачатку быў перакананы ў тым, што палякі купіліся на нямецкую вэрсію злачынства, і тое, што яму паказалі, умацавала яго ў гэтым перакананьні» .
«Я глыбока ўдзячны савецкаму дэпартамэнту прэсы за арганізацыю гэтай выправы. Гэта была (і застаецца) добрая навука савецкіх мэтадаў. Захапленьне выклікала раскоша гэтага цягніка, зь яго беласьнежнымі пасьцелямі, пярынкамі, духмяным мылам, з ахайна апраненымі афіцыянтамі, раскоша, як для цара» .
«Зрэшты, гэта мог быць адзін зь цягнікоў, прызначаных спэцыяльна для цара. Сядзець у вагоне-рэстарацыі за сталом, поўным бутэлек, хрусталя і срэбра, талерак, на якіх нагрувасьціліся закуски, і з-за ўпрыгожаных карункамі фіранак назіраць побач, на суседняй каляіне, драўляныя таварныя цягнікі, скуль параненыя чырвонаармейцы з галовамі ў крывавых бінтох, рукамі ў гіпсе, ампутаванымі нагамі, прыглядаліся да нас, трасучыся наўкола сваіх печак, было амаль нязносна» .
Аўтар гэтых успамінаў, як і іншыя журналістыя, ня быў перакананы тымі ўяўнымі довадамі, якія ім былі прадстаўленыя. Ён гэтаксама ўстрымаўся ад высновы, хто быў віноўнікам падзеяў у Катыні. Але амэрыканскі пасол у Маскве, Эвэрэл Гарыман, даў сябе пераканаць. А мець амэрыканскага пасла сваім ворагам, безумоўна, адно паглыбляла катастрафічную сытуацыю польскага ўраду ў Лёндане.
Юзаф Мацкевіч бачыў катынскія пахаваньні і напісаў, што ўгледзеў. Ён выпадкова таксама стаўся сьведкам, як адбывалася масавае вынішчэньне жыдоў немцамі ў Панарах, і таксама склаў падрабязны рапарт. І дакуль будзе існаваць польскае пісьменства, гэтыя два запісы жудасьці дваццатага стагодзьдзя трэба несупынна прыгадваць для таго, каб захоўваць меру тады, калі літаратура надта аддаляецца ад сапраўднасьці.
Мацкевіч быў пісьменьнікам-рэалістым, і ў параўнаньні зь ягонай зацятасьцяй у адлюстраваньні «як напраўду было» іншыя варыянты рэалізму выяўляюць сваю бледасьць або фальш. Яму была чужая ўся высокая сафістыка літаратурных дыскусій, і ён не задумваўся над непераадольнай дыстанцыяй паміж словам і сапраўднасьцяй. Як, зрэшты, і над заўсёды прадказальным канцом раману. Старасьвецкі да ўпорыстасьці, ён паслугаваўся мовай як інструмэнтам, не дазваляючы стылю набыць самастойнае існаваньне і атрымаць перамогу над пішучай рукой. Раман і надалей быў для яго «люстрам, пастаўленым на гасьцінцы» , і ён дбаў пра абсалютную вернасьць дэталі.
Читать дальше