Прыкладна ў гэты час выходзяць і два ўласна літаратурныя творы Лема, «Футуралягічны кангрэс» і «Прафэсар А.Доньда» , з сэрыі прыгодаў Іёна Тыхага, якія, так сказаць, кідаюць цень на будучыню нашай цывілізацыі. Канец жа 70-ых гг. азначаецца зьяўленьнем зборнікаў апавяданьняў «Маска» (1976) і «Насмарк» (1976).
На пачатку наступнага дзесяцігодзьдзя выходзяць кнігі «Голем XIV» (1981) і «Бібліятэка ХХІ стагодзьдзя» (1986), якія па сутнасьці зьяўляюцца своеасаблівымі, вельмі змрочнымі эсэ. Іён Тыхі ізноў фігуруе ў якасьці героя двух раманаў Лема — «Лякальнага погляду» (1982) і «Міру на Зямлі» (1987), што таксама ў прынцыпе можна клясыфікаваць не як эпіку, а хутчэй як эсэ. А вышэйзгаданы пілёт Піркс зьяўляецца ў новым аповедзе аб няўдалай спробе кантакту — маецца на ўвазе кніга «Фіяска» (1987).
Такім чынам, творчы дар Лема рэалізоўваўся ў абсягу літаратуры, эсэсістыкі, філязофіі, тэхнікі і тэхналёгіі, а таксама — праўда, у меншай ступені — у публіцыстыцы і драматургіі. Аднак найбольшых посьпехаў Лем дасягнуў у галіне прозы, нечым сярэднім паміж фабульным раманам і эсэ. Суадносіны гэтых двух пачаткаў увесь час зьмяняліся — першая фаза творчасьці Лема мае перадусім прыгодніцкі характар, і доўжыцца недзе да шэсьцьдзясятых гадоў. Пазьней надыходзіць пэрыяд гратэску і адначасова эсэ. А недзе зь сярэдзіны семдзясятых гадоў Лем пачынае пісаць у першую чаргу раманы з акрэсьленай фабулай. Варта адзначыць, што на працягу гэтага этапу адбывалася і эвалюцыя ідэалягічных асноваў сьветабачаньня Лема — ён усё больш схіляецца да пазнавальнага пэсымізму (як прыватную праяву гэтага можна ўважаць яго рашучае змаганьне з прызнаньнем, напрыклад, парапсыхалягічных зьяваў).
Што датычыць тэматычнай парадыгмы творчасьці Лема, то ў ёй таксама можна вылучыць некалькі тэматычных пластоў, своеасаблівых аўтарскіх мікрасусьветаў. Першы зь іх — гэта сьвет пілёта, назіральніка, пасіўнага аб’екта. Гэта пласт першай фазы творчасьці Лема, якая вядомая па постаці пілёта Піркса, найбольш папулярнага пэрсанажа гэтага пісьменьніка. Але сам Лем, здаецца, больш цэніць Іёна Тыхага, гратэскавага, амаль мюнхаўзенскага героя, прайдзісьвета ўсіх магчымых галяктык. Недалёка ад іх знаходзяцца і троху менш знакамітыя Трурль і Кляпаўсіуш, робаты-канструктары. Падчас гэтай фазы адбываецца вялікая праца з мовай, ствараюцца нэалягізмы, базысныя паняцьці. Таму ў тэматычнае кола заканамерна ўваходзіць Установа, Паліцыя, Сьледзтва, міжчалавечы Лябірынт.
Тэма лябірынту прысутнічае і ў наступнай фазе творчасьці Лема, інтэрпрэтацыя якой, на нашу думку, будзе больш адэкватнай на ўзроўні ключавых архетыпаў. Гэта, як мы ўжо казалі, лябірынт, які ляжыць у аснове ўсяго напісанага Лемам, а таксама выпадак. Выпадак (тут цяжка ня ўбачыць уплыву філязофскай сыстэмы Райхенбаха) у рэшце рэшт вытлумачвае ўсё, і нават тое, што выглядае як разумнае дзеяньне. Сюды ж належыць і тэма кантакту. Ужо з самага пачатку Лем скептычна ставіўся да гэтай справы. У «Астранаўтах» цывілізацыя Вэнэры паказана як замкнёная ў самой сабе і варожая любым кантактам. У «Воблаку Магеляна» кантакт не ўдаецца, а ў «Эдэне» ён увогуле немагчымы. У «Салярысе» спроба кантакту таксама не дае памысных вынікаў, і ізноў дарэмнымі будуць спробы «выйсьця зь сябе» ў «Непераможным» , «Голасе Госпада» , «Фіяску» . Тут, здавалася б, за малазначнымі фактамі адсутнасьці кантакту крыецца квінтэсэнцыя духоўнага досьведу ХХ стагодзьдзя: немагчымасьць завязаць кантакт зь нечым іншым, немагчымасьць паразуменьня з уласным лёсам, з трансцэндэнцыяй, з Богам. Лем заяўляе пра свой атэізм, але нягледзячы на гэта якраз яму можна прыпісаць надзвычай інтэнсіўны пошук Бога — нават калі апошні і не існуе.
Можа ўзьнікнуць уражаньне, што творчасьць Лема адбывалася ў разрыве з польскай літаратурнай традыцыяй, і нават больш таго, што паміж імі існуюць антаганістычныя дачыненьні. Гэта слушна толькі часткова, паколькі ў Лема ў польскай літаратуры існавалі папярэднікі (назавем прозьвішчы Жулаўскага і Грабіньскага). Па-другое, зь ёй Лема лучаць і некаторыя выяўленчыя фігуры — гратэск, які вельмі часта прысутнічае ў яго творчасьці і які мае багатую перадгісторыю ў польскай літаратуры (прыгадаем, як непаўторна рэалізавалася гэтая фігура ў творах Станіслава Віткевіча), а таксама структура апавяданьня або, выражаючыся сухой навуковай мовай, дыгрэсіўная прырода нарацыі. Але разам з гэтым нацыянальны вымер занадта цесны для Лема, паколькі ён унівэрсальны пісьменьнік, які творыць у маштабе чалавецтва, жыцьця, сьвядомасьці ці, увогуле, экзыстэнцыі. Таму ў Лема адсутнічае польскацэнтрычнасьць, а яго праблематыка блізкая кожнаму, хто разважаў над такімі агульнымі пытаньнямі, як прырода і межы сьвету, чалавечая кандыцыя, праблема розуму, пазнаньня, існаваньня і атрыбутаў Бога (можа якраз дзякуючы гэтаму прадуктыўным таксама будзе прачытаньне яго творчасьці ў кантэксьце сусьветнай літаратуры: вытокі першай праглядаюцца ў «Эпасе аб Гільгамешу» , у творах Лукіяна, Г. Уэлса, у romans scientifiques Жуля Вэрна і г.д., апрача таго, творчыя канцэпцыі Лема перажылі пэўны ўплыў францускага структуралізму і nouveau roman).
Читать дальше