4. Як мне падаецца, я апісаў характэрны ўзор маіх прыватных клопатаў, зьвязаных з асабістым дарам «прадбачаньня» . Ня трэба думаць, нібыта я сьцьвярджаю, што ўсё, што я скажу, адразу (альбо праз 30 гадоў) зматэрыялізуецца, таксама як ня варта меркаваць, нібыта я ўважаю, што мае прагнозы беспамылковыя. Гэта далёка ня так, паколькі як праз паасобныя пункты, экспэрымэнтальна вызначаныя каардынатамі (на восі ардынат і абцыс) на графіку можна правесьці несупынную лінію, якая будзе мець выгляд нейкай крывой (простая — гэта адмысловы варыянт «крывой» , бо яна ёсьць простай), так праз мае розныя прагнозы можна правесьці арыентаваную ў часе і прасторы «крывую» , якая ня што іншае, як толькі вэктар неспадзяваных прагрэсіяў, перанятых ад біятэхналёгіяў жыцьця. Разам з мысьленьнем, бо заўсёды бывае так, што НЕХТА думае, г. зн. індывідуальнасьць ужо дадзеная і залучана ўва ўсім гэтым думальным малоху, што асымптомна імкнецца авалодаць эвалюцыйна ўзьніклымі ведамі (і ў нас таксама зрэалізаванымі).
Можа, некалі некаму захочацца вылучыць з маіх тэкстаў гэтую дзіўную зьяву, якая палягае ў мультыправідэнцыялізьме; я, напэўна, ня буду выконваць гэтага заданьня, паколькі шмат што засталося б па-за ўвагай, як і ўсе яе паасобныя, рассыпаныя ў маіх тэкстах элемэнты. У Расіі некалькі гадоў таму выходзіла малатыражнае, непэрыядычнае выданьне «Тарантога» , і там было досыць шмат абгрунтаваньняў маіх прагнозаў, але гэта было зьмешана з эфэктамі Sсiencе Fiction, якія варта было б адцадзіць. Аднак сам я займацца адцэджваньнем не зьбіраюся: зазначу толькі, што дар, які наканавала мне Прырода, можа зьлёгку раздражняць, паколькі надзвычай часта пры чытаньні навуковых выданьняў я перажываю пачуцьцё, якое называецца «le sentiment du dйja vu» і якое, бывае, зьлёгку цьвяліць.
Тэкст перакладзены паводле: Odra, № 2 (408), 1995.
* У апошнія часы Станіслаў Лем зьвярнуўся да своеасаблівай формы рэфлексіі, прыдуманай аўтарам адумысьля для часопісу «Одра», і якой ён надаў назву «сыльва». Карані гэтага слова сягаюць лацінскай мовы, у якой «silva» азначае як «лес», так і «парк», як «расьліны», так і «множнасьць», як «матэрыю», так і «чарнавыя запісы». Ад чытача ж патрабуецца актуалізаваць «слушнае», на ягоны погляд, значэньне гэтага слова. — Зацем перакладніка.
«Я нікуды не належу, бо я ніадкуль»
Са Станіславам Лемам размаўляе Станіслаў Бэрэсь
Станіслаў БЭРЭСЬ: Скажэце, калі ласка, у якіх галінах навукі Вы адчуваеце сваю кампэтэнтнасьць?
Станіслаў ЛЕМ:Перадусім я мог бы сказаць так: у мяне не найгоршыя веды з галіны біялёгіі, уключаючы сюды і мэдыцыну. Але гэтыя веды досыць агульныя, бо калі б Вы пачалі задаваць мне пытаньні з абсягу заалягічнай сыстэматыкі, то адразу б выявілася, што яны распадаюцца на таксаноміі, бо я ня памятаю ўсіх жгуцікавых і пазванковых. У агульных абрысах, аднак, я ведаю ўсё як трэба. Я досыць добра арыентуюся ў натуральнай эвалюцыі, паколькі маю ўяўленьне аб генэтычным кодзе, аб арганічнай і неарганічнай хіміі, а таксама аб біяхіміі. Я шмат ведаю аб фізыцы, хоць і мушу падкрэсьліць, што пакінуў займацца ёй з таго часу, калі яе канцэпцыі сталі такімі гермэтычнымі і супярэчнымі, а таксама калі наступіла яўная рэакцыя фізыкаў на «нялюдзкасьць матэрыі» , бо яны нарэшце зразумелі, што тут нельга гаварыць аб нечым відавочным, што нельга пабудаваць ніякіх мэханічных мадэляў, а намэнклятура стаецца ўсё больш умоўнай (...).
Я досыць шмат чытаў з галіны касмалёгіі, астрафізыкі, астраноміі і плянэталёгіі. Што датычыць іншых дысцыплін, то я троху арыентуюся ў кібэрнэтыцы, тэорыі інфармацыі, лёгіцы, тэорыі рашэньняў, а таксама спасярод шматлікіх навуковых «дзяцей» кібэрнэтыкі. Але каля дзесяцёх гадоў таму я перастаў займацца імі сыстэматычна. Мяне вельмі цікавіць філязофія, але пра тое, што ёсьць нейкі Фэерабэнд і нейкі дадаісцкі анархізм у тэорыі пазнаньня, мне даводзіцца даведвацца ад сваіх кампэтэнтных знаёмых, якія часам падсоўваюць мне нейкія кнігі. Тое самае датычыць і іншых дысцыплін, напрыклад, псыхіятрыі, дзе адбылася вялікая рэвалюцыя, падобная да сэйсьмічнага зруху. Я няблага арыентуюся ў тэорыі літаратуры, але знаёмства зь ёй адбывалася дзякуючы структуралізму. Калі я наважыўся напісаць «Філязофію выпадку» , я недзе год разьбіраўся ў структуралісцкіх канцэпцыях. Па сваёй наіўнасьці я меншую ўвагу зьвярнуў на старых структуралістаў Праскай школы і чытаў толькі навейшых. Ну і аказалася, што Праская школа структуралізму мела троху іншы кірунак і іншую тэрміналёгію, аб чым я меў цьмянае ўяўленьне — што і ўсьвядоміў падчас дыскусіі ў Інстытуце літаратурных дасьледаваньняў — бо шмат з гэтага мне было невядома, за выняткам, можа, Якабсона. Зрэшты, пазьней я забыўся на бальшыню тых рэчаў. І сёньня ня памятаю дзясятай часткі тых мудрасьцяў, якія я тады ўбіў сабе ў галаву. На шчасьце, у мяне ёсьць мілая здольнасьць забывацца...
Читать дальше