Сярод апошніх публікацыяў Лема адзначым інтэрвію «Палякі ня ведаюць, што такое дэмакратыя — і таму якая-любя катастрофа магчымая» (Literatura, № 125, 1995, s. 38–39), кнігі «Dialogi, Stanisщaw Lem. T. 1» (Agencja Praw Autorskich i Wydawnictwo INTERART, 1996) «Katar» (Wydawnictwo Literackie, 1998), «Wizja lokalna» (Wydawnictwo Literackie, 1998), «Bomba megabitowa» (Wydawnictwo Literackie, 1999). Сёлета выйшла кніга «Przekładaniec» (Wydawnictwo Literackie, 2000). Здабылі розгалас гэткія апошнія крытычныя артыкулы і працы пра Лема — «Лем сярод іншых» (Twórczość, № 12, 1995, s. 70–85), «Лем і тры эвалюцыі» Малгажаты Шпакоўскай (Konteksty, № 2, 1995, s. 39–47).
У кірунку да Лема. Паслоўе перакладніка
Кампілятарскі жанр біяграфічнай даведкі з элемэнтамі рэтраспэктыўнага агляду, інтрадукцыі ў вялікшы тэкставы масіў, да якога мы прыступаем, мае жорстка дэтэрмінаваную структуру. Як правіла, ён вызначаецца спалучэньнем агульных зьвестак аб жыцьці таго ці іншага аўтара з элемэнтам уласна літаратуразнаўчай рэфлексіі, і было б сьмешна спрабаваць тут нешта зьмяніць.
Вядомы польскі пісьменьнік Станіслаў Лем нарадзіўся 12 лістапада 1921 г. у Львове, у сям’і Самуэля Лема і Сабіны з Вольнэраў, прадстаўнікоў інтэлігенцкага асяродзьдзя. Тут, у Галіччыне, праходзіць усё маленства будучага пісьменьніка, тут жа ён канчае і сярэднюю школу (1939 г.). Пасьля далучэньня Заходняй Украіны да СССР Лем у 1940 г. стаецца студэнтам тамашняга мэдыцынскага інстытуту — але ненадоўга, бо неўзабаве ўжо нямецкія войскі ўваходзяць у Львоў. Змрочны пэрыяд нямецкай акупацыі азначыўся для Лема працай аўтамабільным мэханікам. У 1944 г., пасьля акту вызваленьня Львова ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Лем працягвае навучаньне ў мэдыцынскім інстытуце гэтага гораду. Аднак гэта былі апошнія гады жыцьця пісьменьніка на сваёй малой радзіме — акцыя рэпатрыяцыі польскага насельніцтва ў 1946 г. змушае яго перабрацца ў Кракаў, дзе ён і асядае настала. У Кракаве Лем аднаўляе свае навуковыя студыі — у 1946–1948 гг. ён актыўна займаецца ў тамтэйшым Ягелонскім унівэрсытэце, што заканамерна канчаецца атрыманьнем дыплёму. Разам з тым, менавіта тут пачынаецца новая старонка жыцьця Лема — у яго абуджаецца цяга да літаратурнай творчасьці. Зваротным пунктам тут быў 1946 г. — якраз гэтым годам датуюцца яго першыя публікацыі. Маецца на ўвазе дэбют Лема ў катавіцкім тыднёвіку «Nowy Њwiat Przygod» з раманам «Чалавек з Марса» . Адначасова ён займаецца напісаньнем артыкулаў для спэцыялізаванай мэдыцынскай прэсы, піша рэцэнзіі і фэльетоны, апавяданьні і вершы, супрацоўнічае з часопісам «Їycie Literackie» . А ўжо на пачатку пяцьдзясятых гадоў Лем па сутнасьці стаецца прафэсійным літаратарам. Яго творчасьць знаходзіць шырокі розгалас і прызнаньне — пералічым толькі асноўныя моманты: у 1957 г. Лем атрымлівае прэмію г. Кракава за раман «Нястрачаны час» ; у 1965 г. — літаратурную прэмію ІІ ступені Міністэрства культуры і мастацтва за творчыя здабыткі; у 1973 г. — літаратурную прэмію Міністэрства культуры і мастацтва І ступені за кнігі «Голас Госпада» і «Поўны вакуум» ; і, нарэшце, у 1976 г. — дзяржаўную прэмію І ступені. Сваімі прэміямі яго ўзнагароджваюць і польскія часопісы «Problemy» (1968) ды «Miesięcznik Literacki» (1971). У 1972 годзе Лем уваходзіць у камісію Польскай акадэміі навук «Польшча 2000» , а таксама стаецца сябрам амэрыканскіх таварыстваў «Science Fiction Research Association» і «Science Fiction Writers of America» .
Нейкі час Станіслаў Лем жыў у Вене.
Уплыў творчасьці гэтага пісьменьніка надзвычай магутны. Даходзіць да таго, што касманаўты заяўляюць, што сталі імі дзякуючы кнігам С. Лема. Яго мова, бліскучае майстэрства слова, аказала ўзьдзеяньне на ўсю польскую публіцыстыку.
У чым адметнасьць творчасьці Лема? Рэч у тым, што гэты пісьменьнік па сутнасьці выступае песьняром постіндустрыяльнага грамадзтва. Яго творы з усёй вастрынёй адбіваюць заняпад дагэтулешняй этыкі, паталягічныя зьявы на целе сучаснай культуры. Якраз дзякуючы гэтаму Лем імкнецца адсочваць магчымыя грамадзкія сытуацыі і біялягічныя мадэлі. Да таго ж, тэхналягічная ўсемагутнасьць прыводзіць да поўнага пераасэнсаваньня чалавечага наканаваньня. (Гэта неблагая нагода, каб паспрабаваць даць рэтраспэктыўны аналіз творчасьці Лема.)
Калі ня браць у разьлік ужо згаданых артыкулаў, вершы і «Чалавека з Марса» , то першая кніга Лема не была фантастыкай. «Нястрачаны час» быў напісаны напрыканцы 40-ых гадоў і апісваў мэдыцынскае асяродзьдзе ў апошнія 2 гады вайны і пасьляваенны час. Нягледзячы на гэта, кніга пабачыла сьвет толькі ў 1955 г., бо зьмяшчала ў сабе шэраг невыгодных для ўладаў момантаў.
Читать дальше