Каля вуліцы Ажэшка зараз існуе плошча Леніна, якая таксама знаходзіцца на месцы былой Гарадніцы. Гэты куточак горада мае таксама свой, арыгінальны выгляд і звязаны, як мы ўжо гаварылі, з імем Тызенгаўза.
Паўкруглая плошча атулена з аднаго боку былым домам віцэ-адміністратара (другая палова XVIII стагоддзя) і былым музычным флігелем, вядомым з 70-ых гадоў XVIII стагоддзя як «крывая афіцына», бо ён мае выгнутую форму. 3 другога боку знаходзіцца былы тэатр Тызенгаўза.
З гэтым тэатрам звязаны імёны «прэм'ера музыкі», таленавітага скрыпача і дыры-жора Л. Сітанскага, які па заданню А. Тызенгаўза быў пасланы ў 1772 годзе ў Еўропу, каб запрасіць у Гродна лепшых майстроў сцэны. I сапраўды — у 1776 годзе ў тэатры працавала ўжо пятнаццаць іншаземцаў, сярод якіх — Дж. Кампанучы, спявачка К. Банафіні, «басіст» Я. Гіблер. Літоўскі падскарбій нават запрашаў у Гродна фран-цузскага філосафа і пісьменніка Ж.-Ж. Русо і браўся аплаціць яму ўсе выдаткі. Балетная трупа тэатра дасягнула да 1779 года высокага прафесійнага ўзроўню і налічвала болей за 30 чалавек, сярод якіх выдзяляўся балетмайстар Г. Петынеці. Ставіліся оперы, балеты, камедыі, сярод якіх «Севільскі цырульнік» П. Бамаршэ, оперы А. Сакіні і П. Гульельмі. У музычным флігелі — «крывой афіцыне» — былі не толькі класы для заняткаў і інтэрнат для навучэнцаў, але таксама даваліся канцэрты, на якія хадзіла гродзенская публіка — вядома ж, з акружэння магнатаў і шляхты. Але навучэнцамі былі дзеці прыгонных сялян і мяшчан. Першай танцоўшчыцай, славутасцю тэатра была Мар'яна Малінская (Малевіч), што нарадзілася каля 1767 года на Палессі, а пасля з прыгоннай стала каралеўскай танцоўшчыцай у складзе Варшаўскай каралеўскай трупы.
Побач з тэатрам існаваў і палац Тызенгаўза, за якім пачынаўся парк (былы Батанічны сад, закладзены вядомым французскім вучоным і медыкам Ж. Жыліберам, які прыехаў сюды з Лондана ў 1774 годзе). Ж. Жылібер — стваральнік і медычнай школы, або акадэміі, якая пабудавана ў 1770 годзе ў стылі позняга барока. Пасля шматлікіх пераробак, асабліва ў XIX стагоддзі, выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.
Батанічны сад — першы ў Рэчы Паспалітай, для якога Жылібер, не шкадуючы сіл, збіраў розныя экзатычныя расліны. Вучоны зжыўся з гэтым горадам, стараўся для яго росквіту, і сапраўды Гродна быў цэнтрам як музычнай культуры, так і навукі. Тут працавалі людзі з усёй Еўропы — балетмайстар Леду, хімік Мюнц, матэматык і астраном Ф. Нарвойш, многія іншыя, тут выдаваліся ў мясцовай друкарні кнігі і падручнікі на лацінскай, польскай і стараславянскай мовах, прамовы дэпутатаў на сеймах, творы Вальтэра і Мальера, газеты, календары.
Гродна памятае ўсіх — прыгонных артыстаў, што стваралі высокія ўзоры мастацтва, вучоных, што тут, у цішы Гарадніцы, узвышалі славу беларускай навукі, а таксама і тых знакамітых уладароў, якія праславіліся ў гісторыі. Напрыклад, Пётр I,— рускі цар, які ўчыніў Беларусі шмат разбурэнняў, быў тут разам з войскам Аўгуста II, польскага караля, абкружаны войскамі шведскага караля Карла XII. Штурм не адбыўся, але рускія пры адступленні затапілі ў Нёмане свае пушкі і ядры (вы бачылі іх у музеі). Памятае горад каралеўскія мануфактуры, на якіх стагналі тысячы нявольнікаў, ствараючы творы мастацтва. Яго любілі каралі, яму зайздросцілі ворагі.
Можна шмат чаго яшчэ паказваць у Гродна. I варта, мабыць, праехаць праз Гарадніцу да новых вуліц горада, аж да Новага маста, каб адтуль, з левага берага Нёмана, глянуць на Каложу. А пакуль аўтобус будзе ехаць міма новых будынкаў, міма ляснога масіва, варта расказаць адну з легендаў пра магутны Нёман — раку, якую ўспамінаюць у сваіх песнях і паданнях многія народы. Пяройдзены Напалеонам у 1812 годзе, як Рубікон, пасля якога прыйшла параза, Нёман цячэ і сёння, як стагоддзі назад, несучы на сабе параходы і лодкі:
«Даўным-даўно з-пад вялізнага каменя, дзе б'е крынічка, нарадзіўся славуты багатыр, якога празвалі Нёманам. Быў ён прыгожы і працавіты. А непадалёк жыла прыгажуня Лоша — лянівая, распешчаная. За што пакахаў яе Нёман — ніхто не ведае, але гулялі вяселле ўсе суседзі — Сула, Уса, Уздзянка, Шчара [ 1 1 Назвы рэчак, якія ўпадаюць у Нёман.
]. Пайшлі будзённыя дні; не хацела Лоша разам з Нёманам працаваць на людзей, выходзіць на шырокія прасторы. I аднойчы цёмнаю ноччу кінуўся ён бегчы ад некалі каханай жанчыны: вельмі хацелася яму знайсці спатолю ў моры!
Прачнулася Лоша, усё зразумела і ўслед за багатыром кінулася. Доўга бегла, пакуль не дагнала яго каля груда пясчанага, дзе цяпер Пясочнае, і кінулася, плачучы, да яго на грудзі. Так зноў злучыліся Лоша з Нёманам, і разам пабеглі да мора...» На Новым мосце і Каложа, і два каралеўскія замкі, і набярэжная глядзяцца па-новаму. I, праязджаючы паралельна рацэ, можна колькі часу глядзець на касцёл і кляштар францысканцаў, якія ўпрыгожваюць сілуэт Занёманскай часткі Гродна.
Читать дальше