Адзін з галоўнейшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага Полацк атрымаў магдэбургскае права ў 1498 годзе, пры вялікім князі Аляксандру, і гербам яго нездарма стаў «трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі ў блакітным полі, вада сярэбраная».
Па гэтай сярэбранай вадзе ехалі полацкія воіны далёка за мора, ваявалі разам з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам супраць Візантыі, так што яна плаціла даніну Кіеву, Чарнігаву, Полацку і некаторым іншым гарадам. Візантыя — Полацку? Так, было і гэткае. I многае іншае чуў горад: вітанні ў 1495 годзе ў гонар прыезду нявесты князя Аляксандра, дачкі маскоўскага валадара Івана III Алены, і гарматныя стрэлы генерала фон Вендэнау, якому Пётр I загадаў знішчыць полацкі замак падчас вайны са шведамі ў 1705 годзе. Была гвалтоўная высылка полацкіх князёў у 1129 годзе ў Візантыю за вайну супраць кіеўскіх Яраславічаў, і гвалтоўнае далучэнне беларускай уніяцкай епархіі ў 1839 годзе да праваслаўнай царквы Расіі. Было многае.
А Полацк — жыве. Глядзіцца ў ваду Заходняй Дзвіны беласценная Сафія, з якой далёка відаць ваколіцы горада. Запрашаем вас пастаяць каля яе сценаў, паслухаць музыку старажытнасці, і хай нязвыклы ў праваслаўным храме арган раскажа вам пра спалучэнне ў гэтай зямлі хрысціянства і язычніцтва, праваслаўя і каталіцтва, уніяцтва і пратэстанцтва, пра мудрую цярпімасць яе жыхароў.
Вяртацца з Полацка ў Мінск будзем праз Віцебск. Віцебск (летапіснае Відбеск, Вітепеск, Віцьбеск) цесна звязаны з гісторыяй Полацкай зямлі.
Па адных звестках (рукапіс Міхаіла Панцырнага, 1760 г.), горад упершыню ўпамінаецца ў 974 годзе. Старажытнарускі летапіс жа называе 1021 год. Як бы там ні было, горад, канешне ж, існаваў і ў IX стагоддзі — пра гэта гавораць археалагічныя раскопкі, зробленыя на самым старым паселішчы — Замкавай гары.
Як і многія нашыя беларускія гарады, Віцебск атрымаў сваю назву ад ракі, на якой быў заснаваны. Пабудаваны ён на зліцці дзвюх рэк — велічнай Заходняй Дзвіны і Віцьбы. Заходняя Дзвіна ў старажытнасці, як тое сцвярджае Герадот, называлася Рубонам і была вядомая грэкам.
3 гары адкрываюцца далёкія прасторы. Для паселішча было выбрана таксама высокае месца, хаця цяпер яно не выглядае гарою (зрытая яна ў XIX стагоддзі). Пазней селішча назвалі Верхнім замкам, а ніжэй выраслі дамы і забудовы, і тое месца мела назву Ніжняга (успомнім, што Верхні і Ніжні замкі былі і ў старажытным Гродне). У XV стагоддзі сфармаваны пасад і тэрыторыя трэцяга, Узгорскага, замка.
Спачатку ўдзельны горад полацкага князя Брачыслава Ізяславіча (унука Уладзіміра Першаапостальнага, хрысціцеля Русі, і Рагнеды, першай вядомай князёўны Полацка), Віцебск на пачатку XII стагоддзя стаў цэнтрам удзельнага Віцебскага княства. 3 1180 года вядомы віцебскі князь Брачыслаў Васількавіч — з ягонаю дачкою Аляксандрай ажаніўся Аляксандр Неўскі, які шмат разоў бываў тут і нават аднойчы быў сярод абаронцаў горада. У славутай бітве з крыжакамі, дзе ён атрымаў празванне «Неўскі», удзельнічаў наш зямляк Якаў Палачанін — а можа, і іншыя полацкія воі?
Яшчэ адна князёўна — Марыя, дачка князя Яраслава Васільевіча, стала вядомаю ў гісторыі тым, што, выйшаўшы замуж за вялікага князя літоўскага Альгерда, будавала храмы (галоўны з іх — першае каменнае збудаванне ў сучасным Вільнюсе — праваслаўны храм Параскевы Пятніцы). А Віцебск, згодна з «Хронікай Літоўскай і Жамойцкай», яна ж «муром округ обвела с баштами вынеслыми и вежами». Марыя нарадзіла дзяцей, якія змагаліся за спадчыну свайго бацькі з дзецьмі другой жонкі Альгерда, цвярской князёўны Юльяны. Дзеці яе княжылі ў Віцебску: напрыклад, Андрэй Полацкі. Стрыечны' брат яго, вялікі князь Вітаўт, змагаўся за Віцебск з іншымі братамі, Свідрыгайлам і Ягайлам, і сварка братоў прынесла шмат бедстваў віцебскаму люду. Аднак Альгерд застаўся ў гісторыі Віцебска ягоным «добрым геніем» — разам з віцяблянамі ён дапамагаў Пскову ў барацьбе з нямецкімі рыцарамі, тут быў пабудаваны ім першы мураваны палац на Беларусі.
Як і Полацк, Віцебск ужо ў XII стагоддзі стаў буйным гандлёвым цэнтрам, нездарма ён ляжыць на шляху «з вараг у грэкі», ажно да самой Візантыі. Адсюль водныя шляхі вядуць таксама ў Ноўгарад, Смаленск і Пскоў. Гандляваў горад таксама з Рыгай, сведчаць аб гэтым дагаворныя граматы. Напрыклад, у «грамаце князя Гердзеня Вітабскага і Полацкага» ад 22 снежня 1264 года гаворыцца: «... Нямецкаму госцю ў Полацкую (зямлю — прым. аўтара) вольна ехаці і гандляваці, купіці і прадаці, гэтак жа Палачанам і Віцябляніну вольна гасціці ў Рыгу і на Гоцкі бераг". Стагоддзем раней тут быў пабудаваны госцевы двор, дзе іншаземныя купцы маглі і гандляваць, і жыць. Аднак гандаль гандлем, а палітыка палітыкай — у 1410 годзе віцебская харугва прымала вялікі ўдзел у Грунвальдскай бітве і разам з іншымі славянскімі воямі перамагла, што, дарэчы, не спыніла гандлёвых варункаў паміж гарадамі.
Читать дальше