С.Л.: Я пісаў аб гэтых рэчах значна больш рафінаваным, лепш аргумэнтаваным і стылістычна прыгажэйшым чынам, чымся тое магу зрабіць тут. Мэтафізычнае паражэнства? Мне здаецца, што ў маштабе міжземнаморскай, сэкулярызаванай культуры галоўнай вартасьцю ёсьць праўда. І гэта безадносна да тых наступстваў, якія яна выклікае. Таксама факт, і як факт мусіць быць прынята да ведама, што існуе культурны рэлятывізм, абумоўлены самім фактам існаваньня мноства культур, многіх рэлігій і нятоеснасьці аксіялягічных сыстэм, якія вызнаваліся асобнымі гістарычнымі фармацыямі. З гэтага рэлятывізму зусім не вынікае, што культуры можна мяняць як пальчаткі. Дзякуючы рэлятывізму мы ведаем, што ніводная рэч ня ёсьць ні немінучай, ні адзінай, таму што людзі немінуча патрабуюць нейкага культурнага гібрыду. Культура — гэта інструмэнт, які тым лепш функцыянуе, чым менш людзі, якія яго «скультуралізавалі» , усьведамляюць, што яны яго стварылі. Санкцыя культуры павінна зьмяшчацца не ў людзкой цямкасьці, а ў трансцэндэнцыі. Тут няма супярэчнасьці. Гэта так, нібыта мы хацелі сказаць, што калі чалавек ведае, што памрэ, то няварта жыць. Мы ведаем, што абавязкова памрэм, але, тым ня менш, ня хочам пераставаць жыць.
С.Б.: Калі б я запытаўся ў Вас — надзвычай сур’ёзна і без іранічных падтэкстаў — аб ступені Вашага ўкладу ў польскую літаратуру, то як бы Вы адказалі на гэтае пытаньне?
С.Л.: Цяпер ён бадай што нулявы. Уклад бывае такім, якім ён вызначаны кампэтэнтнымі спэцыялістамі. Экспэрты, абмяркоўваючы літаратурныя падзеі апошніх трыццацёх, сарака гадоў, ня згадвалі майго прозьвішча. У гэтага дзьве прычыны. Па-першае, да мяне цяжка знайсьці слушны падыход. Я кот, што ходзіць сам па сабе. Для крытыкаў я мог бы нарадзіцца — на шчасьце, гэтага мне яшчэ ніхто не сказаў — у Бразыліі, Новай Зэляндыі, на Вогненнай Зямлі або быць эскімосам. У часы Сталіна аб такіх гаварылі: безродный космополит. Гэтае пытаньне, безумоўна, прынцыповае, бо з пункту гледжаньня навукоўца, што піша гісторыю літаратуры, разьлічаную на замежжа — тады ўсё відаць больш выразна, — неабходна паслугоўвацца пэўнымі адзінкамі, якія заўсёды шырэйшыя, чымся прозьвішчы. Існуюць эпохі, фазы, кірункі, згуртаваньні, плыні і школы. Я нікуды не належу, бо я ніадкуль.
Я мяркую, што інтэгральна належу да польскай літаратуры, але ўся парадыгма маёй творчасьці выходзіць не з рамантызму, не з пазытывізму, а з таго, што ёсьць дваццацістагоднім інтэлектуальным здабыткам чалавецтва. Гэта была несупынная спроба, калі нас залівалі ўсё большыя хвалі сусьветных ператварэньняў, захаваць вызначальнае палажэньне для літаратуры, не патапіць і не загубіць літаратуры, каб яна ня стала толькі сэйсмографам адзінкавых канвульсій духу, які не разумее, што зь ім робіцца. Гэта, безумоўна, ня тая рэч, якую можна аднесьці да пэўнай школы.
Я нядаўна размаўляў з «патрыярхам польскай літаратурнай крытыкі» Янам Блоньскім, які напісаў вялікі агляд літаратурнай творчасьці апошніх дзесяцігодзьдзяў і які шчыра сказаў мне, што не зьмясьціў мяне ў гэтым аглядзе, бо я нідзе не пасаваў яму. Ён заявіў: «Ня бачу для цябе месца» . «Як аб чалавеку магу, як аб пісьменьніку — не» , — дадаў потым. Крытык папросту павінен мець нейкую сыстэму, ён павінен уводзіць таксаномію. Там ня можа зьявіцца пэрсанаж, які напалову шафа, напалову аўтамабіль і ў дадатак мае рысы швейнай машынкі. А яшчэ гэта — род жывёлы. Што ён, бедны, павінен зрабіць? Перадусім ён павінен мець інтэлектуальных продкаў, і тут ужо пачынаецца клопат. Але нягледзячы на гэта Блоньскі — вельмі прыстойны крытык. Калі ён перабываў у Францыі і выйшла ў сьвет «Summa technologiae» , ён тады з энтузіязмам пракамэнтаваў яе ў нейкім часопісе — што ня мела, безумоўна, ніякага значэньня — і напісаў, што гэта, бясспрэчна, літаратура sui generis, але літаратура. Адначасова ён падкрэсьліў, што не патрапіў зьмясьціць мяне ў якім-небудзь парадку. Падобныя закіды, зрэшты, высунуў і Калакоўскі, які раскрытыкаваў «Summu» ў «Twуrczoњci» , а потым даслаў да мяне прыватны ліст, у якім пісаў, што бачыць «бліск першароднай інтэлектуальнасьці» , але гэта чужое яго мэнтальнасьці, і нашыя ўяўленьні аб галяктыцы такія аддаленыя і непераадольныя, што няма да мяне падыходу і крытэраў.
Асобныя кнігі часам атрымлівалі дадатныя рэцэнзіі, але трактаваліся яны так, нібыта нехта прынёс вазон для кветак, але тут невядома, ці гэта ночны гаршчок, каструля з гарохавым супам, плюйніца або прыгожая скульптура. Невядома што! Таму выклікала клопат тое, што я быў няўлоўным і нелякалізаваным. Цяжка было зразумець тое, аб чым ішла гаворка. Сёньня, калі аб «Масцы» піша нейкі заходні прафэсар, то ён сходу заўважае, што гэта кніга аб вольнай волі. Ён папросту адразу ўваходзіць у сапраўдную праблематыку, а не блукае сярод рэмарак, у якіх сам твор адыходзіць на задні плян. Якраз аб гэтым і ідзе гаворка.
Читать дальше